Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржпраграма перапоўненая сацыяльнымі праектамі, безь якіх можна абысьціся». Лукашэнка загадаў ураду эканоміць


Падчас пратэставай акцыі, ілюстрацыйнае фота
Падчас пратэставай акцыі, ілюстрацыйнае фота

Чальцы ўраду страцілі сувязь з рэаліямі жыцьця, заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савету Міністраў.

«Я ўпершыню не падпісаў з ходу дзяржаўную праграму. Што мяне зьдзіўляе, дык гэта страта асобнымі чальцамі ўраду, а можа, і ўраду ў цэлым рэалій, у якіх мы жывём, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Праграма перапоўнена сацыяльнымі праектамі, безь якіх можна абысьціся, а нейкія ва ўмовах няпростай бягучай сытуацыі перанесьці на наступныя гады».

Ён пакпіў з прапановы кіраўніка адной з абласьцей закласьці ў дзяржпраграму «добраўпарадкаваньне парку». Сродкі трэба шукаць зь іншых крыніц, адрэагаваў Лукашэнка.

«Што, парадкаваць парк трэба за бюджэтныя сродкі? А дзе ініцыятыва, ініцыятыўны спосаб працы? І самае галоўнае, гэта што, актуальна з улікам сытуацыі ў сьвеце? Свободных, дурных грошай няма. Тым больш для тых аб’ектаў, якія самі павінны прыносіць даход. А любое зацягваньне тэрмінаў іх рэалізацыі — гэта фінансавыя страты, якія хтосьці будзе вымушаны аплаціць», — сказаў ён.

Праектам дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы сёлета прадугледжана будаўніцтва каля 130 аб’ектаў на больш як 600 мільёнаў рублёў.

«Гэта ня грошы для дзяржавы. Але і тут павінна быць эканомія. Таму што гэта прыклад іншым. Калі мы наверсе ня ўмеем эканоміць і вылучыць найбольш важнае і неабходнае для разьвіцьця, тады і губэрнатары, і старшыні выканкамаў будуць прытрымлівацца такіх жа прынцыпаў», — падсумаваў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG