Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдыё пра забойства Тарайкоўскага. Праваабаронцы патрабуюць ад Генпракуратуры і СК пачаць крымінальную справу


Момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня 2020
Момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня 2020

Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт і Генэральную пракуратуру з нагоды апублікаванага аўдыёзапісу з голасам, падобным да цяперашняга намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова.

На запісе сярод іншага гаворыцца, як быў забіты Аляксандар Тарайкоўскі, як створаць лягеры для пратэстоўцаў, і даецца карт-блянш на пабіцьцё і калецтва пратэстоўцаў, аж да сьмерці.

Праваабаронцы патрабуюць:

  • Пачаць крымінальную справу па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага і правесьці ўсебаковае, поўнае, абʼектыўнае і апэратыўнае расьсьледаваньне.
  • Забясьпечыць максымальнае інфармаваньне грамадзкасьці пра любыя працэсуальныя рашэньні, прынятыя ў гэтай крымінальнай справе.
  • Даць прававую ацэнку выказваньням асобы на запісе. Аўтары звароту лічаць, што іх належыць кваліфікаваць як падрыхтоўка да ўчыненьня злачынстваў супраць бясьпекі чалавецтва.
  • Прыняць усе магчымыя меры, каб не дапусьціць рэалізацыі плянаў, якія найгрубейшым чынам парушаюць правы чалавека і міжнародныя абавязаньні Беларусі.


15 студзеня ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL апублікавала гуказапіс выступу чалавека, голас якога падобны да голасу намесьніка міністра ўнутраных справаў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова. Раней ён займаў пасаду начальніка ГУБАЗіК МУС.

На ім гаворыцца пра патрэбу выкарыстаньня супраць пратэстоўцаў траўматычнай зброі, якая можа забіць, стварэньне канцэнтрацыйнага лягера і гарантыі беспакаранасьці ад Лукашэнкі.

У той жа дзень міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запатрабавала правесьці расьсьледаваньне. А Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна» напісалі спэцдакладчыкам ААН, што ўлады Беларусі гатовыя перайсьці да яшчэ больш радыкальных дзеяньняў у дачыненьні да пратэстоўцаў і зрабіць рэалізацыю правоў чалавека цалкам немагчымай.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала Эўразьвяз прызнаць ГУБАЗіК, якім кіраваў Карпянкоў, і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі. 18 студзеня Ціханоўская таксама прадставіла гэты запіс на онлайн-сустрэчы з амбасадарамі Эўразьвязу ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) 18 студзеня.

МУС Беларусі назвала запіс «фэйкам».

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG