У выпадку прыняцьця законапраекту, падтрыманага як дэмакратамі, так і рэспубліканцамі, ЗША ўвядуць санкцыі ў дачыненьні да расейскіх чыноўнікаў, якія груба парушаюць міжнароднае права, у тым ліку, у выпадку з атручэньнем і турэмным зьняволеньнем Аляксея Навальнага.
Тэкст законапраекту, які падтрымалі дэмакраты Бэн Кардын, Крыс Ван Голен, Рычард Дурбін і рэспубліканец Міт Ромні, апублікаваны на сайце Сэнату.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле тэксту дакумэнту, прэзыдэнт павінен будзе цягам трох месяцаў з моманту прыняцьця закону падаць Кангрэсу справаздачы зь імёнамі расейскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да атручэньня і асуджэньня Навальнага.
Акрамя таго, Кангрэс запатрабуе справаздач аб асабістай маёмасьці прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна і яго карумпаванага атачэньня, аб забойстве апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова, а таксама аб магчымым парушэньні Крамлём законаў ЗША, якія забараняюць выкарыстаньне хімічнай зброі.
«Пасьля ўчорашняга абуральнага прысуду лідэру расейскай апазыцыі Аляксею Навальнаму я з гонарам паведамляю пра тое, што далучаюся да сэнатара Кунса і падтрымліваю расейскі народ, — сказаў Рубіё, — Закон аб прыцягненьні Расеі да адказнасьці за зламысную дзейнасьць патрэбен для прыцягненьня да адказнасьці Пуціна і яго галаварэзаў, за іх карупцыю і перасьлед апанэнтаў».
«Цяпер расейцы праводзяць дэманстрацыі супраць зьняволеньня Аляксея Навальнага з дапамогай мірных акцыяў пратэсту, якія праходзяць па ўсёй краіне. Замест таго, каб выслухаць іх патрабаваньні, пуцінскія сілавікі ўжылі да іх неапраўдана жорсткія меры, арыштаваўшы тысячы людзей. Гэты законапраект, які падтрымліваецца абедзьвюма партыямі, накіраваны на тое, каб прыцягнуць да адказнасьці Пуціна і яго найбліжэйшае асяродзьдзе, адначасова адпраўляючы выразны сыгнал аб тым, што расейскія ўлады павінныя неадкладна вызваліць Навальнага і спыніць свае рэпрэсіўныя дзеяньні», — рэзюмаваў сэнатар Марк Рубіё.
Законапраект таксама прадугледжвае, каб дзяржсакратар заклікаў урад Нямеччыны адмовіць у падтрымцы будаўніцтву газаправоду «Паўночны паток –2» з прычыны недарэчнасьці ўдзелу ў праекце, падтрыманым урадам, які забівае сваіх грамадзянаў за выкрыцьцё карумпаванасьці ўлады. Разам з гэтым новы газаправод зробіць Эўропу больш залежнай ад, як было сказана, «дэстабілізуючага і ненадзейнага кіраўніцтва» Расеі.
У сераду афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што Злучаныя Штаты будуць адсочваць дзейнасьць у завяршэньні будаўніцтва і сэртыфікацыі трубаправоду «Паўночны паток – 2» і гатовыя ўвесьці санкцыі супраць магчымых удзельнікаў праекту.