Беларускія праваабарончыя арганізацыі ў супольнай заяве прызналі палітычнымі вязьнямі мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну.
Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня, яны падазраваныя ў крымінальнай справе паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Праз два дні ў офісе БелаПАН, дзе мэдыямэнэджар у 2014–2018 гадах працаваў намесьнікам дырэктара, адбыўся ператрус з канфіскацыяй часткі тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі). 15 студзеня ў дачыненьні да журналіста абралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту на два месяцы.
Аляксандраў і Злобіна падазраюцца ў «фінансаваньні пратэставай дзейнасьці», заявіў на мінулым тыдні намесьнік кіраўніка МУС Генадзь Казакевіч. Паводле міліцэйскага чыноўніка, Аляксандраў дапамагаў аплачваць штрафы асуджаным за пратэсты, сродкі для чаго перадаваліся фондам ByHelp.
У заяве праваабаронцаў гаворыцца: «Збор добраахвотных ахвяраваньняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека свабодаў мірных сходаў і выказваньня меркаваньня, ня мае нічога агульнага ь фінансаваньнем якой бы там ні было супрацьпраўнай дзейнасьці і, адпаведна, не зьяўляецца злачынствам».