Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Літвы правялі аблаву на кантрабандыстаў, якія зьвязаныя зь беларускім тытунем


Літоўскія паліцыянты
Літоўскія паліцыянты

У выніку беспрэцэдэнтнай акцыі, праведзенай літоўскай паліцыяй раніцай 16 сьнежня, затрымана звыш 20 чалавек.

Як паведамляецца, затрыманыя маюць дачыненьне да арганізацыі кантрабанды беларускіх цыгарэтаў з выкарыстаньнем мэтэазондаў. Спэцслужбы затрымалі й правадыроў групоўкі.

У арыштах падазраваных і ператрусах удзельнічалі супрацоўнікі антытэрарыстычнага падразьдзелу «Арас», начальнік камісарыяту паліцыі Віленскага павету, агулам звыш 140 супрацоўнікаў, паведамляе 15min.lt.

Затрыманыя падазраюцца, акрамя кантрабанды з выкарыстаньнем паветраных шароў, «у дапамозе іншай дзяржаве ў дзеяньнях супраць Літвы».

У час больш як 80 ператрусаў у іх сканфіскавалі прадметы, якія маюць дачыненьне да дасудовага расьсьледаваньня, і розныя сродкі, прызначаныя для ўчыненьня злачынных дзеяньняў: цыгарэты зь беларускімі маркамі, SIM-карткі, блякавальнікі абсталяваньня сачэньня/сувязі, агнястрэльная зброя і многае іншае.

Сканфіскаваныя таксама аўтамабілі клясы люкс і іншая маёмасьць. Яны ацэньваюцца прыкладна ў 720 тысяч эўра.

Як гаворыцца ў камэнтары пракуратуры, сабраныя зьвесткі сьведчаць аб тым, што «групоўка была выдатна зарганізаваная пад строгім кантролем правадыроў». Дапускаецца, што арганізатары маглі мець простыя кантакты з саўдзельнікамі, якія дзейнічалі ў Беларусі, адкуль пры спрыяльных умовах надвор’я запускаліся паветраныя шары з кантрабандай.

З дапамогай абсталяваньня сачэньня (GPS) і адпаведных праграмаў адсочвалася перамяшчэньне паветраных шароў, а дакладныя каардынаты іх прызямленьня ў Літве перадаваліся выканаўцам.

Пасьля атрыманьня кантрабанды апошнія павінны былі даставіць яе ў загадзя абумоўленыя пункты або перадаць іншым асобам, якія маюць дачыненьне да злачынстваў.

Пракуратура заяўляе, што расьсьледаваньне на гэтым ня скончанае, яно працягваецца.

Аблава на кантрабандыстаў адбылася акурат пасьля ўваходжаньня ў сілу новага закону, накіраванага супраць падобных злачынстваў.

Напярэдадні прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў прынятыя парлямэнтам папраўкі да Крымінальнага кодэксу і Закону аб крымінальнай выведцы, якія ўзмацняюць адказнасьць за кантрабанду.

Папраўкі былі прынятыя ў паскораным парадку. Паводле іх,

  • за кантрабанду цыгарэтаў і іншых падакцызных і небясьпечных рэчаў і рэчываў будзе пагражаць ад 4 да 8 гадоў зьняволеньня;
  • за кантрабанду зброі — ад 6 да 10 гадоў;
  • наркатычнай сыравіны — ад 4 да 12.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG