20 студзеня ў Парыжы памёр Барыс Забораў. Многія СМІ ў той дзень напісалі: «Памёр самы вядомы ў сьвеце беларускі мастак». Ці сапраўды ён такім быў? За што яго цанілі? Якую спадчыну Барыс Забораў пакінуў? Што трэба зрабіць для ўшанаваньня яго памяці?
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе расказвае беларускі мастак Раман Заслонаў, які таксама жыве ў Парыжы.
Сьцісла
- Зь сёньняшніх беларускіх мастакоў гэта самы вядомы ў сьвеце творца. Што тычыцца яго месца ў сусьветным мастацтве, то гэта вырашыць час.
- Сьвет, які Забораў нарадзіў у сваіх палотнах, можа падацца сумным, нават нэгатыўным. Але за ўсім гэтым стаіць сьвятло, ад яго вобразаў зыходзіць сьветлая духоўнасьць.
- Вытокі Заборава — у графіцы. Моц ягонага малюнка і сьціпласьць каляровай гамы надаюць своеасаблівасьць творам мастака.
- Раней ці пазьней беларуская дзяржава павінна зрабіць вялікія закупкі ягоных твораў.
— Наколькі вядомым ў Эўропе і сьвеце быў Барыс Забораў? Ці сапраўды яго можна назваць самым вядомым сярод сёньняшніх беларускіх мастакоў?
— Гэтак так і ёсьць. Напэўна, менавіта Барыс Забораў сёньня зьяўляецца самым вядомым у сьвеце беларускім мастаком.
Што тычыцца саміх мастакоў, то тут цяжка сказаць — гэта ж ня спорт. Асабіста для мяне Барыс Забораў зьяўляецца ня проста чалавекам, ня проста мастаком — для мяне ён легенда. Гэта мае ўласныя пачуцьці.
Што тычыцца яго месца ў сусьветным мастацтве, то гэта вырашыць час. Але ўжо цяпер тая колькасьць ягоных выставаў у сусьветных музэях, такіх як Уфіцы, як Галерэя акадэміі ў Флярэнцыі, як Трацьцякоўская галерэя ў Маскве, як Расейскі музэй у Санкт-Пецярбургу або Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, сьведчыць пра тое, што гэта мастак сусьветнага ўзроўню.
— За што менавіта ў сьвеце цанілі Барыса Заборава?
— Кожны мастак зьяўляецца каштоўным для гісторыі і для гледача сваёй асаблівасьцю і непаўторнасьцю. Кожны мае своеасаблівы стыль і свой сьвет. І вось менавіта свой сьвет, які стварыў Барыс Забораў, і зрабіў яго вядомым ня толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім сьвеце.
Сьвет, які Забораў нарадзіў у сваіх палотнах, на першы погляд можа падацца троху сумным, нават нэгатыўным. Але за ўсім гэтым стаіць сьвятло, ад ягоных вобразаў сыходзіць нейкая сьветлая духоўнасьць. Яна апаноўвае гледача, і ён не застаецца абыякавым да таго, што мастак робіць.
— Ці былі вы асабісты знаёмыя?
— Так. У гэтыя дні мне нават цяжка гаварыць пра Барыса Заборава ў мінулым часе. Я яшчэ не ўсьвядоміў, што мастака ня стала і, мабыць, яшчэ доўгі час буду лічыць яго жывым.
Барыс Забораў — гэта мастак, які належыць да пакаленьня маіх бацькоў. Я і пазнаёміўся зь ім дзякуючы бацькам. Першая наша сустрэча адбылася ў Менску, калі мне было пяць гадоў. Ён прыйшоў да нас у госьці. Я нешта тады маляваў і памятаю, што мне сказалі, што гэта сапраўдны мастак. І доўгі час на маіх дзіцячых малюнках быў барадаты мастак і доўгія платы, «заборы», бо ягонае прозьвішча «Забораў» у той час мяне натхняла.
Другі раз мы сустрэліся, здаецца, у 1991 годзе, калі я першы раз зьявіўся ў Францыі, у Парыжы. Я патэлефанаваў яму, расказаў гэтую гісторыю, і ён зь вялікім задавальненьнем прыняў мяне з маімі сябрамі ў сябе ў майстэрні.
З таго часу мы сустракаліся даволі часта. Гэта былі спантанныя сустрэчы. Часам гэта было два-тры разы на год, часам не сустракаліся два-тры гады. Апошнім часам сустракаліся троху менш.
Але вось што самае галоўнае. Пачуцьцё знаёмства з гэтым чалавекам праходзіла праз усё маё жыцьцё. Не пабаюся сказаць, што для мяне асабіста Забораў зьяўляўся Настаўнікам зь вялікай літары. Тое, што ты мог дакрануцца да ягонай творчасьці ўжывую, прыйсьці да яго ў майстэрню і проста пагаварыць — адкрыта і душэўна — на розныя тэмы, а ня толькі пра мастацтва, вельмі важна. Гэты чалавек ахінаў цябе сваім сьвятлом, і ты пасьля знаходзіўся пад уражаньнем размовы зь ім яшчэ два-тры дні.
Ён таксама прыходзіў да мяне, калі я жыў на поўдні Францыі. Гэта было вельмі душэўна і вельмі-вельмі цёпла.
— Што асаблівага было ў стылі жывапісу і графікі Барыса Заборава? Што новага ён прынёс у мастацтва?
— Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба зрабіць кароткі экскурс у гісторыю ягонай адукацыі. Ён вучыўся ня ў Менску. Спачатку ён вучыўся ў тагачасным Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), пасьля ў Маскве. І вучыўся ён на графіка і закончыў вучобу як мастак-графік.
З аднаго боку, графіка ў савецкія часы дазваляла неяк закрыцца і існаваць у сваім асабістым сьвеце — толькі працаваць з клясычнымі і сучаснымі тэкстамі. З другога боку, ягонай марай заўсёды быў жывапіс. Ён хацеў займацца жывапісам, але, як ён шмат разоў мне казаў, ва ўмовах савецкай рэчаіснасьці рабіць гэтага ня мог. Таму ў СССР ён стаў вельмі вядомым графікам, атрымліваў прэміі і ўзнагароды. У сьвеце графікі ён дамогся вышыняў. Але калі ён зьехаў на Захад і апынуўся ў Францыі, то менавіта тут змог заняцца тым, пра што марыў увесь час. Гэта адбылося даволі позна, яму ўжо было за сорак гадоў.
Ён заняўся жывапісам, але адукацыя мастака-графіка дамінавала над ім. Таму, калі ягонае мастацтва клясыфікаваць у жанры, то можна сказаць, што яно зьяўляецца жывапісам, але вельмі-вельмі графічным. Моц ягонага малюнка і сьціпласьць колеравай гамы якраз і надаюць своеасаблівасьць ягоным творам.
У сучасным мастацтве межы паміж жанрамі наогул размытыя. Тым ня менш менавіта своеасаблівасьць і паза-жанравасьць Барыса Заборава надалі навізну ягонай творчасьці.
Ён таксама праявіў сябе ў іншых жанрах і мастацкіх сфэрах. Ён займаўся скульптурай, пісаў тэксты і кнігі, здымаў кіно.
Так што ягоная спадчына мае шмат граняў. Мы цяпер толькі дакрануліся да гэтай вялікай постаці, якой зьяўляецца Барыс Забораў. Для нас ён жывы чалавек, для мяне ён прыемны суразмоўца, прыемны ва ўсіх адносінах чалавек.
Я ўпэўнены, што веліч ягонага мастацтва будуць адкрываць яшчэ некалькі пакаленьняў.
— Калі гаварыць пра спадчыну Барыса Заборава... Што ён нам пакінуў — якія карціны, якія знаходкі, якія прынцыпы, якія пачуцьці?
— Гэта вялікая колькасьць твораў выяўленчага мастацтва — графікі, жывапісу, скульптуры. Ён таксама працаваў у тэатрах як мастак, і ў Беларусі, і тут, на Захадзе. І гэта былі ня проста тэатры, але найлепшыя тэатры, пачынаючы з Comédie-Française. Гэта і літаратура, ён шмат пісаў, вельмі глыбока працаваў над тэкстамі. Я ведаю, што асабліва ў апошнія часы ён зьяжджаў у ціхія куткі, дзе ніхто не перашкаджаў пісаць кнігі. Таксама ён працаваў над сцэнарамі. Ён зьняў некалькі стужак.
Калі казаць пра скульптуру, у якой ён таксама шмат працаваў, то можна сказаць, што ў Ізраілі пастаўленая яго манумэнтальная скульптура, прысьвечаная габрэйскім літарам.
Але цяпер вельмі цяжка гаварыць пра Барыса Заборава ў мінулым часе. У мяне перад вачыма ўвесь час стаіць яго троху хітраватая ўсьмешка, зь якой ён глядзіць на сьвет і на цябе, як на маладога мастака, які прыйшоў да больш сталага са сваімі наіўнымі пытаньнямі. Але ён заўсёды выслухоўваў і вельмі шчыра адказваў, не стараўся ўдаваць мэтра ў размове з маладым мастаком. Думаю, гэта могуць пацьвердзіць шмат якія маладзейшыя мастакі, што зь і кантактавалі.
— Што Беларусь магла б і павінна зрабіць для захаваньня спадчыны і памяці Барыса Заборава?
— Да нядаўняга часу ў зборах нашых музэяў было няшмат ягоных твораў. Гэта былі толькі некаторыя, закупленыя ў час яго жыцьця ў Беларусі, графічныя лісты. Але цяпер ёсьць набытыя мастацкім музэем творы Заборава апошніх гадоў, ёсьць некалькі вялікіх прац у калекцыі вядомых беларускіх банкаў.
Я лічу, што наша дзяржава абавязкова павінна зрабіць закупку яго вялікіх палотнаў. Бо той сьціплы краявід, які ёсьць ў нашым музэі, ніяк не адлюстроўвае маштабу і ўзроўню, на якім знаходзіцца Барыс Забораў.
Ня ведаю, калі гэта адбудзецца, ня ведаю, як ягоная сям’я паставіцца да гэтага і ці будзе жаданьне ў нашых чыноўнікаў. Але раней ці пазьней гэта адбудзецца. Я ў гэтым упэўнены.