Попавіч расказаў Радыё Свабода, як сэрбская апазыцыя намагалася перацягнуць на свой бок сілавікоў, чаму актывістам варта чытаць кітайскага стратэга Сунь Цзы і чым змаганьне з дыктатурай падобнае да футболу.
Сьцісла:
- Рэвалюцыя ў Сэрбіі была пасьпяховай, бо апазыцыя аб’ядналася і было шмат стратэгічнага плянаваньня.
- Адбыўся пераход ад проста вулічных пратэстаў да шырэйшай тактыкі адмовы ад супрацоўніцтва — пачаўся агульны страйк.
- Была праца з вайскоўцамі і паліцыяй. Трэба ціснуць на тых, хто робіць злачынствы, але ў той жа час прыцягваць да сябе тых, хто злачынстваў ня робіць.
- Вы пераможаце, толькі калі ідзяце ў наступ.
- Мабілізацыя, як вада, прыходзіць хвалямі. Трэба будаваць арганізацыю, якая зможа падтрымліваць дзейнасьць і несьці каштоўнасьці паміж гэтымі хвалямі.
- Рэпрэсіі — вельмі дарагая цацка. Калі вас большасьць, вы можаце пазбавіць заробку слупы рэжыму.
- Першае, што трэба рабіць, гэта абараняць сваіх людзей.
Чаму рэвалюцыя 2000 году ў Сэрбіі была пасьпяховай
Перш за ўсё, мы шмат чаму навучыліся з нашых папярэдніх памылак за 10 гадоў змаганьня. У нас было шмат стратэгічнага плянаваньня, і вельмі важным было абʼяднаньне апазыцыі.
Другім козырам была стаўка на моладзь. «Отпар» пачаўся як студэнцкі рух і пашырыўся на ўсю краіну.
Яшчэ адзін момант — дакумэнтаваньне фальсыфікацый на выбарах. Ад 1996–97 гадоў — калі Мілошавіч прайграў мясцовыя выбары — мы ведалі, што важна мець людзей каля выбарчых скрыняў і мець доказы сапраўдных вынікаў выбараў. Гэта важна паказаць ня толькі людзям унутры краіны, але і ў камунікацыі зь міжнароднай супольнасьцю. Мы працавалі зь вялікай парасонавай структурай грамадзянскіх ініцыятываў, якія забясьпечылі 30 тысяч назіральнікаў на выбары 2000 году.
Мы ведалі, што апазыцыя перамагла. І гэта не былі нашыя словы супраць словаў Мілошавіча — былі матэрыяльныя доказы, што ён прайграў выбары 2000 году.
Яшчэ адной сутнасна важнай часткай стратэгіі «Отпару» была праца па-за вялікімі гарадамі, праца ня толькі са звычайнымі прыхільнікамі дэмакратыі, ня толькі з гарадзкім і больш адукаваным насельніцтвам, якое было больш схільнае падтрымліваць дэмакратыю.
Сэрбія ў 2000 годзе пачала ўсеагульны страйк. Адбыўся пераход ад проста вулічных пратэстаў да шырэйшай тактыкі адмовы ад супрацоўніцтва. І гэта закранула і тых, хто заняты фізычнай працай, а ня толькі больш адукаваных людзей і гарадзкіх жыхароў.
Апошняе ў гэтым сьпісе, але вельмі важнае — тое, што мы былі гатовыя да пераходу ўлады. Адна рэч — прымусіць кепскага кіраўніка сысьці. Іншая рэч — пабудаваць дэмакратыю. Гэта доўгі, балючы і нашмат менш захапляльны працэс. Новага прэзыдэнта прывялі да прысягі праз 7 дзён пасьля таго, як Мілошавіч прызнаў паразу. А мэра Бялграду — бо апазыцыя перамагла і на мясцовых выбарах — прывялі да прысягі ў вечар адразу пасьля выбараў. Аднавіць падмуркі ўлады і зрабіць іх як мага больш дэмакратычнымі — вельмі важная рэч, калі вы хочаце арганізаванага пераходу.
Як апазыцыя працавала зь дзяржаўнымі чыноўнікамі і сілавікамі
Сэрбская апазыцыя і моладзевы рух разумелі структуру ўлады Мілошавіча. І, маючы на пачатковым этапе падтрымку сярод гарадзкіх жыхароў, больш адукаваных, студэнцкага руху, інтэлектуалаў, яны пашыралі ўплыў на больш нэўтральныя часткі грамадзтва, сярод якіх былі бізнэсоўцы і дзяржаўныя службоўцы.
Вяліся размовы з войскам. Сэрбскае войска грунтавалася на сыстэме прызыву, і яно было ня вельмі задаволенае пяцьцю грамадзянскімі войнамі. Мілошавіч ня мог разьлічваць на войска, і ягоным інструмэнтам прыгнёту была паліцыя. Таму мы ведалі, што калі здолеем пабудаваць кааліцыю ўсіх, акрамя паліцыі і партыі Мілошавіча, мы можам у выніку перамагчы.
Таксама было шмат камунікацыі з паліцыяй, асабліва на мясцовым узроўні. Адно з правілаў негвалтоўнага змаганьня, якое мы вывучылі зь цягам гадоў, — гэта тое, што калі вы здолееце выклікаць пераход сілаў бясьпекі на свой бок, дык вы маеце большыя шанцы перамагчы.
Частка гэтага — зразумець, што паліцыянты — гэта проста мужчыны і жанчыны ў паліцэйскай форме. І вельмі важна было працаваць з паліцыяй на нізавым узроўні. Былі ня проста штодзённыя кантакты на вуліцы, а было сьвядомае намаганьне пераканаць гэтых людзей, што ім самім будзе лепш, калі Мілошавіча ня будзе ва ўладзе. Была цэлая кампанія перакананьня — ад сымбалічных дзеяньняў, калі дарылі кветкі, да больш стратэгічных рэчаў.
Напрыклад, сярод сэрбскіх футбольных фанатаў былі гвалтоўныя групоўкі. Футбольныя фанаты ненавідзелі Мілошавіча, але іх разуменьне пратэсту было такое: выйсьці і пачаць бойку з паліцыяй. І наш рух арганізаваў дружыны бясьпекі, каб абараняць паліцыю, якая нас арыштоўвала, ад фанатаў, якія нас падтрымлівалі. Гэтым мы хацелі пераканаць паліцыю, што мы негвалтоўны рух. Мы таксама разумелі, што акты гвалту могуць выклікаць рэакцыю, прапаганда можа іх скарыстаць супраць руху, і яны таксама зьменшаць масавасьць. Ёсьць дасьледаваньні, якія паказваюць, што рухі, у якіх ёсьць гвалтоўнае крыло, маюць менш шанцаў на посьпех.
Ці магчымае «братаньне» зь сілавікамі пасьля масавых катаваньняў
Па-першае, трэба разумець, што рэпрэсіі — гэта знак слабасьці, а ня сілы. Калі рэжым Лукашэнкі цяпер разьлічвае толькі на страх і рэпрэсіі, гэта значыць, што ён прайграе гульню.
Мы працавалі зь людзьмі з многіх краін, дзе паліцыя паводзіла сябе брутальна і забівала людзей. Але вам трэба разумець, што чым больш яны разьлічваюць на паліцыю, каб падтрымліваць парадак, тым яны слабейшыя.
Яшчэ адно: рэпрэсіі — гэта гульня, у якой шмат залежыць ад колькасьці ўдзельнікаў. Калі рэпрэсіі не выклікаюць страху і злосьці, яны бессэнсоўныя.
Трэба найперш забыцца пра агульнае слова «паліцыя». Злачынствы робяць канкрэтныя асобы. Таму варта выдзяляць тыя часткі сілавога апарату, якія займаюцца рэпрэсіямі. Іх трэба называць, сарамаціць і чыніць на іх ціск. Ім трэба пагражаць судовым перасьледам, выкрываць іх на міжнародным узроўні. Рабіць усё магчымае, але памятаць, што гэта канкрэтныя асобы, а ня ціснуць на цэлыя структуры паліцыі.
Можа быць, што міліцыянт у беларускай правінцыі цалкам нязгодны з тымі, хто ў Менску катаваў пратэстоўцаў. Вы гэтага не даведаецеся, калі ня будзеце размаўляць.
Трэба рабіць намаганьні, каб называць і сарамаціць тых, хто чыніць злачынствы. Але ў той жа час прыцягваць да сябе тых, хто злачынстваў ня робіць. Гэта гучыць складана, але гэта можна зрабіць.
Павышаць цану ўладнага гвалту
Што беларускі рух робіць вельмі добра — прыцягвае міжнародную ўвагу да парушэньняў правоў чалавека. Чым вышэйшая цана паліцэйскага гвалту, тым меншая імавернасьць, што яны яго паўтораць. Калі вас скрадуць, вы зьнікнеце і ніхто нічога ня скажа — дык заўтра скрадуць мяне, а пасьлязаўтра некага яшчэ.
Але калі вашае выкраданьне прыводзіць да таго, што тысячы вашых сяброў пікетуюць турму, прыходзяць лісты зь міжнародных арганізацый, Amnesty International дадае вас да сьпісу вязьняў сумленьня, пачынаецца міжнародная кампанія за вашае вызваленьне, дык менш імаверна, што вас у турме будуць катаваць.
Рабіць гэтыя рэчы публічнымі, павышаць цану такіх дзеяньняў — гэта адзін са спосабаў, як зь імі змагацца. І гэта таксама пасланьне для ўдзельнікаў руху — калі вас арыштуюць, вы не застаняцеся адны. Пабудова салідарнасьці — адзін са спосабаў адказаць на рэпрэсіі, каб улады зразумелі, што гэты рух не пакіне ў бядзе ніводнага чалавека, хто б гэта ні быў.
Гэта тычыцца забесьпячэньня адвакатамі, прыцягненьня міжнароднай увагі, збору сродкаў, каб дапамагчы вашай сямʼі, калі яна залежыць ад вашага заробку, а вы ў турме. Усе гэтыя рэчы вельмі важныя тактычна. Але самае важнае — падняць цану для кожнага акту гвалту, ад простага затрыманьня да забойства.
Можна паглядзець на ўрады, якія былі сапраўды жорсткія — да прыкладу, у Судане. Там забівалі людзей, і на наступны дзень імёнамі гэтых людзей называлі вуліцы. Тысячы людзей прыходзілі на іх пахаваньні. На наступны дзень пасьля забойства іх партрэты малявалі на сьценах дамоў па ўсім Хартуме — сталіцы Судану. Гэта быў ясны сыгнал рэжыму, што калі вы хочаце нас забіваць, вы атрымаеце больш пратэстоўцаў, і гэта мабілізоўвала рух рабіць больш.
Але самая важная рэч — ясна вызначаць тых, хто парушае правы чалавека, арыштоўвае і катуе мірных пратэстоўцаў, і зрабіць пасланьне да ўсіх астатніх: «Вам павінна быць сорамна за гэтых людзей. Яны плямяць форму, якую носіце вы. Патрэба ў паліцыі заўсёды будзе, каб гарантаваць закон і парадак у гэтай краіне. Вам трэба пазбавіцца ад гэтых паршывых авечак».
Атакаваць, а не чакаць
Калі паглядзець на гістарычныя дасьледаваньні Марыі Стэфан і Эрыкі Чэнавэт, можна пабачыць, што ў сярэднім пасьпяховая кампанія негвалтоўнага змаганьня цягнецца два з паловай гады. Аднак змаганьне ў Сэрбіі цягнулася 8 гадоў. Некаторыя славяне, у тым ліку сэрбы, вучацца павольна.
Трэба памятаць, што гэта не гульня ў чаканьне. Вы перамагаеце, толькі калі ідзяце ў наступ. Перамогі народных рухаў і перамогі ў футболе працуюць абсалютна аднолькава, прынамсі паводле двух правілаў. Па-першае, вы ніколі не пераможаце, калі не забіць гол, а гэта значыць, што трэба атакаваць, а ня толькі абараняць уласную браму. Трэба перацягваць на свой бок усё больш і больш апірышчаў рэжыму.
Па-другое, вам трэба кантраляваць поле. Прычына, чаму, напрыклад, «Барсэлёна» была амаль непераможная, — у тым, што яны заўсёды кантралявалі мяч. Яны вызначалі гульню, кантралявалі сярэдзіну поля.
Мне здаецца, што ў беларускім выпадку гэта прысутнічае і дае надзею руху. Ён здолеў вырасьці з абмежаванага кола людзей — праваабаронцаў, адукаваных гарадзкіх жыхароў — у агульны рух. Да яго далучыліся пэнсіянэры, якіх доўга лічылі апірышчам Лукашэнкі. Ёсьць людзі на заводах, якія спрабуюць страйкаваць, хоць гэта пакуль не атрымліваецца маштабна.
Ідзе трансфармацыя з ускрайку ў мэйнстрым. Ці, калі карыстацца футбольнай тэрміналёгіяй, пад кантроль бярэцца цэнтар поля. Я думаю, што менавіта ў гэтым самы значны прагрэс.
Мабілізацыі недастаткова, трэба арганізацыя
Варта ведаць, што для пасьпяховага руху недастаткова мабілізаваць людзей, іх трэба арганізаваць. Мабілізацыя, як вада, прыходзіць хвалямі альбо прылівамі. Пасьля выбараў у Беларусі быў прыліў, а цяпер пратэсты меншыя. Магчыма, што наступны вялікі прыліў будзе ўлетку. Але трэба будаваць арганізацыю, якая зможа падтрымліваць дзейнасьць і несьці каштоўнасьці паміж гэтымі хвалямі.
Будуючы арганізацыю, набіраючы людзей, навучаючы людзей, вы ствараеце магчымасьць лепш адрэагаваць на наступную хвалю мабілізацыі.
«Отпар» быў арганізаваны ў кожным раёне. Мой рух меў па тры чалавекі ў кожным будынку. У гэтым прычына, чаму яго не маглі здушыць рэпрэсіямі і арыштамі лідэраў. Бо ён быў незалежны ад лідэраў. Былі прынятыя рашэньні, распрацаваная стратэгія, якая была даступная для кожнага, на самым нізкім узроўні нашага руху, і калі лідэраў арыштоўвалі, ногі працягвалі бегаць.
Калі вы трапляеце пад жорсткія рэпрэсіі, вас вымушаюць гаварыць толькі пра іх. Гэта пабочны прадукт рэпрэсій. Але, я лічу, акцэнт трэба рабіць на стратэгічных зьменах і на закліках да свабодных і справядлівых выбараў.
Адзіны вынік беларускага крызісу, які можа зьвесьці разам розных міжнародных гульцоў, але, што яшчэ важней, можа гарантаваць доўгатэрміновую дэмакратыю і стабільнасьць у Беларусі — гэта свабодныя і справядлівыя выбары, на якіх беларускі народ вырашыць, хто будзе ім кіраваць.
Негвалтоўнасьць можа быць больш эфэктыўная за гвалт
Няма дурнейшага брэнду, чым называць сэрбскую рэвалюцыю «бульдозэрнай рэвалюцыяй» толькі таму, што былі фатаграфіі бульдозэра ў канцы працэсу, які негвалтоўна мабілізоўваў людзей 9 гадоў. Але так працуюць СМІ.
Існуе яснае адрозьненьне паміж гвалтам і негвалтоўным супрацівам. Яно грунтуецца на вызначэньні шэрагу дасьледчыкаў, якія кажуць: калі вы не выкарыстоўваеце пагрозы нанесьці фізычную шкоду і не зьнішчаеце маёмасьць, дык гэта негвалтоўныя дзеяньні. Калі вы пачынаеце паліць машыны і біць шыбы, гэта ўжо гвалт.
Але таксама ёсьць агульны кірунак руху. Я бачу, што беларускі рух — адзін з тых, якія відавочна прытрымліваюцца негвалтоўнага падыходу, нягледзячы на вельмі гвалтоўную тактыку, якую выкарыстоўваюць супраць яго.
У дасьледаваньні Марыі Стэфан і Эрыкі Чэнавэт відаць, што негвалтоўныя рухі маюць удвая большыя шанцы на посьпех, чым гвалтоўныя. Тут вельмі важна зразумець, што негвалтоўная дысцыпліна — гэта навык. І негвалтоўны падыход ня проста маральна лепшы за гвалт — ён больш эфэктыўны, і ён не абавязкова залежыць ад рэлігіі, гісторыі ці мэнталітэту народу.
Гэтаму можна навучыцца, гэта можна выкарыстоўваць, гэта можна прапагандаваць. Можна таксама пазьбягаць тых тактык, якія з большай імавернасьцю прывядуць да гвалту. Калі паглядзець на тактыкі ўмяшаньня, захопу — там, дзе вашыя войскі сустрэнуцца зь іх войскамі, там адбудуцца гвалтоўныя сутыкненьні.
Пра ролю сымбаляў
Сымбалі важныя для пасьпяховага змаганьня. Мы бачым гэта на прыкладзе бел-чырвона-белага сьцяга ў Беларусі. Гэта тыповы выпадак, як можна абʼяднаць людзей вакол нечага, што тычыцца ідэнтычнасьці, і як заахвоціць мноства людзей удзельнічаць у невялікіх, разгрупаваных дзеяньнях — пачынаючы ад асобных жанчын з парасонамі да выяваў на будынках і аўтамабілях. І гэта тое, што ў беларусаў вельмі добра выходзіць — прытрымлівацца негвалтоўнага падыходу і выкарыстоўваць сымбалі ў пабудове новай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Як ціснуць на прадстаўнікоў улады
Джын Шарп пералічыў 200 тактык негвалтоўнага змаганьня яшчэ ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя. Ад таго часу сьвет значна памяняўся, а кожны рух дадае новыя рэчы.
Варта разумець, што рэпрэсіі — вельмі дарагая цацка. Трэба плаціць, каб гэтыя людзі вас слухаліся. Паглядзіце на Мʼянму — краіну, дзе месяц таму адбыўся вайсковы пераварот. Чаму людзі стаяць у чэргах каля банкаў? Яны забіраюць грошы з банкаў, якія кантралююцца вайскоўцамі. У выніку банкі трапляюць у крызісную сытуацыю і ня могуць плаціць заробкі вайскоўцам.
Таму, калі гаворка пра слупы, на якія абапіраюцца рэпрэсіі, варта глядзець ня толькі на людзей у форме, але і на ўсю структуру за імі. Калі ваш апанэнт накладае на вас санкцыі ў выглядзе зьбіцьця, арыштаў, катаваньняў і забойстваў, вы можаце накласьці санкцыі на вашых апанэнтаў, пазбавіўшы іх заробку.
У гэтым сіла негвалтоўных рухаў, калі да іх далучаецца вялікая колькасьць людзей. Вы можаце пераключыцца з простага пратэсту на тактыкі, якія называюць адмовай у супрацоўніцтве. Людзі могуць адмовіць банкам у сваіх грошах. Людзі могуць байкатаваць кампаніі і прадукты. Людзі могуць пачаць усеагульны страйк.
Калі ёсьць пагроза страціць працу і людзі надта баяцца абвясьціць агульны страйк, можна ня выйсьці на працу па стане здароўя. Цяпер жа часы каранавірусу. Цэлыя заводы могуць нібыта захварэць.
Як зьменшыць рызыкі пратэсту
Ёсьць два адказы на гэтае пытаньне. Першы грунтуецца на досьведзе Чылі ў 1980-я, калі ішло змаганьне супраць Піначэта. Піначэт быў бязьлітасным чалавекам, нашмат больш бязьлітасным, чым Лукашэнка на гэтым этапе свайго кіраваньня.
Людзі выйшлі на вуліцы Сантʼяга ў гадзіну пік, і яны ішлі вельмі павольна і ехалі на машынах вельмі павольна. І гэта прывяло да каляпсу ў горадзе. Бо калі такая агромністая колькасьць людзей павольна ідзе і едзе ў гадзіну пік, можна ўявіць наступствы.
Ёсьць выдатны дакумэнтальны фільм «Больш магутная сіла» (A Force More Powerful), дзе актывіст з Чылі тлумачыць, як гэтае відовішча мноства людзей, якія павольна ішлі і ехалі, разбурыла бурбалку страху. Ён тлумачыў: «Зрабіўшы гэтую простую рэч зь невялікай рызыкай, мы зразумелі, што нас мноства, а іх мала». Такія тактыкі зь нізкай рызыкай дапамагаюць пераадолець страх.
Вяртаючыся да Беларусі — напрыклад сьпяваньне нейкай песьні з будынку, каб гэта пачулі і пабачылі суседзі, таксама добры крок для перамогі над страхам.
Яшчэ адзін добры прыклад — гэта змаганьне супраць апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы. Супраць жорсткага рэжыму Пітэра Боты, які праводзіў палітыку апартэіду, ладзілі дэманстрацыі, і чорных паўднёваафрыканцаў бязьлітасна забівалі. Пачаўся партызанскі рух — яго бязьлітасна нішчылі. У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы было магутнае войска, якое цалкам грунтавалася на ідэалёгіі апартэіду, бо 11 працэнтаў белага насельніцтва супрацьстаяла большасьці насельніцтва. Там панаваў мэнталітэт гораду ў аблозе.
Але зноўку ж, войска — гэта дарагая штука. Дзесяць гадоў ішла кампанія, каб банкі сышлі з Паўднёвай Афрыкі, каб ніхто не купляў паўднёваафрыканскую прадукцыю. Студэнты Оксфарду ціснулі на ўнівэрсытэт, каб ён не працаваў з банкамі, якія інвэстуюць у Паўднёвую Афрыку. Усё гэта дадалося да масавага байкоту з боку большасьці насельніцтва і ў выніку паставіла Пітэра Боту на калені. Адбыліся выбары, на якіх у выніку перамог Нэльсан Мандэла.
Там была камбінацыя ўнутранага ціску, тактык адмовы ад супрацоўніцтва, якія несьлі малую рызыку — нявыхад на працу нібыта з прычыны хваробы, вельмі павольная праца.
Як страйкавалі супрацоўнікі банкаў
Адмова ў супрацоўніцтве — гэта, зноўку ж, гульня, дзе шмат залежыць ад колькасьці ўдзельнікаў. Калі вы кантралюеце толькі 10 працэнтаў насельніцтва і вам трэба выклікаць страх у астатняга насельніцтва, дык народ мае рычагі ўплыву, адмаўляючы ў паслугах тым, хто імі кіруе. Можна паглядзець на цяперашнюю Мʼянму, дзе толькі прыблізна 8 працэнтаў падтрымліваюць дзеяньні вайскоўцаў, але войска спрабуе кантраляваць усё грамадзтва.
Гэта можа тычыцца, напрыклад, працы настаўнікаў, якія вучаць дзяцей, а можа тычыцца і, так бы мовіць, нэрвовай сыстэмы прыгнёту. У Судане добра спрацавалі мікрастрайкі. У чэрвені 2019 году ў Судане вайскоўцы зрынулі дыктатара Башыра, але пасьля гэтага вайсковае камандаваньне вырашыла, што яно ня хоча пераходу ўлады, а хоча кіраваць само. І для іх вельмі балючымі былі малыя страйкі кваліфікаваных спэцыялістаў.
Большасьць людзей, якія працавалі ў банках у Хартуме, сталіцы Судану, вырашылі не прыйсьці на працу, спаслаўшыся на хваробы. Я ня ведаю, як дакладна працуе гэтая сыстэма, але для грашовых пераводаў патрэбны кваліфікаваны пэрсанал. Не было каму гэта рабіць, і вайскоўцы не атрымлівалі выплатаў. Гэта, магчыма, тры сотыя працэнта грамадзтва, але ўзровень іх уплыву быў значна большы за гэтую лічбу.
І пры гэтым немагчыма выклікаць некага ў форме, каб той рабіў банкаўскія апэрацыі. Бо ў іх няма адпаведных навыкаў. Зноўку ж, уплыў залежыць ад масавасьці, але таксама і ад дакладнага плянаваньня стратэгіі, якая падарве дзейнасьць вашых апанэнтаў з найменшай магчымай рызыкай для ўдзельнікаў з вашага боку. Калі б вайскоўцы ў Судане забілі гэтых спэцыялістаў, усё адно не было б каму працаваць у банках. Вы ня можаце прымусіць людзей рабіць гэта.
Як адказаць, калі людзей робяць дэманстрацыйнымі ахвярамі, каб запалохаць іншых
Шэраг краін у гісторыі сутыкаліся з больш бязьлітаснымі рэжымамі, чым рэжым Лукашэнкі. Трэба больш падрыхтоўкі, больш арганізаванасьці ў выкарыстаньні тактык зь нізкай рызыкай.
Тактыкі адмовы ў супрацоўніцтве — ці то байкот, ці то страйк, ці нешта іншае — працуюць, калі яны дастаткова пашыраныя. Калі можна націснуць кнопку, каб людзі ў розных месцах у адзін час зрабілі нешта. Гэта грунтуецца на прынцыпе, які мы называем «разгрупаваны падрыў». Калі вы сутыкаецеся з рэпрэсіўнай сілай — ці то паліцэйскай, ці то вайсковай — вы сутыкаецеся зь вельмі герархічнымі структурамі. Гэтыя структуры могуць эфэктыўна змагацца зь вялікай канцэнтрацыяй апанэнтаў.
Вы арганізуеце пратэст — паліцыя разганяе пратэст. Вы спыняеце машыну на скрыжаваньні — яны пасылаюць туды некага. Але калі вы робіце гэта 5 хвілін ці 15 хвілін у сотні розных месцаў, гэта тактыка разгрупаваньня. Чым больш цэнтралізаваная структура, зь якой вы маеце справу, тым больш варта пашыраць арэал дзеяньняў. Як быццам трошкі масла намазваецца на вельмі шмат кавалкаў хлеба. Некага могуць пабіць, але астатнім нічога за гэта ня будзе. І яны з большай імавернасьцю паўтораць свае дзеяньні.
Калі вы сутыкаецеся з такім тыпам рэжыму, першае, што трэба рабіць, гэта абараняць сваіх людзей. Не пасылаць людзей на дзеяньні з высокай рызыкай. Не пасылаць іх туды, дзе іх могуць забіць. Гэта пытаньне лідэрства.
А другое — калі вы плянуеце тактычныя дзеяньні зь нізкай рызыкай, вы разьмяркоўваеце іх альбо ў часе, альбо ў прасторы. Геаграфічна гэта проста зразумець. Калі транспарт павольна рухаецца ў адным месцы, паліцыя прыедзе і пабʼе вам шыбы. Але калі зрабіць гэта адначасова ў мностве месцаў, дык вельмі верагодна, што мноству людзей за гэта нічога ня будзе.
Што тычыцца разьмеркаваньня ў часе, дык гэта рабіў, напрыклад, негвалтоўны рух супраціву ў Сырыі, калі там яшчэ не пачалася поўнамаштабная грамадзянская вайна. Яны рабілі нешта падобнае да таго, што робяць людзі ў Беларусі цяпер. Жанчыны прыходзілі ў цырульню, а другой гадзіне ўсе выходзілі з цырульняў на адной вуліцы, трымаючы сьцягі, а ў дзьве гадзіны пяць хвілін усе вярталіся ў цырульні далей рабіць фрызуры. Калі прыяжджала паліцыя, не было каго арыштоўваць. Такая гульня ў ката і мышку забірае рэсурсы ў вашых апанэнтаў і падрывае іх рэпутацыю.
Трэба мець стратэгію і рэалістычную мэту
Галоўная праблема, якую я бачу ў многіх рухах змаганьня, — тое, што трэба мець рэалістычную мэту. Мы разьлічваем вось на такую дату, калі адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя, на якую прыедзе Лукашэнка і нехта з апазыцыі (дарэчы, хто будзе ў камандзе для перамоваў?). Там будуць пасярэднікі з Захаду, непазьбежна будуць пасярэднікі з Расеі, калі мы хочам, каб Лукашэнка нешта зрабіў, і якія прапановы будуць на стале?
Трэба ўяўляць сабе разьвязаньне праблемы і тое, як да гэтага разьвязаньня прыйсьці, а ня проста разважаць: вось што зробіць паліцыя, а вось што зробім мы. Вельмі важная кніга для актывістаў па ўсім сьвеце, асабліва для тых, хто ўдзельнічае ў доўгатэрміновым змаганьні, — гэта «Майстэрства вайны» Сунь Цзы.
Негвалтоўнае змаганьне мае большыя шанцы на посьпех, але некаторыя прынцыпы з Сунь Цзы таксама пасуюць для такога змаганьня. Адзін з гэтых прынцыпаў: стратэгія бяз тактыкі — гэта проста самападман, а тактыка без стратэгіі — гэта проста шум перад паразай. Вы ж ня хочаце мець толькі шум перад паразай?
Калі паглядзець на Беларусь, мне здаецца, што тактычна робяцца правільныя рэчы. Пытаньне больш у стратэгіі, фармуляваньні мэтаў, перагрупоўваньні, пабудове міжнароднага ціску, пабудове ўнутранай арганізацыі, у тым, каб здабываць адну за адной малыя перамогі, якія прывядуць да перамоваў, і ў пашырэньні поля змаганьня на тыя слупы падтрымкі ўлады, якія пакуль не закранутыя.
Як змагацца з выгараньнем
Трэба думаць на 2–3 хады наперад, а ня проста рэагаваць на тое, што робіць ваш апанэнт. Бо тады вашыя рэсурсы вычарпаюцца. Гэта вялікая праблема для актывістаў па ўсім сьвеце. У адрозьненьне ад сілавікоў, якія атрымліваюць заробак за тое, што робяць, у адрозьненьне ад дзяржаўных службоўцаў і людзей, задзейнічаных у мэханізьме прапаганды, людзі, якія займаюцца актывізмам, інвэстуюць у гэта ўласны час і рызыкуюць сваім жыцьцём, сваёй працай. Заўсёды ёсьць рызыка выгараньня.
Каб пазьбегнуць рызыкі выгараньня, трэба а) даць людзям канкрэтны і дакладны плян, і б) будаваць нешта з малых дасягальных перамог, каб людзі бачылі, што мы рухаемся паводле пляну. Гэта ня проста гульня ў ката і мышку, дзе паліцыя робіць нешта, а мы робім нешта ў адказ, — бо так губляецца масавасьць.
Як камунікаваць з Расеяй
Беларуская апазыцыя выдатна пазьбягае таго, каб псаваць адносіны з Расеяй. І мне здаецца, што мець падчас пратэстаў бел-чырвона-белыя сьцягі, а не сьцягі Эўразьвязу, было сьвядомым рашэньнем. І хто б ні прыняў гэтае сьвядомае рашэньне, я яго вітаю. Нельга сьцерці ролю, якую Расея адыгрывае ў былых савецкіх рэспубліках, і нельга недаацэньваць яе параною ў адносінах да «каляровых рэвалюцый». Расейцы столькі ўклалі ў гэтыя тэорыі змовы, што самі першыя ў іх вераць.
Яны робяць прапаганду пра злачынны Захад, які наступае на ногі Расеі каляровымі рэвалюцыямі, а потым самі вераць у гэтыя рэчы. Расейцы робяцца ахвярамі ўласнай прапаганды, замест таго каб зразумець, што, магчыма, людзі ў Беларусі праз 26 гадоў папросту незадаволеныя Лукашэнкам. Ня трэба ніякіх геапалітычных стымулаў ці агентаў ЦРУ, каб паўстаць, калі, напрыклад, бачыш, як гэты чалавек абыходзіцца з каранавірусным крызісам.
Беручы ўсё гэта пад увагу, трэба сачыць за пазыцыяй Расеі. Расея незадаволеная. Бо Лука і Валодзя маюць няпростыя адносіны, і Лукашэнка нават абвінавачваў Расею ў тым, што тая засылала агентаў, каб паўплываць на выбары.
Пра зьмену рыторыкі Лукашэнкі на цалкам прарасейскую пасьля выбараў і пратэстаў
Гэта значыць, што ён загнаны ў кут, і гэта аслабляе ягоныя пазыцыі ў любых дамовах, якія трэба будзе рабіць у будучыні. У адрозьненьне ад Украіны, Расея тут ня мае пляцоўкі для ўмяшаньня. Няма такога рэгіёну, як Данбас, дзе можна разьдзьмуць мяцеж і паслаць туды «зялёных чалавечкаў», а потым танкі. Я ня ўпэўнены, як расейскія танкі сустрэнуць у Беларусі, і расейцы таксама ня ўпэўненыя. Часам мы зашмат факусуемся на намерах, але варта таксама глядзець на магчымасьці.
Таму трэба балянсаваць з Расеяй, ня надта псаваць зь ёй адносіны, пры тым, што Лукашэнка робіцца залежным ад Расеі, і гуляць у доўгую гульню. У Расеі ня надта добрая гісторыя падтрымкі сваіх сяброў. Гэта ж расейскі амбасадар пераканаў Мілошавіча сысьці. Урэшце расейцы будуць спрабаваць захаваць свае ўласныя інтарэсы.
Але тут трэба ясна сказаць: Эўразьвяз, Амэрыка, Расея маюць значэньне як цэнтры ўплыву і могуць адыграць сваю ролю на канчатковым этапе змаганьня, могуць быць часткай доўгатэрміновага працэсу стабілізацыі, могуць быць плятформай для перамоваў і могуць быць, як у выпадку Мілошавіча, некім, каму Лукашэнка здасца. Ён ня можа здацца злачыннай апазыцыі ці Захаду, але можа здацца сваім сябрам з Расеі. Аднак будучыня Беларусі будзе вырашацца беларускімі грамадзянамі, не замежнікамі. Гэта рух у Беларусі, які ў выніку пераможа ці прайграе гэтую бітву.
Пра ролю замежных уплываў
Міжнародныя гульцы маюць значэньне, але гісторыя і досьледы вучаць нас, што яно не вырашальнае. Толькі што быў апублікаваны цікавы даклад, таксама аўтарства Стэфан і Чэнавэт, пра ролю замежных дзейных асобаў у негвалтоўных рухах. Гэты даклад паказвае, што вынік 80 працэнтаў гэтых бітваў быў вызначаны ўнутры краіны.
Некаторыя з гэтых замежных гульцоў давалі вялікую падтрымку, некаторыя рабілі вялікую шкоду. Найбольш важныя рэчы, які яны рабілі, — гэта давалі мэдыйныя плятформы і міжнародныя дыпляматычныя рычагі ўплыву, што мы бачым у выпадку Беларусі. Яны таксама дзяліліся ведамі і ладзілі навучаньне, але мы схільныя перабольшваць ролю замежных гульцоў.
Што зь міжнародных ўмяшаньняў працуе
Калі паглядзець на гісторыю маёй краіны, дык яе можна назваць прабіркай для міжнародных умяшаньняў. На жаль, усе мы былі ў ролі лябараторных пацукоў. Міжнародная супольнасьць выпрабоўвала на нас розныя рэчы, і мы адчулі на ўласнай скуры, што працуе, а што не.
Яны паспрабавалі замежнае вайсковае ўмяшаньне. Але ў сьвеце існуе нуль выпадкаў, калі бомбы прыносілі дэмакратыю. Нуль. Любы гвалтоўны напад з-за мяжы толькі ўзмацняе людзей ва ўладзе. Мілошавіч у 1997 годзе быў на каленях, але яго перазапусьціла ўмяшаньне NATO. Ён наўмысна справакаваў яго этнічнымі чысткамі ў Косаве, ён хацеў гэтай вайны. Ён хацеў вайны, бо напад з-за мяжы дазволіў яму рабіць жахлівыя рэчы ўнутры краіны і пратрымацца яшчэ пару гадоў.
Пытаньне санкцыяў таксама вельмі няпростае. Возьмем шырокае эмбарга на пастаўкі нафты, якое ўвялі супраць Сэрбіі ў 1992 годзе. Некаму на Захадзе прыйшла ў галаву гэтая ідэя, што калі заблякаваць 7 мільёнаў чалавек у Сэрбіі, гэта неяк дапаможа спыніць вайну, якую Мілошавіч вёў у Босьніі і Харватыі. Стратэгічна гэта была абсалютная дурасьць, якая прывяла да адваротнага выніку. У Сэрбіі была фактычна зьнішчаная сярэдняя кляса, а санкцыі далі Мілошавічу апраўданьне для ягонай карупцыі і правальнай эканамічнай палітыкі. А кантрабанду нафты ён ператварыў у дзяржаўны бізнэс у руках мафіі.
У выніку ён сканцэнтраваў у сваіх руках яшчэ больш улады, а людзі былі занадта занятыя выжываньнем. Санкцыі насамрэч стабілізавалі ягоныя пазыцыі на пэрыяд з 1992 па 1996 год. Потым яго выкарысталі як фішку ў перамовах наконт Босьніі, і пасьля пагадненьняў у Дэйтане ён на нейкі час зрабіўся ўлюбёнцам міжнароднай супольнасьці. Потым ён прайграў мясцовыя выбары і зноў зрабіўся ізгоем, распачаўшы крывавы канфлікт у Косаве, які выклікаў бамбаваньні.
Калі паглядзець на гісторыю, можна зразумець, што, па-першае, санкцыі, якія закранаюць насельніцтва, — контрапрадукцыйныя, як і вайсковыя ўмяшаньні. Аднак працуюць скіраваныя санкцыі — тое, што мы цяпер ведаем як «Акт Магніцкага», дзякуючы выдатнай працы Біла Браўдэра, які прапанаваў гэтыя законапраекты ў Эўропе і ЗША. Бо ўсе гэтыя алігархі маюць асабнякі ў эўрапейскіх гарадах, ім падабаецца езьдзіць у Манака, а іх дзеці вучацца ў Лёнданскай школе эканомікі.
Вашая радыёстанцыя разам з арганізацыяй Freedom House арганізоўвала навучаньне для мэдыя ў Сэрбіі, давала ім абсталяваньне, і гэта было надзвычай карысна. Дапамога ў пабудове незалежных мэдыйных плятформаў, дапамога ў навучаньні, дапамога праваабарончым арганізацыям — гэта працуе.
Ад «адурманеных студэнтаў» да «тэрарыстаў»
Вас у любым выпадку назавуць замежным наймітам, але я тлумачыў у сваім артыкуле ў амэрыканскім часопісе Foreign Policy, што гэта залежыць ад этапу змаганьня. Яны ўсе чытаюць з адной кнігі. Таму, пакуль вы малая арганізацыя, вас назавуць «адурманенымі студэнтамі», потым вы зробіцеся «ворагамі дзяржавы», потым вы падрасьцяце да «замежных наймітаў і агентаў», потым да «падонкаў, пʼяніц і наркаманаў», а потым да «тэрарыстаў». Гэта набор цэтлікаў, якія на вас навешваюць, каб не дазволіць вам кантраляваць цэнтар поля.
Калі вы супрацьстаіце рэжыму ў Беларусі ці ў Бірме, вас назавуць замежным агентам, незалежна ад таго, атрымліваеце вы нейкую замежную дапамогу ці не. Гэта непазьбежна адбудзецца. Такая прапагандысцкая гульня.
Што тычыцца замежнай дапамогі, я яшчэ раз паўтаруся — ёсьць рэчы, якія працуюць, і ёсьць рэчы, якія не працуюць. І руху трэба ўзважваць пытаньні з гэтай дапамогай — ня толькі таму, што на яго навесяць цэтлік, бо яго навесяць у любым выпадку, але і таму, што ўрады ня маюць сяброў, а маюць інтарэсы. У тым ліку і замежныя ўрады.
Цяперашні прэзыдэнт Сэрбіі быў міністрам інфармацыі ў Мілошавіча. Ці правал гэта пасьлярэвалюцыйнай палітыкі?
Калі вы пытаецеся, ці задаволены я сытуацыяй у сваёй краіне, дык не, пра гэта няма нават спрэчкі. Калі вы пытаецеся пра ўзровень партакратыі, карупцыі, памылак у кіраваньні і пра абыходжаньне з мэдыя і людзьмі ўвогуле, дык я незадаволены.
Але калі паглядзець на гісторыю, дык у Сэрбіі атрымалася добра. Бо заўсёды трэба параўноўваць з магчымымі альтэрнатывамі. Калі б Мілошавіч не сышоў у 2000 годзе, можаце ўявіць, якімі б цяпер былі Бальканы? Магчыма, што розныя раёны Бялграду цяпер бы ваявалі, кідаючы камяні адзін у аднаго.
У гэтым сэнсе Мілошавіч быў вельмі эфэктыўны — ён забясьпечваў новую вайну кожныя паўтара года, рабіў гэта пяць разоў. Можна ўзяць гэтую схему і падлічыць, што б атрымалася за 20 гадоў. Напэўна, было б яшчэ 10 збройных канфліктаў у рэгіёне.
І калі глядзець на гісторыю, дык можна пабачыць, што ўплывала на хаду падзеяў. Замест таго каб глядзець, ці быў беспасьпяховым рух, які зрынуў Мілошавіча і пачаў дэмакратычныя працэсы ў Сэрбіі, варта паглядзець на іншы працэс. Пераход рабіла абʼяднаная апазыцыя Сэрбіі, і гэты ўрад узначальваў Зоран Джынджыч — сэрбскі Кенэдзі — і яго забілі. Нельга глядзець на прыход цяперашняй улады, не згадаўшы гэтага. Бо інакш ня будзе яснай карціны.
Я лічу, што гэтае забойства, напэўна, мела найвялікшы ўплыў на тое, што Сэрбія пачала хістацца, зрабілася больш скептычнай да Эўразьвязу, бо на нейкі час усю ўладу атрымаў нацыяналістычны, лянівы і неарганізаваны чалавек — Каштуніца. Ён адмовіўся ад інтэграцыі з Эўропай, пачаў заляцацца да Расеі, але асноўная праблема была ў тым, што яго не цікавіла ўласная праца.
Потым прыйшоў Тадзіч, зьявілася стомленасьць ад Тадзіча, і ўладу атрымалі Нікаліч і Вучыч. Але гэта ўсё адбываецца на працягу 20 гадоў. Калі паглядзець на падзеі праз 5 гадоў пасьля зьмены ўлады, а менавіта так гэта ацэньваюць дасьледчыкі, дык тады Сэрбія была ў даволі добрай пазыцыі.
Таму, калі вы спытаецеся ў мяне, ці зрабілі б мы гэта зноў, дык так — мы б зрабілі гэта зноў. Калі б я зноў нарадзіўся, я б зрабіў усё яшчэ раз. І гэта, напэўна адказ, які вы атрымаеце ад людзей майго пакаленьня, якія ўдзельнічалі ў змаганьні супраць Мілошавіча. Бо гэта было невыносна! Не было пытаньня выбару. Было толькі два варыянты — змагацца ці ўцякаць. Я быў занадта ўпарты, каб уцякаць.
Зварот да тых, хто сутыкаецца з усё большымі рэпрэсіямі
Ноч найцямнейшая перад сьвітанкам. Калі людзі маюць надзею, маюць плян і рашучасьць, яны ў выніку здабываюць перамогу над кепскім бокам. І гістарычна яны маюць больш шанцаў на перамогу, чым на паразу. Варта захоўваць гэтае разуменьне, захоўваць веру і ўсьведамляць, што любы негвалтоўны супраціў залежыць ад мясцовых людзей. Нельга чакаць, што прыляцяць людзі з Марсу, каб скінуць вашага дыктатара. Вам трэба зрабіць гэта самім.
Срджа Попавіч — адзін зь лідэраў сэрбскага моладзевага руху «Отпар», які дапамог зрынуць Слабадана Мілошавіча ў кастрычніку 2000 году. У 2003 годзе ён заснаваў Цэнтар прыкладнога негвалтоўнага дзеяньня і стратэгій (CANVAS). У 2015 годзе выйшла ягоная кніга «Плян рэвалюцыі». З 2017 па 2020 год ён быў рэктарам Сэнт-Эндрускага ўнівэрсытэту ў Шатляндыі.