«Дакладна правакацыя». У канапе ў сядзібе прафсаюзу РЭП знайшлі патрон
Старшыня прафсаюзу РЭП Васіль Завадзкі паведаміў, што ператрус у сядзібе арганізацыі завершаны. Ён і былы лідэр прафсаюзу Генадзь Фядыніч на волі.
Паводле Завадзкага, канфіскаваныя ўсе сродкі сувязі, сам ён напісаў сваё паведамленьне з чужога гаджэта. Ператрус адбываўся ад 13 і да 18 гадзіны. Забралі тэлефоны, ноўтбукі, друкаваныя і агітацыйныя матэрыялы, уласныя грошы.
«Непрыемным сюрпрызам аказалася „знаходка“ паляўнічага патрона ў канапе на кухні. Хто бываў у нашым офісе, ведае, колькі людзей там пабывала, але, вядома, патрон у канапе — гэта дакладна правакацыя». — напісаў Завадзкі.
Ператрус ён ацэньвае як чарговую спробу «задушыць незалежны па-сапраўднаму баявы прафсаюз РЭП».
Ператрус у фатографа
У гомельскага фатографа Сяргея Лысенкі, які здымаў пасьлявыбарныя пратэсты, адбыўся ператрус па 342 арт. (групавыя дзеяньні, груба парушаючы грамадзкі парадак). Кіраваў ГУБАЗіК з удзелам АМАПу. Забралі ноўтбук і тэлефон, запытвалі пра журналістку Ларысу Шчыракову і сайт «Гомельская вясна».
Забралі лісты ад палітзьняволеных
Як паведаміў сайту «Гомельскай вясны» валянтэр Ільля Міронаў, у якога таксама сёння адбыўся вобшук на кватэры, у яго пасьля вобшуку забралі квітанцыі, нататнікі, тэлефоны, лісты ад палітзьняволеных, флэшкі, сыстэмнік.
Міронаў лічыць, што такім чынам сілавікі ціснуць і запалохваюць увесь валянтэрскі рух.
Магілёўскі праваабаронца і кіраўнік магілёўскага аддзяленьня цэнтру «Вясна» Аляксей Колчын на волі
Пра гэта ён сам паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. У ягонай кватэры і ў офісе аддзяленьня прайшлі вобшукі. Паводле актывіста, забралі тэлефон, 2 кампутары, флэшкі, дыскі, а таксама ягоную магістарскую працу
Вызваленая дачка лідэра БНР Рыгора Кастусёва — Кацярына
У ейнай кватэры адбыўся ператрус, але нічога не забралі. Яна кажа, што зь ёю гутарылі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Ёю зацікавіліся, бо, паводле іхных зьвестак, яна была валянтэркай праваабарончага цэнтру «Вясна». Кацярына кажа, што ніколі ёю не была, але зьвярталася па кансультацыю да праваабаронцаў, калі былі праблемы на працы.
Таксама адбыўся ператрус у бацькоў Кацярыны ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну. Гаспадарам супрацоўнікі адразу заявілі, каб яны добраахвотна выдалі, калі ёсьць, зброю, наркотыкі і забароненую літаратуру. У доме нічога крамольнага не знайшлі, але забралі Кацярыну.
Ператрус у Полацку
Як паведамляе «Вясна», падчас ператрусу ў полацкага праваабаронцы Юрыя Бельскага забралі тэлефоны і аргтэхніку.
Вобшук у кватэры Алеся Бяляцкага скончыўся
Старшыня «Вясны» застаецца на волі, ён ня мае працэсуальнага статусу. Вобшук у офісе «Вясны» на вул. Мяржынскага ў Менску працягваецца.
Затрыманьні ў прафсаюзе РЭП у Менску
Затрыманыя актывіст прафсаюзу РЭП у Менску – Вацлаў Арэшка і прававы інспэктар і праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Малей, паведамляе «Вясна». 11 лютага ён адзначыў 70-гадовы юбілей.
У менскім офісе прафсаюзу на Кульман, 4 да гэтага часу ідзе ператрус. Гарыць сьвятло ў некалькіх вокнах. Побач з уваходам прыпаркаваны мікрааўтобус.
«Дзікае паляваньне» на праваабаронцаў. Каму і навошта гэта трэба
Чаму ператрусы ў праваабарончых і прафэсійных арганізацыях адбываюцца менавіта цяпер? Якія іх дзеяньні могуць разглядацца як фінансаваньне пратэстаў? Дзе спыніцца гэты «каток» і што можа яго спыніць?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць рэдактарка «Беларускага партызана», былая намесьніца старшыні БАЖ Сьвятлана Калінкіна і кіраўнік правабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсінскі камітэт» Алег Гулак.
У Магілёве вызвалілі праваабаронцу Барыса Бухеля
Ён сьведка ў крымінальнай справе аб фінансаваньні пратэстаў. У яго падчас ператрусу забралі тэлефон, кампутар, флэшкі, грошы гатоўкай і банкаўскую картку. Апэратыўнікі да яго прыйшлі а 7-й раніцы, паведаміла валянтэр цэнтру «Вясна» ў Магілёве.
Дома ў Алеся Бяляцкага правялі ператрус. Ён на волі
Старшыня Праваабароначага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі пасьля ператрусу ў ягонай кватэры ў Менску паведаміў Свабодзе, што пастанова на ператрус была падпісаная 1 лютага па артыкуле 342 КК (Масавыя беспарадкі). Ператрусы прайшлі ў офісе «Вясны» і ў яго дома. Забралі дакумэнты і аргтэхніку. Самога Алеся на допыт не забралі, ён на волі.
Валянцін Стэфановіч пра ператрусы і перасьлед актывістаў «Вясны»
Затрымалі дачку лідэра Партыі БНФ
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што магілёўская пракуратура затрымала ягоную дачку Кацярыну:
«Яны з маёй жонкай Ларысай былі на вёсцы: Цяхцін, Бялыніцкі р-н. Прыехалі на вёску, правялі там ператрус, затрымалі дачку і паехалі на Магілёў. Пры ператрусе нічога не забралі».
У Віцебску затрымалі праваабаронцу Паўла Левінава
Як піша «Белсат», імаверна, яго павезлі дадому, дзе цяпер пройдзе ператрус.
Каардынатар кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня — на волі
Скончыўся ператрус у праваабаронцы «Вясны» і каардынатара кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі Андрэя Палуды. Забралі тэхніку, картку і асабістыя грошы.
У праваабаронцы са Сьветлагорску забралі паперы і зламаны ноўтбук
16 лютага супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ператрусы у рамках крымінальнай справы за масавыя беспарадкі (артыкул 342 КК) у сьветлагорскай праваабаронцы Алены Масьлюковай.
«Асабліва нічога не знайшлі, забралі паперы, розныя скаргі і мабільны тэлефон. Таксама стары зламаны ноўтбук мужа», — паведаміла праваабаронца.
«Мяне папікалі супрацоўнікі ГУБАЗіК: „Чаму вы не зьехалі ў Літву?“ Чаму я мушу зьяжджаць? Я раблю нейкія злачынствы?», — дадала Алена Масьлюкова.
Таксама ператрусы прайшлі ў яе мазырскага калегі Ўладзімера Целяпуна.
Закончыліся ператрусы ў сваякоў Андрэя Стрыжака
Жонка Андрэя Стрыжака Яўгенія Парашчанка паведаміла, што ў яе і ў яе бацькоў скончыліся два ператрусы па артыкуле аб масавых беспарадках.
«Артыкул – 342. Гэта па справе Андрэя Стрыжака – упэўненая на 100000%. Бо пастанову на ператрус даслала ў Гомельскі ГУБАЗіК Генэральная пракуратура; а яшчэ сьледчыя высьвятлялі, «ці жыў ваш муж на Савецкай» — зьбіраліся трусіць і там».
Першы ператрус быў у яе бацькоў. Забралі бацькавы грошы і нават карткі, на якія бацькі атрымліваюць пэнсіі. Пакінулі «на жыцьцё» 55 рублёў. Другі ператрус быў у кватэры, якую Яўгенія і Андрэй наймалі разам. Забралі, апрача папераў Андрэя, і рэчы Яўгеніі, грошы і ўсё, дзе была хоць найменшая выява «Пагоні».
Ператрус у «Вясьне» скончыўся, Бяляцкага павезьлі на ператрус дамоў
Каля 15.20 ператрус у офісе «Вясны» ў Менску скончыўся, паведамляе арганізацыя. Мікрааўтобусы з вынятымі рэчамі зьехалі. Старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага павезьлі на вобшук да яго дамоў. Так ужо было ў 2011 годзе.
Камісар Рады Эўропы адрэагавала на ператрусы ў Беларусі
«Цкаваньне празь ператрусы, арышты і крымінальны перасьлед журналістаў і абаронцаў правоў чалавека, у тым ліку партнэраў Рады Эўропы і ААН у Беларусі, непрымальнае. Свабоды выказваньняў, аб’яднаньняў і сходаў павінны быць гарантаваныя паводле міжнародных стандартаў правоў чалавека. #BAJ #Viasna #disright», — напісала ў Твітэры камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Дуня Міятавіч.
Больш за 40 ператрусаў па краіне
Ператрусы прайшлі і праходзяць у офісах 4 арганізацый і ў кватэрах больш як 40 журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў у розных гарадах Беларусі.
Сьпіс можна паглядзець тут.