Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі выносяць абсталяваньне з офісу БАЖ у Менску, 16 лютага
Сілавікі выносяць абсталяваньне з офісу БАЖ у Менску, 16 лютага

Ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў, сьледчыя шукаюць доказы «фінансаваньня пратэстаў»

З раніцы 16 лютага сьледчыя прыйшлі ў кватэры і офісы праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў па ўсёй краіне. Шукаюць матэрыялы аб фінансаваньні пратэстаў.

18:32 16.2.2021

Дома ў Алеся Бяляцкага правялі ператрус. Ён на волі

Старшыня Праваабароначага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі пасьля ператрусу ў ягонай кватэры ў Менску паведаміў Свабодзе, што пастанова на ператрус была падпісаная 1 лютага па артыкуле 342 КК (Масавыя беспарадкі). Ператрусы прайшлі ў офісе «Вясны» і ў яго дома. Забралі дакумэнты і аргтэхніку. Самога Алеся на допыт не забралі, ён на волі.

18:47 16.2.2021

У Магілёве вызвалілі праваабаронцу Барыса Бухеля

Ён сьведка ў крымінальнай справе аб фінансаваньні пратэстаў. У яго падчас ператрусу забралі тэлефон, кампутар, флэшкі, грошы гатоўкай і банкаўскую картку. Апэратыўнікі да яго прыйшлі а 7-й раніцы, паведаміла валянтэр цэнтру «Вясна» ў Магілёве.

18:50 16.2.2021

«Дзікае паляваньне» на праваабаронцаў. Каму і навошта гэта трэба

Чаму ператрусы ў праваабарончых і прафэсійных арганізацыях адбываюцца менавіта цяпер? Якія іх дзеяньні могуць разглядацца як фінансаваньне пратэстаў? Дзе спыніцца гэты «каток» і што можа яго спыніць?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць рэдактарка «Беларускага партызана», былая намесьніца старшыні БАЖ Сьвятлана Калінкіна і кіраўнік правабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсінскі камітэт» Алег Гулак.

Кароткі зьмест.

18:53 16.2.2021

Затрыманьні ў прафсаюзе РЭП у Менску

Затрыманыя актывіст прафсаюзу РЭП у Менску – Вацлаў Арэшка і прававы інспэктар і праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Малей, паведамляе «Вясна». 11 лютага ён адзначыў 70-гадовы юбілей.

У менскім офісе прафсаюзу на Кульман, 4 да гэтага часу ідзе ператрус. Гарыць сьвятло ў некалькіх вокнах. Побач з уваходам прыпаркаваны мікрааўтобус.

19:04 16.2.2021

Вобшук у кватэры Алеся Бяляцкага скончыўся

Старшыня «Вясны» застаецца на волі, ён ня мае працэсуальнага статусу. Вобшук у офісе «Вясны» на вул. Мяржынскага ў Менску працягваецца.

19:46 16.2.2021

Ператрус у Полацку

Як паведамляе «Вясна», падчас ператрусу ў полацкага праваабаронцы Юрыя Бельскага забралі тэлефоны і аргтэхніку.

19:53 16.2.2021

Вызваленая дачка лідэра БНР Рыгора Кастусёва — Кацярына

У ейнай кватэры адбыўся ператрус, але нічога не забралі. Яна кажа, што зь ёю гутарылі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Ёю зацікавіліся, бо, паводле іхных зьвестак, яна была валянтэркай праваабарончага цэнтру «Вясна». Кацярына кажа, што ніколі ёю не была, але зьвярталася па кансультацыю да праваабаронцаў, калі былі праблемы на працы.

Таксама адбыўся ператрус у бацькоў Кацярыны ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну. Гаспадарам супрацоўнікі адразу заявілі, каб яны добраахвотна выдалі, калі ёсьць, зброю, наркотыкі і забароненую літаратуру. У доме нічога крамольнага не знайшлі, але забралі Кацярыну.

20:57 16.2.2021

Магілёўскі праваабаронца і кіраўнік магілёўскага аддзяленьня цэнтру «Вясна» Аляксей Колчын на волі

Пра гэта ён сам паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. У ягонай кватэры і ў офісе аддзяленьня прайшлі вобшукі. Паводле актывіста, забралі тэлефон, 2 кампутары, флэшкі, дыскі, а таксама ягоную магістарскую працу

21:04 16.2.2021

Забралі лісты ад палітзьняволеных

Як паведаміў сайту «Гомельскай вясны» валянтэр Ільля Міронаў, у якога таксама сёння адбыўся вобшук на кватэры, у яго пасьля вобшуку забралі квітанцыі, нататнікі, тэлефоны, лісты ад палітзьняволеных, флэшкі, сыстэмнік.

Міронаў лічыць, што такім чынам сілавікі ціснуць і запалохваюць увесь валянтэрскі рух.

22:07 16.2.2021

Ператрус у фатографа

У гомельскага фатографа Сяргея Лысенкі, які здымаў пасьлявыбарныя пратэсты, адбыўся ператрус па 342 арт. (групавыя дзеяньні, груба парушаючы грамадзкі парадак). Кіраваў ГУБАЗіК з удзелам АМАПу. Забралі ноўтбук і тэлефон, запытвалі пра журналістку Ларысу Шчыракову і сайт «Гомельская вясна».

22:25 16.2.2021

«Дакладна правакацыя». У канапе ў сядзібе прафсаюзу РЭП знайшлі патрон

Старшыня прафсаюзу РЭП Васіль Завадзкі паведаміў, што ператрус у сядзібе арганізацыі завершаны. Ён і былы лідэр прафсаюзу Генадзь Фядыніч на волі.

Паводле Завадзкага, канфіскаваныя ўсе сродкі сувязі, сам ён напісаў сваё паведамленьне з чужога гаджэта. Ператрус адбываўся ад 13 і да 18 гадзіны. Забралі тэлефоны, ноўтбукі, друкаваныя і агітацыйныя матэрыялы, уласныя грошы.

«Непрыемным сюрпрызам аказалася „знаходка“ паляўнічага патрона ў канапе на кухні. Хто бываў у нашым офісе, ведае, колькі людзей там пабывала, але, вядома, патрон у канапе — гэта дакладна правакацыя». — напісаў Завадзкі.

Ператрус ён ацэньвае як чарговую спробу «задушыць незалежны па-сапраўднаму баявы прафсаюз РЭП».

XS
SM
MD
LG