У інтэрвію Мэган расказала, што яе вясельле адбылося за тры дні да афіцыйнай цырымоніі 19 траўня 2018 года. Прыватную цырымонію правёў арцыбіскуп Кэнтэрбэрыйскі. Сем’і пары не прысутнічалі.
Па словах герцагіні, пасьля вясельля каралеўская сямʼя прымушала яе ўстрымлівацца ад публічных выступаў. Мэган падкрэсьліла, што прадстаўнікі каралеўскай сямʼі гатовыя былі схлусіць, каб абараніць сваіх чальцоў, але казалі нічога для таго, каб абараніць прынца і ягоную жонку. Мэган пры гэтым адзначыла, што яе прынялі ў каралеўскую сямʼю, а каралева Элізавета II заўсёды выдатна да яе ставілася.
Мэган прызналася, што да рашэньня адмовіцца ад каралеўскіх абавязкаў у яе былі думкі пра суіцыд. Ёй было сорамна расказваць пра гэта мужу, але яна зрабіла гэта.
Герцагіня адзначыла, што падчас яе цяжарнасьці некаторыя чальцы каралеўскай сямʼі цікавіліся, наколькі цёмнай будзе скура дзіцяці. Мэган не стала называць іх імёны і адзначыла, што ёй пра гэта расказаў муж. Прынц Гары не стаў раскрываць падрабязнасьці і адзначыў, што пачутае яго шакавала.
Па словах Мэган, ёй таксама паведамілі, што першынц не атрымае тытул прынца і таму не атрымае ахову. «У іх няма права гэта забіраць. Калі я была цяжарная, яны сказалі, што хочуць памяняць традыцыі для Арчы», — расказала герцагіня. Яна паведаміла, што пасьля размовы ў яе паўсталі асьцярогі наконт бясьпекі дзіцяці.
Прынц Гары таксама распавёў, што каралеўская сямʼя не асудзіла публікацыі ў брытанскіх таблоідах, у якіх абмяркоўвалася расавая прыналежнасьць яго жонкі. Герцаг нагадаў, што супраць матэрыялаў у СМІ выступілі больш за 70 чальцоў парлямэнта. Гары параўнаў увагу прэсы да яго жонкі з пільнай увагай брытанскіх таблоідаў да яго маці прынцэсы Дыяны.
Прынц у інтэрвію паведаміў, што пасьля рашэньня пары адмовіцца ад каралеўскіх абавязкаў яго бацька прынц Чарльз перастаў адказваць на яго тэлефонныя званкі. Зараз бацька і сын аднавілі зносіны, але, па словах герцага, ім ёсьць над чым працаваць у адносінах.
- У студзені мінулага года прынц Гары і Мэган Маркл абвясьцілі, што адмаўляюцца ад каралеўскіх паўнамоцтваў і правоў на брытанскі трон. Яны перасталі афіцыйна прадстаўляць каралеўскую сямʼю і атрымліваць дзяржаўнае фінансаваньне. Пасьля гэтага пара пераехала ў ЗША. На працягу года герцаг і герцагіня мелі права зьмяніць сваё рашэньне, але ня сталі рабіць гэтага.
- Прынц Гары і амэрыканская акторка Мэган Маркл пажаніліся 19 траўня 2018 года. Пасьля вясельля яны сталі герцагам і герцагіняй сэсэкскімі. Гэта другі шлюб Маркл. Яна — першая мулатка і першая актрыса, якая выйшла замуж за брытанскага прынца. Праз год у сямʼі нарадзіўся першынец. Нядаўна пара паведаміла, што чакае другое дзіця. У інтэрвію Ўінфры герцаг сказаў, што гэта будзе дзяўчынка.
- Незадоўга да выхаду інтэрвію пары на CBS у брытанскай прэсе зьявіліся публікацыі пра тое, што ў Мэган Маркл былі канфлікты з падначаленымі ў каралеўскай сямʼі. Герцагіня абвінавацілі ў зьдзеках. Прадстаўнікі Гары і Мэган абвінавачваньні адрынулі і зьвязалі іх з выхадам інтэрвію.
- Брытанская газэта The Times са спасылкай на крыніцы пісала, што Букінгемскі палац называе інтэрвію пары «абвяшчэньнем вайны» каралеўскай сямʼі. Па дадзеных журналістаў, каралева Элізавета II не плянуе глядзець інтэрвію, каб паказаць, што яна і яе акружэньне сканцэнтраваныя на больш сурʼёзных праблемах.