Паводле яго слоў, якія цытуе БелаПАН, афіцыйны Менск зьвярнуў увагу на пазытыўныя моманты ў сфэры бясьпекі, якія зьявіліся з прыходам новай адміністрацыі ў Белы дом. Гаворка ідзе аб кантактах ЗША і Расеі адносна Дамовы аб СНВ-3. Усё гэта выклікае «асьцярожны аптымізм» у беларускіх уладаў.
«Што тычыцца пэрспэктыў нашых стасункаў з ЗША, то мы заўсёды казалі, што мы нацэлены на раўнапраўнае, цеснае, канструктыўнае ўзаемадзеяньне. Мы разумеем, якую ролю адыгрываюць ЗША сёньня ў сьвеце, разумеем, што гэта супэрдзяржава нумар адзін, таму мы зацікаўленыя ў наяўнасьці нармальнага ўзаемадзеяньня з гэтай дзяржавай.
З улікам таго, што, магчыма, мы крыху па-рознаму ўспрымаем прыярытэты нашага супрацоўніцтва, з улікам таго, што некаторыя нашы заходнія партнэры неаб'ектыўна ацэньваюць падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, мы не выключаем, што могуць быць пэўныя цяжкасьці ў выстройваньні нармальных узаемаадносін з ЗША», – сказаў Макей.
Макей выказаў таксама зацікаўленасьць, каб мець такі важны канал сувязі, як наяўнасьць амбасадараў у абедзьвюх дзяржавах.
Паводле міністра, новых кандыдатаў на пасаду амбасадара Беларусі ў ЗША ў МЗС ужо падабралі, неўзабаве іх прапануюць на разгляд Аляксандру Лукашэнку.
Сярод прыярытэтаў новага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна – аднаўленьне дэмакратычных саюзаў па ўсім сьвеце, адстойваньне каштоўнасьцяў і правоў чалавека. У якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Байдэн двойчы (25 верасьня і 27 кастрычніка мінулага году) крытычна выказваўся пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, у тым ліку аб таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.
У выпадку перамогі на выбарах Байдэн меў намер разам з эўрапейскімі партнэрамі і саюзьнікамі распрацаваць плян эканамічнай падтрымкі «сапраўды сувэрэннай дэмакратычнай Беларусі».
«Да таго часу я працягну далучацца да заклікаў Святланы Ціханоўскай і народу Беларусі мірна перадаць уладу, вызваліць усіх палітвязьняў, правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, каб беларускі народ нарэшце змог рэалізаваць свае дэмакратычныя правы, за якія ён многім ахвяраваў», – запэўніў Байдэн.
Пры прэзыдэнце Дональдзе Трампе Злучаныя Штаты ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў.