У 2020 годзе цэнтар «Сава» зафіксаваў 16 пабітых, годам раней — адну забітую і 7 пацярпелых, у 2018 годзе — пяцярых пабітых і аднаго забітага.
На думку праваабаронцаў, рост колькасьці нападаў на ЛГБТ-людзей не выпадковы. З аднаго боку, ён зьвязаны з высокім узроўнем бытавой гамафобіі расейскага грамадзтва. Так, паводле апытаньня «Левада-цэнтру», у 2019 годзе 56% расейцаў заявілі аб «хутчэй адмоўным» стаўленьні да геяў і лесьбіянак.
Акрамя таго, нэгатыўныя эмоцыі ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці былі падагрэтыя ўладамі пасьля прыняцьця ў 2013 годзе закону, які забараняе «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін» сярод непаўналетніх. Эўрапейскі суд правоў чалавека ў 2017 годзе прызнаў гэты закон дыскрымінацыйным.
Усплёск гамафобных злачынстваў у 2020 годзе экспэрты цэнтра зьвязалі са сьмерцю стваральніка руху «Оккупай-педофиляй», нацыяналіста Максім Марцінкевіча па мянушцы Цясак. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у верасьні ён пакончыў сабой у СІЗА ў Чалябінскай вобласьці. У кастрычніку 2020 году Архангельску група маладых людзей «у памяць» пра яго правяла «паляваньне на пэдафіла». Яны сьпісаліся праз інтэрнэт з мужчынам ад імя непаўналетняга падлетка і запрасілі яго на сустрэчу, дзе наладзілі яму допыт на камэру і прымусілі піць мачу. У сьнежні 2020 году ў Саратаве ўльтраправыя з «Оккупай-педофиляй» зьбілі студэнта тэатральнага інстытуту Ільлю Бандарэнку пасьля таго, як той адмовіўся даць ім прыкурыць.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, статыстыку нападаў на ЛГБТ-людзей папаўняюць і тыя, каго палічылі прыналежнымі да гэтай групы. Так здарылася ў студзені 2020 году Санкт-Пецярбургу зь мінаком, чый выгляд не спадабаўся нападнікам; або ў Маскве з падлеткамі, фарбаваныя валасы якіх выклікалі падазрэньне ў іх «нетрадыцыйнай» сэксуальнай арыентацыі.
У дакладзе цэнтру «Сава» ня ўлічваюцца дадзеныя аб пацярпелых у рэспубліках Паўночнага Каўказу і ў анэксаваным Расеяй Крыме.
Праваабаронцы таксама падкрэсьліваюць, што іх дадзеныя, на жаль, зьяўляюцца толькі слабым адбіткам таго, што адбываецца ў рэальнасьці, і не адлюстроўваюць сапраўднага размаху гвалту.