Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчына, які падпаліў сябе ля будынку міліцыі ў Смалявічах, памёр


РАУС у Смалявічах, перад якім падпаліў сябе 36-гадовы Сяргей Радчэня.
РАУС у Смалявічах, перад якім падпаліў сябе 36-гадовы Сяргей Радчэня.

У Рэспубліканскім апёкавым цэнтры памёр 36-гадовы Сяргей Радчэня — мужчына, які падпаліў сябе на ганку аддзялення міліцыі ў Смалявічах.

Пра гэта euroradio паведамілі знаёмыя мужчыны, якія апекаваліся ягоным здароўем. Гэтую інфармацыю tut.by пацьвердзілі ў менскай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі, дзе разьмяшчаецца Рэспубліканскі апёкавы цэнтр.

Пазьней аб гэтым напісаў і тэлеграм-канал Міністэрства здароўя.

18 верасьня мужчына падпаліў сябе на ганку Смалявіцкага РАУС. Яго забрала хуткая дапамога ў вельмі цяжкім стане, паведамляла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

19 верасьня перавезьлі ў лякарню хуткай мэдычнай дапамогі, у Рэспубліканскі апёкавы цэнтар.

Раней прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што мужчына, які спрабаваў падпаліць сябе, — 36-гадовы мясцовы жыхар, які «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіцьцё спіртовых напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду».

«Некалькі дзён таму мужчына званіў у міліцыю з паведамленьнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыцьцём. Праваахоўнікі выехалі туды і перадухілілі яго дзеяньні», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратаркі МУС.

Таксама МУС апублікавала відэа здарэньня.

Сьледчы камітэт, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што мужчына нібыта праходзіў лячэньне ў сувязі са схільнасьцю да суіцыду яшчэ ў 2016 годзе (у паведамленьні МУС пра гэта ня згадваецца).

Як стала вядома Свабодзе, мужчына, які падпаліў сябе каля Смалявіцкага РУУС, апошнім часам жыў у доме маці ў вёсцы Задомля. Гэта звычайная вясковая хата, не закінутая, але і не катэдж. Поруч яшчэ два такія ж дамы, відаць, іх будавалі цэнтралізавана.

Сястра мужчыны Алена паведаміла, што «гэта ўсе ад алькаголю». Ад іншых камэнтароў жанчына адмовілася. На момант прыезду журналістаў, у доме працавала міліцыя. У камэнтарах пішуць, што зрабіў ён гэта на знак пратэсту супраць дзеяньняў сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG