Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне катý адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у бургамістры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кот зь мянушкай Кваркі (Тваражок) хоча стаць бургамістрам невялікага нямецкага гораду, але яму адмовілі ў рэгістрацыі.

Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».

У 2021 годзе ў Нямеччыне пройдуць ня толькі выбары ў Бундэстаг, але і некалькі зямельных выбараў. 25 красавіка жыхары невялікага, але вельмі старога нямецкага гораду Дэміна ў Мэкленбургу-Пярэдняй Памэраніі будуць выбіраць таксама новага бургамістра.

Жаданьне заняць гэтую пасаду, сярод іншых, выявіў шасьцігадовы кот зь мянушцкай Кваркі. Ад імя патэнцыйнага кандыдата ў кіраўнікі гораду дакумэнты былі падрыхтаваныя даверанай асобай — уладальнікам ката Торстэнам Лорам.

Колькі катоў і котак налічваецца ў гэтым горадзе, не паведамляецца, але астатніх жыхароў тут — 11 тысяч.

Улады праверылі заяўку і адмовілі кандыдату ў рэгістрацыі. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва dpa, рашэньне было абгрунтаванае фармальнымі прычынамі. У прыватнасьці, Кваркі яшчэ не дасягнуў 18-гадовага ўзросту. Акрамя таго, на дакумэнтах адсутнічаў яго подпіс. Прававеды таксама адзначаюць неабходнасьць мець нямецкае грамадзянства, якога ў ката няма і быць ня можа.

У сваю чаргу, Торстэн Лор лічыць, што яго гадаванец валодае вялікім палітычным патэнцыялам, і мае намер працягнуць барацьбу за допуск ката да выбараў. Заняўшы пасаду, Кваркі мае намер аддаваць асаблівую ўвагу абароне жывёлаў, а таксама дамагацца зьмяншэньня аўтамабільнага патоку ў горадзе, гэта значыць, спрыяць разьвіцьцю грамадзкага транспарту і іншых альтэрнатываў.

Нямецкае заканадаўства больш строгае, чым, напрыклад, амэрыканскае, дзе легендарны кот Стабс цэлых дваццаць гадоў займаў пасаду ганаровага мэра мясцовасьці Талкітна на Алясцы.

У Беларусі ў 2015 годзе журналіст Васіль Сямашка спрабаваў зарэгістраваць свайго ката Барсіка кандыдатам у прэзыдэнты. Але тады беларускі Барсік таксама атрымаў адмову, як і цяпер яго нямецкі калега Кваркі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG