Генэральная пракуратура Беларусі 10 лютага паведаміла, што накіравала ў Генэральную пракуратуру Расеі запыт на выдачу Аляксея Кудзіна для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ў крымінальнай справе паводле ч.2 арт. 363 КК РБ — яму інкрымінуюць «супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў». Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Аляксей Кудзін зьяўляецца заслужаным майстрам спорту Беларусі, чэмпіёнам сьвету ў тайскім боксе сярод аматараў (2006, 2007, 2008 2011, 2014), чэмпіёнам сьвету ў кікбоксінгу сярод аматараў (2007, 2009), чэмпіёнам сьвету ў кікбоксінгу сярод прафэсіяналаў (2007).
Паводле «Трыбуны», 10 жніўня 2020 году Кудзін разам зь сябрамі апынуўся ў цэнтры Маладэчна ў момант, калі сілавікі пачалі атакаваць пратэстоўцаў. Да байца падбеглі амапаўцы, распылілі газ і пачалі зьбіваць дручкамі — пры гэтым, як сьцьвярджае адно з праўладных мэдыя, Кудзін адправіў аднаго зь сілавікоў у накаўт.
Кудзіну ўдалося ўцячы і дабрацца дадому, але адтуль з прычыны галавакружэньня і кепскага стану ён адправіўся ў лякарню. Недалёка ад яе байца і арыштавалі — пры гэтым разьбілі яго машыну, а ў самога Кудзіна стрэлілі і зноў яго зьбілі. У яго былі траўмы галавы і грудзей, а таксама моцнае пашкоджаньне пальца.
Амаль два тыдні Аляксей правёў за кратамі, пакуль 21 жніўня не зьявіўся ў сюжэце на дзяржтэлеканале СТБ. Баец прызнаў сябе вінаватым у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў супрацоўнікам МУС і раскайваўся. Яго адпусьцілі пад хатні арышт.
На 19 лістапада 2020 году ў маладэчанскім судзе прызначылі першае пасяджэньне ў справе байца, аднак Аляксей Кудзін у суд не прыехаў, пасьля чаго быў абвешчаны ў вышук. Пазьней спартовец напісаў у інтэрнэце, што зьехаў зь Беларусі. Пра яго пляны пакінуць краіну ня ведала нават жонка.