YouTube верне доступ былому прэзыдэнту ЗША Дональду Трапму, калі зьнізіцца рызыка гвалту. Пра гэта паведаміла кіраўнік відэахостынгу Сьюзан Вайціцкі, піша выданьне Politico.
Акаўнты Трампа ў сацсетках, уключаючы YouTube, Facebook і Twitter, былі заблякаваныя пасьля штурму Капітолія 6 студзеня радыкальнымі прыхільнікамі экс-прэзыдэнта. Яны спрабавалі сарваць паседжаньне Сэната па зацьвярджэньні суперніка Трампа дэмакрата Джо Байдэна на пасаду прэзыдэнта ЗША. Сацсеткі палічылі, што апублікаваныя паведамленьні былога прэзыдэнта маглі справакаваць гвалт.
У лютым сэрвіс мікраблогаў Twitter пацьвердзіў пажыцьцёвае блякаваньне акаўнта Трампа нават калі ён зноў будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта і пераможа на выбарах.
Крытыкі такіх дзеяньняў сацсетак заяўляюць аб цэнзуры і зьвяртаюць увагу на абмежаваньне свабоды слова.