Відэасэрвіс YouTube прыпыніў працу каналу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа сама меней на тыдзень. Пра гэта паведамляе CNN.
Прадстаўнік сэрвісу паведаміў, што нядаўна апублікаванае відэа на канале прэзыдэнта «справакавала гвалт» і было выдаленае. Якое менавіта відэа паслужыла прычынай блякаваньня каналу, у YouTube не ўдакладнілі.
Цяпер адміністратарам каналу, на які падпісаны 2,77 мільёна чалавек, на працягу тыдня забаронена публікаваць новыя ролікі і весьці жывыя трансьляцыі. Доступ да папярэдніх відэа на канале захаваны, але магчымасьць пакідаць камэнтары пад імі адключаная.
YouTube заставаўся адзінай буйной плятформай, якая не заблякавала ўліковы запіс Трампа. Акаўнты прэзыдэнта ўжо замарозілі Facebook і Instagram, а Twitter назаўжды заблякаваў старонку Трампа, на якую былі падпісаны больш за 88 мільёнаў карыстальнікаў.
У Twitter заявілі, што запісы Трампа, хай ускосна, маглі спрыяць эскаляцыі гвалту. Рашэньне выклікала спрэчкі, як у саміх ЗША, так і за мяжой. У прыватнасьці, прадстаўнікі ўладаў Нямеччыны і Францыі палічылі рашэньне кіраўніцтва сацсеткі «праблематычным», заявіўшы пра пагрозу празьмернага ўплыву кіраўніцтва прыватных тэхналягічных кампаній на грамадзка-палітычныя працэсы.
Блякаваньні акаўнтаў Трампа адбыліся пасьля падзей 6 студзеня ў Вашынгтоне, калі сотні прыхільнікаў прэзыдэнта ўварваліся ў будынак Капітолія, спрабуючы сарваць зацьвярджэньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог дэмакрат Джо Байдэн.