Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона нацыянальнай сымболікі ператварае пратэст у нацыянальна-вызвольны рух


Нацыянальны сьцяг на дроне падчас Жаночага маршу пратэсту. Менск, 18 верасьня.
Нацыянальны сьцяг на дроне падчас Жаночага маршу пратэсту. Менск, 18 верасьня.

Пляны прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг экстрэмісцкім рэзка павышаюць маштаб канфрантацыі ў грамадзтве.

Сьцісла:

  • Пасьля прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім ягонае выкарыстаньне будзе лічыцца крымінальным злачынствам.
  • Фактычна аб’явілі вайну ня толькі нацыянальнай сымболіцы, а беларушчыне як зьяве.
  • Цяпер выступленьне супраць існага рэжыму можа ператварыцца ў нацыянальна-вызвольны рух.
  • У Беларусі фармаваньне нацыі адбываецца ў ходзе барацьбы з кіроўным рэжымам.

Цяпер гэта проста «незарэгістраваная сымболіка», за выкарыстаньне якой грамадзяніна прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці. Пасьля прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім ягонае выкарыстаньне будзе лічыцца крымінальным злачынствам і карацца паводле артыкулаў аб экстрэмізьме.

І згадваць яго публічна, напрыклад у СМІ, можна будзе, толькі дадаючы, што гэта забароненая ў Беларусі экстрэмісцкая сымболіка. Як у Расеі згадваецца «Ісьлямская дзяржава». Можна яскрава ўявіць маштаб палітычных рэпрэсій, які чакае краіну.

Фактычна аб’явілі вайну ня толькі нацыянальнай сымболіцы, а беларушчыне як зьяве. Зьнішчаюцца крамы, якія распаўсюджвалі сымболіку, сувэніры, літаратуру ў Менску, Берасьці, Віцебску, Горадні, Воршы. Пачаўся перасьлед кнігавыдаўцоў. Наносіцца ўдар па асяродках беларушчыны.

Гэта азначае рэзкую палітызацыю ідэалягічнага, каштоўнаснага супрацьстаяньня. Дасюль ішло змаганьне за дэмакратыю з выкарыстаньнем нацыянальнай сымболікі. Цяпер выступленьне супраць існага рэжыму можа ператварыцца ў нацыянальна-вызвольны рух.

Усіх праціўнікаў Лукашэнкі жорстка маркіруюць. Пакуль цяжка сказаць, звузіць гэта ці пашырыць сацыяльную базу пратэсту. Але ўлады штучна ўносяць у яго якасныя зьмены.

Кіруючыся інстынктам самазахаваньня, існы рэжым запускае працэс, які будзе мець пабочны вынік. Я б назваў гэта працэсам завяршэньня фармаваньня беларускай палітычнай нацыі.

Палітычная нацыя — гэта супольнасьць людзей, якія адчулі сябе грамадзянамі. Яна ня можа складацца з падданых уладара, як тое было цягам 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі.

Звычайна нацыя фармуецца ў барацьбе зь якім-небудзь замежным праціўнікам (імпэрыяй, мэтраполіяй). У выпадку зь Беларусьсю фармаваньне нацыі адбывалася ў ходзе барацьбы з кіроўным рэжымам. Гэта яшчэ адзін парадокс беларускай рэвалюцыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG