Як паведамляе рэгіянальны партал 6tv.by, яго прызналі вінаватым у абразе начальніка аддзелу ДАІ Бабруйскага гарвыканкаму Віталя Паддубскага.
Як паведамляе БелаПАН, акрамя крымінальнага пакараньня Цімафееў павінен выплаціць 1 тысячу рублёў па заяўленым Паддубскім грамадзянскім пазове аб кампэнсацыі яму маральнай шкоды. Пры гэтым судзьдзя пакінула без разгляду патрабаваньне супрацоўніка ДАІ аб выдаленьні з усеагульнага доступу камэнтара Цімафеева, разьмешчанага ў youtube-канале 6tv.by, а таксама патрабаваньне, каб блогер выбачыўся.
Згодна з матэрыяламі справы, у чэрвені 2020 году ў сюжэце youtube-каналу 6tv.by Цімафееў, выйшаўшы з Магілёўскага абласнога суду, дзе ён абскардзіў рашэньне аб арышце за нібыта ўдзел у вулічнай акцыі ў Бабруйску 9 траўня, выказаў абразьлівыя словы на адрас Паддубскага.
Цімафееў сьцьвярджае, што словы, якія пакрыўдзілі Паддубскага, у першую чаргу тычыліся ўсёй сыстэмы, у якой магчыма несправядлівае пакараць невінаватага чалавека. Ён расказаў, што ў Бабруйску быў праездам і хацеў у Дзень Перамогі ўскласьці вянок да помніка, здымаючы гэта для сваіх падпісчыкаў. Потым яго затрымалі і арыштавалі на 12 сутак. Іх Цімафееў правёў у магілёўскім ІЧУ.
Дзяржаўтаінспэкцыя, у сваю чаргу, аштрафавала блогера за нібыта неправамерна пададзены гукавы сыгнал і налепкі на аўтамабілі. Адзначаецца, што зроблена гэта было, калі Цімафееў ужо быў затрыманы за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі і за непадпарадкаваньне патрабаваньню супрацоўніка міліцыі.
Цімафееў абскардзіў рашэньне бабруйскага суду ў Магілёўскім абласным судзе. Суд не прыняў да ўвагі відэазапіс, які сьведчыць, што ён не зьдзяйсьняў правапарушэньняў, у якіх абвінавачваюць яго супрацоўнікі ДАІ.
Прысуд суду Цімафееў мае намер абскардзіць.