Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі выносяць абсталяваньне з офісу БАЖ у Менску, 16 лютага
Сілавікі выносяць абсталяваньне з офісу БАЖ у Менску, 16 лютага

Ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў, сьледчыя шукаюць доказы «фінансаваньня пратэстаў»

З раніцы 16 лютага сьледчыя прыйшлі ў кватэры і офісы праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў па ўсёй краіне. Шукаюць матэрыялы аб фінансаваньні пратэстаў.

12:40 16.2.2021

Стэфановіч: «Тое, што адбываецца, – акцыя застрашваньня журналістаў і праваабаронцаў»

Намесьнік старшыні «Вясны», праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў БелаПАН сёньняшнія напады на журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне.

«Адзінае, што можна сказаць: мы ўсе выконваем свае праваабарончыя функцыі. Людзей на вуліцу выводзілі не мы, а ўсім вядомы дзеяч, які сінімі пальцамі трымаецца за ўладу. Людзі выходзілі на вуліцу не таму, што іх на гэта арганізоўвалі праваабаронцы або журналісты. Мы толькі працуем з наступствамі таго, што ў краіне адбываецца, а ўсю адказнасьць за тое, што адбываецца, натуральна, нясуць улады».

13:00 16.2.2021

Барыс Гарэцкі расказаў, як прайшоў ператрус

13:11 16.2.2021

Ператрус прайшоў і ў рэчыцкага журналіста

Сілавікі правялі ператрус у Андрэя Мядзьведзева, журналіста-фрылансера з Рэчыцы, які супрацоўнічае з рознымі выданьнямі. Ператрус адбыўся ў рамках расьледваньня па актыкуле 342 Крымінальнай кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

13:28 16.2.2021

Намесьнік старшыні БАЖ Алег Агееў таксама на волі

У намесьніка старшыні БАЖ Алега Агеева дома раніцай таксама прайшоў ператрус. Ператрус быў вельмі скурпулёзны, паведамляе арганізацыя. Забралі тэхніку, грошы, пакінулі 120 рублёў. Алег на волі.

Крымінальную справу па арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) завёў Сьледчы камітэт, пастанову аб ператрусе выносіў маёр юстыцыі Папоў, дата - 2021/02/01. Намесьнік генеральнага пракурора санкцыянаваў ператрус.

13:39 16.2.2021

Ператрус у офісе магілёўскай філіі «Вясны» працягваецца

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», ператрусы прайшлі ў сябраў Магілёўскай філіі арганізацыі Аляксея Колчына і Барыса Бухеля.

Каля 13.00 стала вядома, што Колчын і Бухель затрыманыя. Вядома, што Аляксея Колчына павезьлі на офіс «Магілёўскай Вясны» на ператрус.

13:43 16.2.2021

Затрымалі праваабаронцу «Вясны» Салаўёва

Прайшоў ператрус і ў праваабаронцы «Вясны» Зьмітра Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Пры затрыманьні ў хаце Салаўёва выламалі дзьверы. Зьмітра затрымалі, паведамляе арганізацыя.

13:53 16.2.2021

Пасьля ператрусу ў офісе БАЖ

Сьледчыя выносяць канфіскаваныя рэчы і дакумэнты з офісу БАЖ. 16 лютага.

13:56 16.2.2021

Апячатаныя дзьверы офісу БАЖ пасьля ператрусу сілавікоў

14:41 16.2.2021

БАЖ просіць пакуль ня сплачваць унёскі, могуць заблякаваць рахунак

Пасьля ператрусу ў офісе і кватэрах лідэраў арганізацыі БАЖ паведаміў, што ў сувязі з тым, што ў іх забралі пячатку і дакумэнты, просяць сябраў арганізацыі пакуль не аплочваць унёскі на рахунак арганізацыі, бо вялікая верагоднасьць таго, што рахунак будзе заблякаваны.

14:43 16.2.2021

Юрыст «Вясны» Сапелка пасьля ператрусу на волі

Павел Сапелка паведаміў, што у яго дома адбыўся ператрус, была канфіскаваная ўся тэхніка. Ён на волі.

Але траіх праваабаронцаў «Вясны» затрымалі.

14:45 16.2.2021

Другі запар ператрус у юрыста ў Горадні

У юрыста і грамадзкага актывіста​ Алега Калінкова ў Горадні таксама прайшоў ператрус. Пра гэта ён паведаміў у фэйсбуку. Ператрус адбываецца ў рамках расьледваньня па актыкуле 342 Крымінальнай кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Гэта ўжо другі ператрус за апошнія некалькі дзён. Ператрусы былі як дома, так і на лецішчы Калінкова. Яны праходзілі ў межах справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Супрацоўнікі міліцыі вынялі тэхніку і дакументы.

Як паведамляе Hrodna.Life, у Калінкова пасьля ператрусу ў дзьвюх кватэрах, які пачаўся ў 7:30, забралі банкаўскія карткі, тэлефон, нататнік, статутныя дакумэнты па грамадзкім аб'яднаньні. Пастанова на ператрус была выпісаная яшчэ 1 лютага. «Апрача актыўнай грамадзкай дзейнасьці я займаюся справамі спажыўцоў як праваабаронца. Прыйшлі і пераглядзелі кожны аркушык у дакумэнтах», — расказаў Калінкоў.

14:52 16.2.2021

Больш за 40 ператрусаў па краіне

Ператрусы прайшлі і праходзяць у офісах 4 арганізацый і ў кватэрах больш як 40 журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў у розных гарадах Беларусі.

Сьпіс можна паглядзець тут.

15:04 16.2.2021

Камісар Рады Эўропы адрэагавала на ператрусы ў Беларусі

«Цкаваньне празь ператрусы, арышты і крымінальны перасьлед журналістаў і абаронцаў правоў чалавека, у тым ліку партнэраў Рады Эўропы і ААН у Беларусі, непрымальнае. Свабоды выказваньняў, аб’яднаньняў і сходаў павінны быць гарантаваныя паводле міжнародных стандартаў правоў чалавека. #BAJ #Viasna #disright», — напісала ў Твітэры камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Дуня Міятавіч.

15:40 16.2.2021

Ператрус у «Вясьне» скончыўся, Бяляцкага павезьлі на ператрус дамоў

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі


Каля 15.20 ператрус у офісе «Вясны» ў Менску скончыўся, паведамляе арганізацыя. Мікрааўтобусы з вынятымі рэчамі зьехалі. Старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага павезьлі на вобшук да яго дамоў. Так ужо было ў 2011 годзе.

15:49 16.2.2021

Закончыліся ператрусы ў сваякоў Андрэя Стрыжака

Жонка Андрэя Стрыжака Яўгенія Парашчанка паведаміла, што ў яе і ў яе бацькоў скончыліся два ператрусы па артыкуле аб масавых беспарадках.

«Артыкул – 342. Гэта па справе Андрэя Стрыжака – упэўненая на 100000%. Бо пастанову на ператрус даслала ў Гомельскі ГУБАЗіК Генэральная пракуратура; а яшчэ сьледчыя высьвятлялі, «ці жыў ваш муж на Савецкай» — зьбіраліся трусіць і там».

Першы ператрус быў у яе бацькоў. Забралі бацькавы грошы і нават карткі, на якія бацькі атрымліваюць пэнсіі. Пакінулі «на жыцьцё» 55 рублёў. Другі ператрус быў у кватэры, якую Яўгенія і Андрэй наймалі разам. Забралі, апрача папераў Андрэя, і рэчы Яўгеніі, грошы і ўсё, дзе была хоць найменшая выява «Пагоні».

15:52 16.2.2021

У праваабаронцы са Сьветлагорску забралі паперы і зламаны ноўтбук

16 лютага супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ператрусы у рамках крымінальнай справы за масавыя беспарадкі (артыкул 342 КК) у сьветлагорскай праваабаронцы Алены Масьлюковай.

Алена Масьлюкова
Алена Масьлюкова

«Асабліва нічога не знайшлі, забралі паперы, розныя скаргі і мабільны тэлефон. Таксама стары зламаны ноўтбук мужа», — паведаміла праваабаронца.

«Мяне папікалі супрацоўнікі ГУБАЗіК: „Чаму вы не зьехалі ў Літву?“ Чаму я мушу зьяжджаць? Я раблю нейкія злачынствы?», — дадала Алена Масьлюкова.
Таксама ператрусы прайшлі ў яе мазырскага калегі Ўладзімера Целяпуна.

16:14 16.2.2021

Каардынатар кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня — на волі

Андрэй Палуда.
Андрэй Палуда.

Скончыўся ператрус у праваабаронцы «Вясны» і каардынатара кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі Андрэя Палуды. Забралі тэхніку, картку і асабістыя грошы.

16:29 16.2.2021

У Віцебску затрымалі праваабаронцу Паўла Левінава

Як піша «Белсат», імаверна, яго павезлі дадому, дзе цяпер пройдзе ператрус.

17:36 16.2.2021

Затрымалі дачку лідэра Партыі БНФ

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што магілёўская пракуратура затрымала ягоную дачку Кацярыну:

«Яны з маёй жонкай Ларысай былі на вёсцы: Цяхцін, Бялыніцкі р-н. Прыехалі на вёску, правялі там ператрус, затрымалі дачку і паехалі на Магілёў. Пры ператрусе нічога не забралі».

17:38 16.2.2021

Валянцін Стэфановіч пра ператрусы і перасьлед актывістаў «Вясны»

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG