Лукашэнка заявіў, што адзначае «сапраўдных мужыкоў», якія прывыклі «глядзець у вочы небясьпецы і добра ведаюць цану міру і чалавечаму жыцьцю».
«Гэта мае асаблівы сэнс у Год народнага адзінства, —сказаў ён. — Як бы патасна ні гучала, для мяне вы ўяўляеце перадавы атрад арміі дабра, людзей творчых, і самае галоўнае — нацэленых на вынік. Нацыя, якая клапоціцца пра заўтрашні дзень, можа згуртавацца і пасьпяхова разьвівацца толькі на пазытыўных ідэях і справах. Сваёй працай вы робіце нашу краіну мацнейшай і прыгажэйшай».
Прысутны на цырымоніі міністар унутраных спраў Іван Кубракоў запэўніў Лукашэнку, што беларуская міліцыя «гатовая да любых выклікаў і пагрозаў».
«Міліцыя ўжо паказала, што гатовая да любых выклікаў і пагрозаў, — сказаў Кубракоў. — Ня проста так раскрываюцца злачынствы — гэта карпатлівая, штодзённая праца. Мы ведаем усіх, хто заклікае. Памятаеце, калі на Ўсебеларускі сход некаторыя спрабавалі зладзіць хаос. Усе гэтыя людзі былі вылічаныя, затрыманыя і прыцягнутыя да адказнасьці».
Кубракоў разам з падначаленымі паўдзельнічаў у рытуале ўскладаньня вянкоў да помніка супрацоўнікам унутраных спраў, якія загінулі пры выкананьні службовага абавязку.