Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спроба другога імпічмэнту Трампа: разьвіцьцё падзеяў


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Дэмакраты гатовыя прадставіць артыкулы імпічмэнту ў панядзелак; ідэю адхіленьня прэзыдэнта ад пасады падтрымалі некаторыя рэспубліканцы.

Спробы дэмакратаў падвергнуць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа другому імпічмэнту за некалькі дзён да заканчэньня тэрміну яго паўнамоцтваў набіраюць абароты, хоць шмат хто сумняецца, што гэты крок падтрымае дастатковая колькасьць рэспубліканцаў.

Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў у панядзелак маюць намер прадставіць артыкула імпічмэнту, пасьля таго як у сераду Трамп заахвоціў сваіх прыхільнікаў штурмаваць Капітолій, заявіў у «Твітэры» кангрэсмэн Тэд Лью.

Дэмакрат Лью, які ўдзельнічаў у складаньні абвінавачваньняў, заявіў, што да вечара ў суботу ў артыкулаў імпічмэнту знайшлося 190 суініцыятараў. Прадстаўнік Лью паведаміла, што, па стане на суботу, сярод іх не было ніводнага рэспубліканца.

«У нас ёсьць відэазапісы выступу, у якім (Трамп) падбухторвае натоўп. У нас ёсьць відэазапісы, на якіх натоўп люта атакуе Капітолій», — напісаў Лью ў «Твітэры» у суботу.

Трамп спачатку пахваліў сваіх прыхільнікаў у Капітоліі, але потым асудзіў учыненыя імі акты гвалту. Па словах крыніц Reuters, заклік да спакою быў зроблены па патрабаваньні высокапастаўленых памочнікаў прэзыдэнта, некаторыя зь якіх сьцьвярджалі, што яму пагражае звальненьне з пасады або юрыдычная адказнасьць.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі таксама папрасіла заканадаўцаў падрыхтаваць законапраект, накіраваны на задзейнічаньне 25-й папраўкі да Канстытуцыі, якая дапускае адхіленьне прэзыдэнта ад пасады, калі ён ня здольны выконваць свае абавязкі.

Гэтыя намаганьні па адхіленьні Трампа ад пасады атрымалі падтрымку асобных рэспубліканцаў. Дэмакраты патрабавалі, каб віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс задзейнічаў 25-ю папраўку, але ён выступіў супраць гэтага, паведаміў адзін з дарадцаў.

Абраны прэзыдэнт Байдэн не заняў пэўнай пазыцыі наконт імпічмэнту Трампа, пакінуўшы гэтае пытаньне на меркаваньне Кангрэса. Байдэн уступіць на пасаду 20 студзеня.

Невялікая колькасьць рэспубліканскіх заканадаўцаў далучылася да заклікаў да Трампу сысьці ў адстаўку.

Сэнатарка Лайза Муркоўскі заявіла ў пятніцу, што Трамп павінен неадкладна падаць у адстаўку. Яна сказала, што можа пакінуць партыю, калі рэспубліканцы не парвуць зь ім адносіны.

Сэнатар Пэт Тумі заявіў Fox News у суботу, што Трамп «учыніў дзеяньні, якія зьяўляюцца падставай для імпічмэнту», але не падтрымаў яго адхіленьне ад пасады. Аднак у нядзелю Тумі заявіў, што Трамп павінен сысьці ў адстаўку.

«Думаю, для краіны будзе лепш за ўсё, калі прэзыдэнт сыдзе ў адстаўку і пакіне пасаду як мага хутчэй», — сказаў ён, выступаючы ў праграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC.

Іншыя ключавыя саюзьнікі Трампа, уключаючы сэнатара Ліндсі Грэма і лідэра рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў Кэвіна Макарці, заклікалі дэмакратаў адмовіцца ад любых спробаў імпічмэнту.

Трампа могуць пазбавіць ільготаў

Лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл заявіў, што судовае разьбіральніцтва, верагодна, адбудзецца ўжо пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Трампа, калі дэмакраты атрымаюць кантроль над Сэнатам, дзякуючы двум перамогам у другім туры на выбарах у Джорджыі.

У выпадку прызнаньня вінаватым пасьля спыненьня тэрміну паўнамоцтваў Трамп пазбавіцца ільготаў, якія належаць былым прэзыдэнтам, уключаючы ахову і пэнсію.

Акрамя таго, Сэнат можа прагаласаваць за тое, каб забараніць Трампу балятавацца на другі тэрмін. Аднак для вынясеньня абвінаваўчага прысуду неабходная большасьць у дзьве траціны сэнатараў, што запатрабуе не менш як 17 галасоў рэспубліканцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG