Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца місіі ЗША пры АБСЭ заклікала Лукашэнку да дыялёгу зь Ціханоўскай


Менск, 30 жніўня 2020
Менск, 30 жніўня 2020

Кортні Острыен, кіраўніца місіі ЗША пры Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, асудзіла намер Аляксандра Лукашэнкі правесьці «ўсебеларускі сход» і заклікала яго да сапраўднага дыялёгу з апазыцыяй.

Выступаючы ў Пастаяннай радзе АБСЭ 4 лютага, часовая павераная місіі ЗША пры АБСЭ ў Вене Кортні Острыен сказала:

«У гэты панядзелак мы адзначым шэсьць месяцаў мірных пратэстаў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году. Мы працягваем зьдзіўляцца сіле, стойкасьці і мужнасьці беларускага народу, які патрабуе, каб яго голас быў пачуты. (…)

Спадар Лукашэнка абвясьціў, што правядзе 11 лютага Ўсебеларускі народны сход — канфэрэнцыю, якая не прэтэндуе на легітымнасьць, бо сьвядома ня ўцягвае больш шырокага грамадзтва ці пратэставага руху і яго лідэраў, уключна зь Святланай Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай.

Дзеля будучыні Беларусі мы зноў заклікаем рэжым Лукашэнкі весьці адкрыты дыялёг са спадарыняй Ціханоўскай і іншымі чальцамі ўсё большай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі Беларусі».

Паводле Кортні Острыен, замест таго каб праводзіць «надуманыя нацыянальныя сходы», беларускія ўлады павінны выканаць рэкамэндацыі, выкладзеныя ў дакладзе Маскоўскага мэханізму, які ў АБСЭ агучыў у лістападзе летась прафэсар Вольфганг Бэнэдэк. Сярод гэтых рэкамэндацый — дзьве галоўныя: неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць гвалт службаў бясьпекі ў дачыненьні да грамадзян, якія мірна шукаюць лепшай і больш дэмакратычнай будучыні.

У прамове кіраўніца місіі ЗША пры АБСЭ згадала зьняволеных журналістаў і блогераў у Беларусі, назваўшы прозьвішчы Кацярыны Барысевіч і Ігара Лосіка.

Пад канец прамовы Кортні Острыен працытавала Сьвятлану Алексіевіч.

«Некалі беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч сказала: „Свабода — гэта не імгненнае сьвята, як мы калісьці марылі. Гэта дарога. Доўгая дарога“. З нагоды Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю [7 лютага. — РС] Злучаныя Штаты паўтараюць абяцаньне, што будуць ісьці зь беларускім народам па гэтай доўгай дарозе кожны дзень, пакуль ён не рэалізуе свае памкненьні».

Ніводзін прадстаўнік дэмакратычнай супольнасьці ня будзе прысутнічаць на праўладным Усебеларускім сходзе ў якасьці дэлегата з правам галасаваньня. Некалькі лідэраў зарэгістраваных партый атрымалі запрашэньні ў якасьці гасьцей з правам толькі назіраць за працэсам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG