Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі вызваліць журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову перад судом


Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова
Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова

Амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з заявай аб судовым працэсе над журналісткамі телэканалу «Белсат» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай, заплянаваным на 9 лютага.

Журналістак абвінавачваюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ім пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.

«Злучаныя Штаты, краіны-партнэры і праваабарончыя арганізацыі па ўсім сьвеце лічаць гэтыя абвінавачваньні абуральнымі — журналісткі асьвятлялі разьвіцьцё падзеяў. ЗША заклікаюць беларускія ўлады вызваліць іх неадкладна і безумоўна, а таксама ў больш шырокім кантэксьце спыніць перасьлед журналістаў, якія робяць сваю працу», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце дыппрадстаўніцтва.

15 лістапада Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі пасьля жывой трансьляцыі і асьвятленьня гвалтоўнага разгону мірных пратэстоўцаў на «плошчы Пераменаў» у Менску. Тады людзі сабраліся, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. Актывіста і мастака схапілі і пабілі 11 лістапада, ён памёр на наступны дзень у шпіталі.

«Справа супраць журналістак зьяўляецца адным з мноства прыкладаў, якія дэманструюць працяг палітычна матываваных маніпуляцый законам з боку ўладаў дзеля таго, каб прымусіць СМІ замоўкнуць. Моцныя і незалежныя мэдыя, доступ да інфармацыі ёсьць неабходнай умовай вяршэнства закону і надзвычай важныя для пасьпяховасьці адкрытага, сучаснага грамадзтва», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG