Пра гэта паведамляе БелаПАН.
«Гэта проста фэйкі», — сказаў Балаба. Паводле яго, нават у телеграм-каналах было абвяржэньне, што няправільна палічылі статыстыку.
«У любой цывільнай арганізацыі ідзе пастаянны рух, перасоўваньне, хтосьці пераводзіцца, хтосьці знаходзіць сабе новае месца, хтосьці ідзе на пэнсію, на іх месца прыходзяць маладыя. Цяпер магу сказаць толькі адно — што дынаміка камплектаваньня падразьдзяленьня нават лепшая, чым у мінулым і пазамінулым гадах», — падкрэсьліў начальнік менскага АМАПу.
- 7 студзеня ініцыятыва ByPOL апублікавала ў сваім телеграм-канале сакрэтны даклад аб стане справаў у структуры МУС. У распараджэньне BYPOL трапілі матэрыялы, зьвязаныя з колькасным складам АМАП ГУУС Менгарвыканкаму. Дадзеныя сьведчаць, што пасьля леташніх выбараў з падразьдзяленьня сышлі больш за 24% супрацоўнікаў. Паводле ініцыятывы, цяпер штатная колькасьць байцоў АМАП ГУУС Менгарвыканкаму складае 637 адзінак. Паводле стану на лістапад 2020 году, атрад быў укамплектаваны на 91,5%, або 583 супрацоўнікамі.
- Ад жніўня па лістапад падразьдзяленьне пакінулі 156 чалавек: 106 звольніліся, 50 перавяліся ў іншыя службы. На іх месца прынялі 153 супрацоўнікі, некамплект на пачатак сьнежня склаў 54 адзінкі.
ByPOL — ініцыятыва, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Беларусі, якія адмовіліся выконваць загады Аляксандра Лукашэнкі і яго падначаленых. Яны публічна альбо непублічна заявілі пра нязгоду з рэжымам і звольніліся з органаў.