Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 1400 чалавек затрымалі ў Расеі пасьля прысуду Навальнаму. Зачынялі мэтро, адключалі інтэрнэт


Прыхільнікі Аляксея Навальнага ў цэнтры Масквы, 2 лютага 2021 году
Прыхільнікі Аляксея Навальнага ў цэнтры Масквы, 2 лютага 2021 году

У цэнтры Масквы позна ўвечары адбыліся сутыкненьні паміж маніфэстантамі і паліцыяй. Затрымалі 1145 чалавек, якія прыйшлі выказаць нязгоду з асуджэньнем Аляксея Навальнага на тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калоніі.

У Пецярбургу — 246 затрыманых. Паліцыя рабіла затрыманьні ў Іжэўску, Омску, Чалябінску, Уфе, Кіраве, Чэбаксарах, Мыцішчах, Краснадары. Агульная колькасьць затрыманых у Расеі пасьля вынясеньня прысуду Навальнаму — 1408. Гэтыя дадзеныя прыводзіць АУС-Інфа.

Да Манэжнай плошчы ў Маскве ўвечары ў аўторак былі сьцягнутыя падраздзяленьні паліцыі і Расгвардыі, спэцыяльная тэхніка. Пушкінскую плошчу цалкам агарадзілі мэталічнай агароджай, вакол яе было выстаўленае ачапленьне. На ўваход і выхад былі зачыненыя станцыі мэтро «Ахотны рад», «Плошча Рэвалюцыі», «Аляксандраўскі сад» і «Тэатральная». У гэтых раёнах быў адключаны мабільны інтэрнэт.

Незадоўга да гэтага штаб Аляксея Навальнага заклікаў усіх прыхільнікаў апазыцыянэра выйсьці на Манэжную плошчу ў цэнтры сталіцы — на знак пратэсту супраць адпраўкі Навальнага ў калёнію. На 23.00 было вядома пра мінімум 50 затрыманых. Удзельнікаў акцыі пры гэтым было ўжо некалькі тысяч, паведамлялі відавочцы. Аўтамабілі на цэнтральных вуліцах горада часта сыгналілі.

У аўторак Сіманаўскі суд Масквы прыняў рашэньне адправіць у калёнію апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Умоўнае пакараньне, якое ён атрымаў у адной з крымінальных спраў ў 2014 годзе, было заменена на 3,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Палітык павінен правесьці ў зьняволеньні больш за два з паловай гады, бо ў 2014 годзе некалькі месяцаў правёў пад хатнім арыштам. Таксама залічаць час яго знаходжаньня ў СІЗА з 17 студзеня 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG