Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Далейшыя санкцыі будуць прынятыя аднагалосна». Эўразьвяз адрэагаваў на ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў


Сьцяг ЭЗ
Сьцяг ЭЗ

У Эўразьвязе назвалі поўным парушэньнем асноўных свабод, правоў чалавека і вяршэнства закону сёньняшнія ператрусы ў беларускіх праваабаронцаў і журналістаў.

Паводле прэсавага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэра Стана, сёньняшнія падзеі сьведчаць пра ўзмацненьне кампаніі запалохваньня і нападаў на актывістаў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў і журналістаў.

«Народ Беларусі зазнае перасьлед за ажыцьцяўленьне сваіх асноўных правоў шляхам мірнага пратэсту супраць сфальсыфікаваных выбараў у жніўні 2020 году і жорсткасьці праваахоўных органаў. Гэта непрымальна. Адбыліся сотні палітычна матываваных судовых працэсаў. Беларусы пазбаўленыя самых асноўных правоў, уключаючы права на справядлівы судовы разбор і права на гуманнае абыходжаньне ў зьняволеньні», — гаворыцца ў заяве Стана.

Ён нагадаў, што ЭЗ пастаянна займаецца сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і ўвёў санкцыі супраць 84 асобаў і 7 арганізацый, адказных за падаўленьне і запалохваньне мірных дэманстрантаў.

«Любыя далейшыя санкцыі будуць прынятыя Радай аднагалосна. ЭЗ цьвёрда перакананы ў тым, што толькі дэмакратыя, вяршэнства закону і правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў з улікам дэмакратычнай волі народу Беларусі — адзіны шлях наперад, які гарантуе доўгатэрміновую стабільнасьць і сувэрэнітэт Беларусі», — заявіў прэсавы сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG