Пра гэта ў інтэрвію выданьню «Беларускі рынак» расказаў стваральнік сацыялягічнай лябараторыі «Новак» і дасьледчага цэнтру «Беларуская аналітычная майстэрня», прафэсар Андрэй Вардамацкі.
— Традыцыйна ў канцы году вы праводзіце навагодняе апытаньне, у тым ліку вывучаеце, наколькі шчасьлівыя або нешчасьлівыя былі беларусы ў мінулым годзе. Як гэтыя дадзеныя выглядалі ў 2020-м?
— Пазыцыя «даволі шчасьлівы» зьнізілася з 58% у 2019 годзе да 51% напрыканцы 2020-га. У той жа час адбылося павелічэньне колькасьці адказаў «ня вельмі шчасьлівы»: з 29% да 40%.
У навагоднім дасьледаваньні мы заўсёды пытаемся, наколькі ўдалы быў гэты год для краіны. Пазыцыя «няўдалы» рэзка і кардынальна павялічылася: з 9% у навагоднім дасьледаваньні 2019 году да 34% у 2020 годзе. Разам з тым колькасьць беларусаў, якія не губляюць надзеі, складала 45%, тых, хто адчувае трывогу — 26%, неспакой — 27%.
— Ці дасьледавалі вы пратэставы рух, і калі так, то якія вынікі?
— Асноўная тэза афіцыйнага пункту гледжаньня палягае ў тым, што ўдзельнікі пратэстаў — гэта «несьвядомая моладзь». Дык вось, дасьледаваньні паказваюць, што колькасьць маладых людзей ва ўзросьце 18–29 гадоў дакладна такая ж, як і людзей ва ўзросьце 56 гадоў і старэйшых, — прыкладна па 20%.
Гэта сьведчыць аб тым, што ў пратэстах удзельнічае ня толькі «несьвядомая моладзь», але і катэгорыя грамадзян, узрост якіх адпавядае ўзросту найбольш вядомага суб’екта краіны.
Што тычыцца адукацыі, то сярэдні ўзровень адукацыі ўдзельнікаў пратэстаў большы за сярэдні ўзровень адукацыі насельніцтва Беларусі. А адсотак людзей з вышэйшай адукацыяй большы за адсотак людзей з вышэйшай адукацыяй па краіне ў цэлым.
— Якое стаўленьне да лідэраў апазыцыі?
— Дадзеныя лета — пачатку восені паказваюць, што Сьвятлана Ціханоўская лідзіравала. Што тычыцца дынамікі сёньняшняга дня, то яе электаральны рэйтынг зьнізіўся.
— Вы зь верасьня праводзіце фокус-групы як з удзельнікамі пратэстаў, гэтак і з праціўнікамі. Як зьмяняецца настрой пратэстоўцаў, іх мэты?
— У тым, што тычыцца мэтаў, нічога не мяняецца. Як грамадзяне сваёй краіны людзі хочуць удзельнічаць у прыняцьці рашэньняў.
Наогул, асноўная характарыстыка ўзаемадзеяньня дзьвюх груп — прыхільнікаў пратэстаў і праціўнікаў — гэта фэномэн каштоўнаснай несумяшчальнасьці. У іх прынцыпова розныя шкалы ацэнкі сытуацыі.
Для прыхільнікаў пратэстаў шкалой зьяўляецца сытуацыя ў іншых краінах: наколькі было б лепш, калі б у Беларусі было б гэтак жа. А праціўнікі пратэстаў параўноўваюць з тым, як было ў краіне ў пачатку 90-х.
Разам з тым ужо самыя апошнія дадзеныя паказваюць пераходы праўладных людзей у стан прыхільнікаў зьменаў. Гэта адбываецца на чатырохмесячным адрэзку часу. Трэба вывучаць гэтую дынаміку.
— Як зьмяніліся настроі пратэстоўцаў?
— Па фокус-групах выразна відаць, што ступень незадаволенасьці практычна засталася такая самая. Больш за тое, з прычыны рэпрэсіўных дзеяньняў з боку дзяржавы яна стала вастрэйшая.
— А што б вы маглі сказаць пра геапалітычныя арыентацыі беларусаў цяпер?
— Можна казаць пра нейкі новы працэс у беларускай геапалітычнай масавай сьвядомасьці: гэта расслаеньне паняцьцяў «Расея», «Народ Расеі» і «Крэмль».