Больш за 20 ператрусаў па ўсёй Беларусі
Ператрусы ідуць па ўсёй Беларусі, сьледчыя прыйшлі у офісы БАЖ, «Вясны», прафсаюза РЭП, у кватэры журналістаў і праваабаронцаў і іх сваякоў.
Сьпіс тут:
Сьледчы камітэт Беларусі патлумачыў прычыны ператрусаў у праваабаронцаў і журналістаў
Заява апублікавалая ў тэлеграм-канале ведамства:
«Сьледчым камітэтам працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы паводле арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
У межах папярэдняга расьсьледаваньня з мэтай высьвятленьня абставінаў фінансаваньня пратэставай дзейнасьці сьледзтвам ініцыявана правядзеньне ператрусаў у арганізацыях, якія пазыцыянуюць сябе як праваабарончыя.
Правядзеньне працэсуальных дзеяньняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянавана Генэральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сытуацыі будзе дадзена пасьля правядзеньня ўсяго комплексу працэсуальных дзеяньняў».
Праўладны Беларускі саюз журналістаў паведаміў пра затрыманьне Андрэя Бастунца, Барыса Гарэцкага і Алега Агеева
Заява зьявілася ў тэлеграм-канале арганізацыі.
Там адзначылі, што Камітэт па этыцы і «саюзьнікі» ў Палаце прадстаўнікоў «у выпадку неабходнасьці і запыту» будуць гатовыя аказаць Асацыяцыі неабходную прававую дапамогу.Пры гэтым БСЖ асобна адзначыў, што папярэдне сьледчыя дзеяньні зьвязаныя зь незаконным, у тым ліку замежным фінансаваньнем дзейнасьці офісу і шэрагу «замежных агентаў» у галіне СМІ. БСЖ апэруе гэтым тэрмінам, хоць закон «аб замежных агентах» яшчэ нават не прынялі да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў. У постскрыптуме да свайго допісу праўладнае аб'яднаньне журналістаў адзначае, што БАЖ за апошні год ніводнага разу не асудзіў «напады» на сябраў іх саюзу. Сам БСЖ пры гэтым ані разу ня выступіў з афіцыйнай заявай, дзе б асуджаліся арышты і крымінальныя справы супраць членаў БАЖ.
Ператрус у офісе Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Каля 10.40 пачаўся ператрус на офісе ПЦ «Вясна» ў Менску па пр. Незалежнасьці 78а. Туды прыехаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.
Раней прайшоў ператрус у праваабаронцы «Вясны» Зьмітра Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Зьміцер затрыманы. З ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», праваабаронцы «Вясны» Андрэя Палуды.
«Прыйшлі 7 чалавек са зброяй». Сын старшыні БАЖ Андрэя Бастунца Арсеній пракамэнтаваў ператрус
Ператрус прайшоў ня толькі дома ў старшыні БАЖ Андрэя БАстунца, але і ў кватэры, дзе жыве ягоны сын.
Скончыўся ператрус у Барыса Гарэцкага
Гэта намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Пра гэта паведаміла Наста Дашкевіч: «Ён дома. Тэхнікі і тэлефонаў – няма».
Як паведамляе БАЖ, Гарэцкі распавёў, што да яго дадому прыйшлі ў 7.25 раніцы, настойліва званілі ў дзьверы, потым прыйшлі з абсталяваньнем, каб рэзаць дзьверы.
Барыс адкрыў. «Рукі за сьпіну і г.д»., але дома было трое дзяцей, таму прайшло даволі мякка, сілавую групу адправілі», – распавёў Гарэцкі. Паводле ягоных слоў, абшукалі ўсё, нават у сьметніцах і лядоўні глядзелі. Забралі ноўты, тэлефоны, сямейныя грошы (няшмат).
Усё працягвалася каля 3-4 гадзін. Ператрус быў у межах арт. 342 КК. Вобшук праводзіў Сьледчы камітэт, санкцыя пракуратуры.
Ператрус прайшоў у эксперта па лічбавай бясьпецы Мікалая Кванталіяні
Пра гэта паведамляе БАЖ.
Ператрус у гомельскай настаўніцы
У Гомелі праходзіць з сям'і раніцы вобшук у настаўніцы Надзеі Лашэнка-Казаковай. У лістападзе 2020 году яе з сяброўкай затрымала міліцыя за «адзенне пратэстных колераў». Жыхаркі Гомеля атрымалі штраф. Пазьней Надзея Лашэнка-Казакова вымушана была звольніцца. Прычыны вобшуку невядомыя
Ператрус у праваабаронцы ў Віцебску
Прайшоў ператрус у бацькоў віцебскай праваабаронцы Ірыны Трацьцяковай. Шукалі дакумэнты. Забралі флэшку і кніжку «Маніторынг аддзяленьняў міліцыі». Сама Ірына на волі, паведамляе «Вясна».
У журналісткі Ларысы Шчыраковай ператрус скончыўся
Ладзілі ператрус супрацоўнікі ГУБАЗіКу, прысутнічалі амапаўцы. Ператрус доўжыўся 3 гадзіны. Пыталі пра грошы, забралі фота-відэа тэхніку, накапляльнікі інфармацыі, нацыянальныя сьцягі і плякаты «Я – нячэсны журналіст», «Свабоду Судаленку».
Роўна 10 гадоў таму супрацоўнікі КДБ ладзілі ператрус у хаце журналісткі таксама па т. зв. масавых беспарадках, – паведамляе «Гомельская Вясна».
Барыс Гарэцкі пасьля ператрусу: «Які ў мяне статус, пакуль не сказалі»
Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі распавёў дэталі ператрусу:
«Вельмі шчыльна прайшліся па ўсёй кватэры, зазіралі ў кожную шчыліну, нават дзіцячыя рэчы глядзелі. Забралі ўсю тэхніку, два кампутары, чамусьці іх зацікавілі кнігі Ўладзімір Арлова».
Вядома пра 25 ператрусаў па ўсёй Беларусі
Агулам па Беларусі адбыліся і адбываюцца сама меней 25 ператрусаў у сябраў БАЖ, «Вясны» і прафсаюзу РЭП. Яны прайшлі ў Менску, Магілёве, Віцебску, Гомлі, Мазыры, Берасьці, Рэчыцы. Некалькі чалавек, зьвязаных са згаданымі арганізацыямі дагэтуль не выходзяць на сувязь. Гаворка, у прыватнасьці, пра юрыста «Вясны» Паўла Сапелку, берасьцейскага праваабаронцу Ўладзімера Вялічкіна. Магчыма, у іх кватэрах ці на офісах таксама ператрусы.
«Рукі за сьпіну!» Ператрус у кватэры сына старшыні БАЖ
Сын кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Арсеній Бастунец распавёў як да яго ў кватэру прыйшлі сілавікі, 7 чалавек са зброяй.
Ператрус у валянтэра ў Гомлі
Ператрус прахозіць таксама ў гомельскага валянтэра Ільлі Міронава. Ён займаецца дапамогай тым, хто трапіў пад палітычны перасьлед ці па артыкуле 23.34 КаАП. Вядома, што ў Міронава забралі ўсю кампутарную тэхніку і тэлефоны
Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала масавыя ператрусы
Яна параіла шукаць злачынцаў у офісах АМАПу, ГУБАЗіК і ўсіх адказных за рэпрэсіі.
«Гэта і ёсьць сапраўдны дзяржаўны крызіс, бо дзеля ўтрыманьня ўлады рэжым рэпрэсуе нават тых, хто абараняе правы людзей. Пакуль гэта адбываецца, у небясьпецы знаходзяцца ўсе беларусы».
Ціханоўская перакананая, што такімі дзеяньнямі Лукашэнка сам зьбірае матэрыялы справы для міжнароднага трыбуналу супраць сябе і набліжаных да яго. Ціханоўская сказала, што яе штаб перадаў інфармацыю ў Эўразьвяз і Раду ААН у правах чалавека з патрабаваньнем прыняць захады.
Ператрус у бацькі незалежнага журналіста ў Гомлі
У кватэры бацькі журналіста Яўгена Меркіса адбыўся ператрус. Забралі тэхніку (кампутары брата і бацькі, а таксама тэлефоны), паведамляе БАЖ.
Ператрусы ў валянтэрак у Берасьці
У Берасьці прышлі з ператрусамі да бацькоў валянтэрак Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч. Пакуль берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, не адказвае на тэлефанаваньні і ягоная жонка.
Што за арганізацыя БАЖ, куды прыйшлі сілавікі
Сярод тых, у каго сёньня адбываюцца ператрусы, кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Зь ператрусам таксама прыйшлі ў офіс БАЖ. Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з 1995 году, гэта недзяржаўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае журналістаў, садзейнічае разьвіцьцю журналістыкі. З 1997 году БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістыкі. У 2006 годзе БАЖ прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю ў Беларусі.
Ператрус у офісе БАЖ скончыўся, дзьверы апячаталі
З офіса БАЖ забралі сістэмны блок кампутара, тэчку з заявамі на ўступленьне новых сябраў арганізацыі. Прагледзелі ўсе працоўныя месцы, шафы. Дзьверы апячаталі, паведамляе арганізацыя.
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на волі
Ператрус на офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў скончаны. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец ужо на волі. Ператрус ладзілі людзі з цалкам схаванымі тварамі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец у камэнтары Свабодзе пасьля ператрусу, які скончыўся ў штаб-кватэры арганізацыі, сказаў, што застаецца на волі, не знаходзіцца пад падпіскай, але сілавікі папярэдзілі яго аб недапушчальнасьці раскрыцьця дэталяў ператрусу. Цяпер ён плянуе даведацца падрабязнасьці вобшукаў у сваіх калег, каб зразумець, што рабіць далей.