Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М’янма: пратэстоўцы заблякавалі чыгунку, хунта абяцае новыя выбары


Пратэстовец каля будынку Эканамічнага банку М'янмы ў горадзе Мандалай трымае перакрэсьлены партрэт галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі М'янмы Мін Аўнг Глайнга, 15 лютага.
Пратэстовец каля будынку Эканамічнага банку М'янмы ў горадзе Мандалай трымае перакрэсьлены партрэт галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі М'янмы Мін Аўнг Глайнга, 15 лютага.

16 лютага вайсковая хунта ў М’янме заявіла, што гарантуе правядзеньне новых выбараў. Адначасова вайскоўцы адмовіліся прызнаваць, што яны зрабілі дзяржаўны пераварот і арыштавалі абраны ўрад.

Як паведамляе агенцтва Reuters , хунта абвінаваціла пратэстоўцаў у гвалце і запалохваньні. Маніфэстанты заблякавалі чыгунку каля найбуйнейшага мэгаполісу Янгон, дамагаючыся вызваленьня палітычных лідэраў.

Упершыню пасьля перавароту 1 лютага вайсковая хунта ў М’янме правяла прэс-канфэрэнцыю.

«Наша мэта — правесьці выбары і перадаць уладу партыі, якая пераможа», — заявіў генэрал Заў Мін Тун, прэс-сакратар кіроўнай дзяржаўнай рады.

Цягам двухгадзіннай трансьляцыі прадстаўнік вайскоўцаў не назваў даты новых выбараў і дадаў, што армія ня будзе ўтрымліваць уладу доўга. Надзвычайнае становішча ў М’янме працягнулі на год. На пытаньне пра арышт кіраўніцы ўраду, ляўрэаткі Нобэлеўскае прэміі міру Аўнг Сан Су Чы і прэзыдэнта Він М’іна генэрал заявіў, што іх не арыштоўвалі — яны проста знаходзіліся ў сваіх дамах у мэтах бясьпекі.

16 лютага маніфэстанты перакрылі чыгуначнае злучэньне між гарадамі Янгон і Малам’ямн, скандуючы лёзунгі «Тэрмінова вызваліце нашых лідэраў!» і «Вярніце ўладу народу!». Натоўпы пратэстоўцаў традыцыйна сабраліся ля будынкаў унівэрсытэту і цэнтральнага банку ў Янгоне, заклікаючы супрацоўнікаў далучыцца да руху грамадзкага непадпарадкаваньня. Каля 30 будысцкіх манахаў падтрымалі пратэсты малітвай.

У панядзелак 15 лютага адмысловы прадстаўнік ААН Хрысьцін Шранэр Бургенэр папярэдзіла вайскоўцаў М’янмы, што сьвет уважліва сочыць за сытуацыяй і што любая форма жорсткага рэагаваньня супраць дэманстрантаў можа мець сур’ёзныя наступствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG