Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР папярэджвае аб патэнцыйных пагрозах цырымоніі інаўгурацыі Байдэна


Мітынг праціўнікаў Трампа ў Нью-Ёрку
Мітынг праціўнікаў Трампа ў Нью-Ёрку

У ЗША ўзмацняюцца засьцярогі, што нядаўні штурм Капітолія прыхільнікамі прэзыдэнта Дональда Трампа можа быць пачаткам сэрыі патэнцыйна збройных і гвалтоўных пратэстаў па ўсёй краіне напярэдадні інаўгурацыі абранага прэзыдэнта Джо Байдэна.

ФБР паведаміла «Голасу Амэрыкі», што яно вывучае дадзеныя, якія паказваюць на тое, што асобныя людзі ці групы асоб, магчыма, паспрабуюць справакаваць гвалт або ўчыніць злачынныя дзеяньні ў сувязі з плянаванай перадачай улады.

«Хоць у адпаведнасьці з нашай стандартнай практыкай мы не камэнтуем канкрэтныя выведвальныя дадзеныя, ФБР падтрымлівае нашых партнэраў — праваахоўныя органы на ўзроўні штатаў, муніцыпалітэтаў і на фэдэральным узроўні», — заявіла бюро.

«Мы канцэнтруем увагу не на мірных дэманстрантах, а на тых, хто прадстаўляе пагрозу іх бясьпецы ў выглядзе гвалту і зьнішчэньня маёмасьці», — працягнула ведамства.

У бюлетэні ФБР, які першымі атрымалі тэлекампанія ABC News і Yahoo News, утрымліваюцца аналягічныя папярэджаньні з нагоды магчымага гвалту ў Вашынгтоне і ва ўсіх 50 штатах.

«ФБР атрымала інфармацыю аб выяўленай узброенай групе, якая мае намер паехаць у Вашынгтон 16 студзеня, — гаворыцца ў бюлетэні. — Яны папярэдзілі, што калі Кангрэс паспрабуе адхіліць прэзыдэнта з дапамогай 25-й папраўкі да Канстытуцыі, адбудзецца маштабнае паўстаньне».

Бюлетэнь таксама папярэджвае, што група заклікае штурмаваць будынкі фэдэральных устаноў, а таксама будынкі, якія належаць штатам і мясцовым органам улады, калі спробы адхіліць Трампа ад пасады да інаўгурацыі 20 студзеня будуць пасьпяховымі.

Не камэнтуючы канкрэтныя пагрозы, іншыя ўрадавыя ведамствы таксама робяць захады дзеля ўмацаваньня бясьпекі.

Міністэрства ўнутранай бясьпекі абвясьціла ў панядзелак, што даручыла Сакрэтнай службе, якая займаецца аховай прэзыдэнта, пачаць апэрацыю па забесьпячэньні бясьпекі працэдуры інаўгурацыі ўжо ў гэтую сераду, за шэсьць дзён да падзеі.

Міністэрства патлумачыла гэта «падзеямі апошняга тыдня і зьменлівым становішчам».

Раней у панядзелак Нацыянальная гвардыя ЗША паведаміла, што гатовая выдзеліць да 15 тысяч вайскоўцаў дапамогі ў сувязі з інаўгурацыяй 20 студзеня.

Прадстаўнікі гвардыі паведамілі, што 6200 вайскоўцаў з шасьці штатаў прыбылі ў Вашынгтон для падтрымкі цывільных уладаў пасьля беспарадкаў 6 студзеня, калі тысячы экстрэмістаў зь ліку прыхільнікаў Трампа захапілі на кароткі час Капітолій, у выніку чаго загінулі пяць чалавек. Дзясяткам удзельнікаў штурму былі прад’яўленыя абвінавачаньні.

Служба нацыянальных паркаў абвясьціла ў панядзелак, што манумэнт Вашынгтона будзе зачынены з 11 студзеня да заканчэньня інаўгурацыі ў сувязі з пагрозамі гвалту.

Звычайна з нагоды інаўгурацыі прэзыдэнта ў амэрыканскую сталіцу зьяжджаюцца сотні тысяч чалавек, але ў гэтым годзе маштаб мерапрыемства быў значна абмежаваны з прычыны пандэміі COVID-19.

Трамп на мінулым тыдні заявіў, што яго на цырымоніі ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG