Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская падтрымала прыезд амбасадаркі ЗША ў Беларусь. Пра што яшчэ сказалі на слуханьнях у Кангрэсе. ВІДЭА


Сьвятлана Ціханоўская ў Жэнэве, 7 сакавіка 2021
Сьвятлана Ціханоўская ў Жэнэве, 7 сакавіка 2021

У Камітэце па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні ў пытаньні дэмакратычнага руху ў Беларусі і лідэрства жанчын. На онлайн-слуханьнях у якасьці сьведкі выступіла Сьвятлана Ціханоўская, а правёў іх кангрэсмэн Біл Кітынг, кіраўнік падкамітэту па Эўропе, энэргетыцы, навакольным асяродзьдзі і кібэрбясьпецы.

  • Кангрэсмэн Кітынг нагадаў абставіны выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году. Ён адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка відавочна прайграў выбары і ўжыў брутальныя рэпрэсіі, каб утрымацца ва ўладзе. Кітынг падкрэсьліў важную ролю, якую адгрываюць беларускія жанчыны, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, у змаганьні з дыктатурай.
  • Кітынг нагадаў тыя крокі, якія зрабілі ЗША ў падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі, у прыватнасьці прыняты Кангрэсам «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі». Ён падкрэсьліў, што асноўную працу для дэмакратызацыі Беларусі робяць людзі ў самой краіне, а таксама беларуская дыяспара па ўсім сьвеце.
  • Аўтар «Акту аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт адзначыў, што Расея глядзіць на Беларусь з тымі ж намерамі, зь якімі глядзела на Крым і Ўкраіну.
  • Сьміт згадаў шматлікія палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць беларускіх жанчын.
  • Сьвятлана Ціханоўская пачала свой выступ з таго, што хоча даць голас тым беларусам, які дагэтуль працгваюць пратэставаць. Яна прадкрэсьліла, што ніводны прадстаўнік рэжыму не панёс адказнасьці за злачынствы, пры тым, што загінулі ня менш за 8 удзельнікаў пратэстаў. У прыватнасьці, яна расказала пра забітага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага.
  • Ціханоўская расказала пра ўдзельніц пратэсту, назваўшы Ніну Багінскую, Вольгу Хіжынкову і Алену Леўчанку, і тое, як яны пацярпелі ад рэжыму.
  • Яна таксама расказала пра журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову, зьняволеных за сваю працу.
  • «Людзі пакутуюць і паміраюць проста цяпер. Беларусы патрабуюць вашай дапамогі, як ніколі раней», — завяршыла Ціханоўская свой выступ.
  • Адказваючы на пытаньні кангрэсмэнаў, Ціханоўская падкрэсьліла, што Беларусі трэба новыя свабодныя і справядлівыя выбары. Нягледзячы на беспрэцэндэнтны ўзровень гвалту з боку ўлады, людзі працягваюць змагацца, але ім трэба міжнародная дапамога і міжнародны ціск на рэжым, сказала Ціханоўская.
  • Ціханоўская таксама расказала, што яна штодня камунікуе зь людзьмі ўнутры Беларусі.
  • Адказваючы на пытаньне кангрэсмэна Сьміта, Ціханоўская заклікала да большага ціску і да мацнейшых санкцый супраць рэжыму. Яна прапанавала пашырыць сьпісы для пэрсанальных санкцый, найперш за кошт сілавікоў, а таксама ўвесьці санкцыі супраць кампаній, ад якіх Лукашэнка атрымлівае грошы.
  • Яна заклікала амэрыканскіх кангрэсмэнаў патрабаваць вызваленьня зьняволеных журналістаў, падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, беларускія дэмакратычныя каналы на Youtube і Telegram, а таксама мэдыі, якія працуюць у Беларусі, у тым ліку Радыё Свабода.
  • Ціханоўская выказалася за тое, каб амбасадарка ЗША Джулі Фішэр прыехала ў Беларусь і паспрабавала наведаць палітвязьняў і палітычныя суды, каб на свае вочы пабачыць нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня і адсутнасьць закону. Пры гэтым, аднак, вельмі важна, каб Фішэр не ўручала даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку, каб ніякім чынам не спрыяць уражаньню, што той — легітымны кіраўнік, сказала Ціханоўская.
  • Паводле Ціханоўскай, беларусы гатовыя падтрымаць новыя санкцыі супраць рэжыму, нават калі гэта адаб'ецца на іх уласным дабрабыце, бо яны пакутуюць ад дзеяньняў рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG