Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская, Герасіменя і Латушка выказаліся пра скасаваньне чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі


Постэр «Не гуляй з дыктатарам»
Постэр «Не гуляй з дыктатарам»

Лідэрка апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка віталі рашэньне Міжнароднай Фэдэрацыі хакею пазбавіць Беларусь права праводзіць сёлетні чэмпіянат сьвету

Сьвятлана Ціханоўская назвала рашэньне Міжнароднай Фэдэрацыі хакею перамогай.

«Сёньня рада IIHF абвясьціла аб пераносе чэмпіянату сьвету па хакеі. Гэта перамога, таму што ня будзе дадатковай хвалі рэпрэсій дзеля «зачысткі» гораду перад ЧС. Гэта перамога, таму што ў Лукашэнкі не атрымалася зрабіць выгляд, быццам у яго ўсё пад кантролем. Гэта перамога, таму што беларусы дамагліся свайго — і зрабілі гэта разам.

Гэта перамога Аляксандры Герасімені і Фонду спартовай салідарнасьці. Яны актыўна працавалі з фэдэрацыямі і іх партнэрамі, вялі перамовы і заклікалі не легітымізаваць рэжым, які прайграў выбары.

Гэта перамога беларускай дыяспары. Беларусы ў розных краінах выходзілі на пікеты каля штаб-кватэр IIHF і спонсараў чэмпіянату, дапамагалі замежным СМІ пісаць пра тое, што адбываецца. Яны дзякавалі Škoda, Nivea і Tissot за адмову спансараваць чэмпіянат, які служыць шырмай для жахлівага гвалту з боку рэжыму.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Гэта перамога міжнароднай каманды Кабінэта прадстаўнікоў і Паўла Латушкі, якія на кожнай сустрэчы з замежнымі дыпляматамі казалі, наколькі нам важная іх падтрымка.

Гэта перамога кожнага беларуса, які ведае, што хакей — гэта гульня, і беларусы не зьбіраюцца гуляць са злачынцамі. Гэта наша агульная перамога. Вось што адбываецца, калі людзі аб’ядноўваюцца».

Прыгаданая Ціханоўскай старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, чэмпіёнка сьвету і Эўропы, алімпійская мэдалістка, плыўчыха Аляксандра Герасіменя выступіла ад імя фонду з адмысловай заявай з нагоды рашэньня Міжнароднай Фэдэрацыі хакею не праводзіць сёлетні чэмпіянат сьвету ў Беларусі.

«Ад імя Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (Belarusian Sport Solidarity Foundation, BSSF), які абараняе правы беларускіх атлетаў, я вітаю рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі хакея на лёдзе (International Ice Hockey Federation (IIHF)), якая прыняла рашэньне пазбавіць Беларусь права на правядзеньне Чэмпіянату сьвету па хакеі 2021 году.

Чэмпіянат ня змог бы стаць паўнавартасным спартовым сьвятам, а ператварыўся б у пляцоўку для супрацьстаяньня беларускага народу і сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі. Пазыцыя спонсараў турніру была адназначнай: кампаніі Skoda, Nivea Men, TISSOT SA, Liqui Moly палічылі немагчымым правядзеньне спаборніцтваў у Беларусі, дзе назіраецца паўсюднае парушэньне правоў чалавека, і IIHF вымушаная была адмовіцца ад плянаў па правядзеньні турніру.

Аляксандоа Герасіменя
Аляксандоа Герасіменя

Фэдэрацыя сутыкнулася з беспрэцэдэнтнай кампаніяй па байкоце Чэмпіянату, ініцыяванай BSSF і падтрыманай дыяспарамі беларусаў па ўсім сьвеце. Гэта вынік зладжанай работы як саміх беларускіх спартоўцаў, якія зазналі ціск з боку ўладаў за выказваньне грамадзянскай пазыцыі, гэтак і валянтэраў, якія актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі ў сацыяльных сетках.

Дыяспары беларусаў па ўсім сьвеце на працягу некалькіх месяцаў пад праліўным дажджом, у мароз і холад выходзілі на пікеты ля штаб-кватэры IIHF, да офісаў спонсараў турніру, і гэта прынесла вынік. Рашэньне IIHF вярнула веру беларускай і сусьветнай грамадзкасьці ў справядлівасьць і агульначалавечыя каштоўнасьці.

Спартовыя форумы ня могуць праходзіць у краінах, дзе ўжываюцца гвалт і катаваньні адносна мірных грамадзянаў. У той жа час, Беларускі фонд спартовай салідарнасьці нагадвае IIHF і ўсёй сусьветнай хакейнай грамадзкасьці аб неабходнасьці правесьці дэталёвае расьсьледаваньне ў дачыненьні да старшыні Беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава, датычнага да забойства мірнага грамадзяніна Рамана Бандарэнкі.

Аднак перанос Чэмпіянату з Беларусі — толькі першы крок. Адначасова з гэтым іншыя каманды, іншыя валянтэры працуюць над прыняцьцем санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека і фальсыфікацыяў на выбарах, у дачыненьні да сілавікоў, якія маюць дачыненьне да забойстваў, рэпрэсіяў і разгону мірных дэманстрантаў.

І як нам удалося дамагчыся санкцыяў супраць грамадзяніна Лукашэнкі асабіста і перанесьці турнір, гэтак жа нашы актывісты пераможна скончаць і іншыя пачатыя кампаніі, я ў гэтым не сумняюся».

Рашэньне міжнароднай Фэдэрацыі хакею таксама вітаў Павал Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраваньня, чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады:

«Кажуць, што спорт па-за палітыкай, але падзеі ў Беларусі — гэта ўжо не палітыка. У нашай краіне стаіць гістарычны пытаньне для пакаленьняў беларусаў аб захаваньні правоў і свабодаў чалавека. Калі на вуліцах Менску і іншых гарадоў Беларусі ўлады забіваюць і зьдзекуюцца з людзей — хіба гэта палітыка?!

Павал Латушка
Павал Латушка

Перанос ЧС па хакеі зь Менску — рэакцыя на масавыя рэпрэсіі і віна толькі рэжыму ў тым, што прынятае гэта рашэньне. Спартовы сьвет і спартовая супольнасьць зрабілі свой выбар на карысьць Праўды і выступілі супраць гвалту. Дзякуй за падтрымку беларусаў. Гэта важны крок і яшчэ адзін сыгнал дыктатарскаму рэжыму — хопіць.

Ніхто ня хоча ні гуляць, ні нават знаходзіцца побач са злачыннай дыктатурай. Упэўнены, што беларускія заўзятары яшчэ ня раз будуць радавацца вялікім міжнародных спаборніцтвам у Новай Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG