Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская спадзяецца, што ўлады Швайцарыі замарозяць банкаўскія актывы Лукашэнкі


Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская.

Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская плянуе правесьці перамовы з уладамі Швайцарыі з просьбай замарозіць актывы Лукашэнкі.

Святлана Ціханоўская разглядае магчымасьць паездкі ў Швайцарыю, дзе яна спадзяецца сустрэцца ў Жэневе з Высокім камісарам ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі. Агенцтва «Франс-Прэс» паведаміла пра гэта ў суботу з спасылкай на інтэрвію, якое Ціханоўская дала швайцарскай газэце Le Temps.

Ціханоўская, якая была вымушаная ўцячы зь Беларусі ў Літву, расказала ў інтэрвію аб плянах наведаць Швайцарыю ў сакавіку, «калі дазволяць абмежаваньні, зьвязаныя з пандэміяй». У Жэнэве яна зьбіраецца сустрэцца з Мішэль Бачэлет, каб абмеркаваць шляхі аднаўленьня справядлівасьці ў Беларусі, а таксама правесьці сустрэчу з уладамі Швайцарыі.

Святлана Ціханоўская таксама заявіла, што хоча зьвярнуцца да швайцарскага ўраду з просьбай замарозіць актывы Аляксандра Лукашэнкі, якія захоўваюцца ў тамтэйшых банках.

У інтэрвію Le Temps Ціханоўская прызнала, што апазыцыйныя сілы на гэты момант прайгралі бітву на вуліцах з рэжымам Лукашэнкі.

«У нас няма сродкаў для барацьбы з гвалтам рэжыму супраць дэманстрантаў, — сказала яна, — У іх ёсьць зброя, у іх ёсьць сіла... Вяртаньне да дэмакратыі зойме больш часу, чым плянавалася».

У сьнежні Мішэль Бачэлет асудзіла пагаршэньне сытуацыі з правамі ў Беларусі ў сваім выступе на пасяджэньні Рады ААН у правах чалавека. Яна спаслалася на паведамленьні пра тое, што пасьля галасаваньня 9 жніўня ў краіне былі арыштаваныя больш за 27 тысяч чалавек, у тым ліку пажылыя людзі, якія прымалі ўдзел у мірных пратэстах.

Рада ААН у правах чалавека зьбярэцца на чарговае пасяджэньне, прысьвечанае сытуацыі ў Беларусі, у бліжэйшы чацьвер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG