Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаман з QAnon. Як тэорыя змовы ўплывае на амэрыканскую палітыку


Прыхільнік Дональда Трампа, вядомы як Шаман з QАnon, у Капітоліі. 6 студзеня 2021 году
Прыхільнік Дональда Трампа, вядомы як Шаман з QАnon, у Капітоліі. 6 студзеня 2021 году

Падчас нападу прыхільнікаў Трампа на Кангрэс ЗША 6 студзеня загінулі пяць чалавек, больш за 50 былі арыштаваныя. Здымкі людзей, якія штурмавалі будынак Капітолія і занялі кабінэты заканадаўцаў, шырока распаўсюдзіліся ў сацсетках: іх масава рабілі як журналісты, так і самі пратэстоўцы.

Сярод кадраў, якія прыцягнулі ўвагу сацсетак, былі фатаграфіі некалькіх людзей у яркіх касьцюмах: «шамана» з рагамі, жанчыны ў касьцюме статуі Свабоды і чалавека, які сядзеў у кабінэце сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, дэманстратыўна паклаўшы ногі на яе стол. Таксама сярод тых, хто штурмаваў будынак Кангрэсу, апынулася вэтэран ВПС ЗША Эшлі Бэбіт: яна стала першай загінулай і памерла ў бальніцы ад кулявога раненьня ў грудзі.

Як прыхільнікі Трампа штурмавалі Капітолій
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00

Хто гэтыя людзі і чаму яны пайшлі на штурм Кангрэса? Як аказалася, многія зь іх былі прыхільнікамі кансьпіралягічных тэорый аб глябальным змове, так званым QAnon.

Эшлі Бэбіт

Бэбіт стала першай загінулай пры штурме Кангрэсу. Яна была цяжка параненая адным з супрацоўнікаў сілавых структур, якія адказвалі за ахову будынку на Капіталійскім ўзгорку, дзе разьмешчаны Кангрэс ЗША. Пазьней яна памерла ў бальніцы.

«Адзін паліцыянт [з аховы] Капітолія стрэліў з сваёй службовай зброі», — пацьвердзіў начальнік упраўленьня паліцыі Вашынгтону Робэрт Конці на прэс-канфэрэнцыі. Ён назваў сьмерць жанчыны «трагічным выпадкам» і выказаў спачуваньні сям’і і сябрам загінулай.

Хто менавіта стрэліў у Бэбіт і пасьля чаго гэта адбылося, паліцыя не паведаміла. Тэлеканал Fox News паведаміў, што жанчына была ў натоўпе пратэстуючых, які разьбіў некалькі вокнаў і ўступіў у сілавое супрацьстаяньне з паліцыяй, а паводле дадзеных New York Post, Бэбіт была параненая ў той момант, калі лезла ў акно з разьбітай шыбай. Відавочцы сьцьвярджаюць, што зброі ў Бэбіт не было.

Бэбіт жыла ў ваколіцах Сан-Дыега ў Каліфорніі, яна была вэтэранам узброеных сіл ЗША і 14 гадоў служыла ў авіяцыі. Яна як мінімум чатыры разы ўдзельнічала ў ваенных апэрацыях на высокім узроўні. Муж загінулай у інтэрвію мясцоваму СМІ KUSI News пацьвердзіў, што яна падтрымлівала Трампа і была «вялікай патрыёткай», але іншыя блізкія жанчыны заявілі, што не разумеюць, навошта яна паехала ў Вашынгтон.

Збольшага матывы Бэбіт тлумачаць яе пасты ў сацсетках. Яна вяла твітэр пад нікам CommonAshSense: у ім яна вызначала сябе як «лібэртарыянку» і напісала, што любіць «свайго хлопца, свайго сабаку (нямецкую аўчарку) і, больш за ўсё, сваю краіну». Зь яе запісаў вынікае, што яна была ня проста вялікай прыхільніцай Трампа, але і падтрымлівала Другую папраўку да Канстытуцыі ЗША аб праве людзей валодаць зброяй, а таксама тэорыю змовы «на самым версе» аб скрадзеных у Трампа выбарах.

У сацсетках Бэбіт ёсьць некалькі фатаграфій у чырвонай кепцы з надпісам «Make America Great Again», якія носяць прыхільнікі Трампа, а таксама ў майцы з амэрыканскім сьцягам:

Бэбіт падтрымлівала будаўніцтва «сьцяны» на мяжы з Мэксыкай. Сярод яе рэтвітаў — пасты Трампа, дзяржсакратара Майка Пампэо, былога дарадцы Трампа генэрала Майкла Фліна (адносна яго было распачатае расьсьледаваньне аб сувязях з Расеяй) і пасты правакансэрватыўнага сайту Right Side Broadcast News. Яна гнеўна выказвалася пра сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі і абраную віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс.

За дзень да штурму Кангрэсу жанчына напісала: «Пачалася бура» («storm is here»). Плякат з гэтай жа фразай быў і ў некалькіх іншых прыхільнікаў Трампа, якія штурмавалі Кангрэс.

Затым, паводле дадзеных New York Post, Бэбіт напісала: «Нас нішто ня спыніць», — гэты пост датычыўся таго, што з прычыны надвор’я адменена шмат рэйсаў з Сан-Дыега ў Вашынгтон, куды Бэбіт зьбіралася ляцець. Гэты твіт цяпер выдалены зь яе профілю.

Таксама за некалькі гадзін да штурму былая вайскоўка заявіла ў сацсетках, што віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс, старшыня Вярхоўнага суду ЗША Джон Робэрт павінны падаць у адстаўку з прычыны «дзяржаўнай здрады» і за тое ж варта прад’явіць абвінавачваньне былому генпракурору ЗША Роду Разэнстайну. Плякаты з надпісам «Treason» (дзяржаўная здрада) прыхільнікі Трампа прынесьлі з сабой у Кангрэс:

Таксама Бэбіт выступала супраць губэрнатара свайго штату Каліфорнія Гэвіна Ньюсама, прадстаўніка Дэмакратычнай партыі ЗША.

QAnon

У некалькіх пастах Бэбіт адкрыта падтрымлівала кансьпіралягічныя ідэі QAnon: гэтая тэорыя змовы зьявілася ў кастрычніку 2017 года на ананімным форуме 4Chan. QAnon сьцьвярджае, што ў найвышэйшых палітычных колах ЗША нібыта дзейнічае тайная арганізацыя: аўтар аднаго з пастоў сьцьвярджаў, што знаходзіцца ў блізкім атачэньні прэзыдэнта ЗША і нават падарожнічае зь ім на прэзыдэнцкім самалёце Air Force One ( «Борт нумар адзін») — «доказамі» служылі здымкі з ілюмінатараў тых жа месцаў, куды падарожнічаў Трамп.

Паводле словаў ананіма, спэцпракурор Мюлер у той час нібыта расьсьледаваў зусім не расейскае ўмяшаньне ў выбары, а дзейнасьць Гілары Клінтан і Барака Абамы. Гэтая тэорыя пасьля не пацьвердзілася, але таямнічыя «куаноны» працягнулі публікаваць «інсайды».

Галоўным ворагам прыхільнікі QAnon прызначылі «глыбінную дзяржаву» (deep state) — малапрыкметную, нікім не абраную групу людзей з надзвычайнымі паўнамоцтвамі (хоць у гэтага тэрміну ёсьць навуковыя і гістарычныя карані, амэрыканскія СМІ пераважна лічаць яго чарговай тэорыяй змовы). У карціне сьвету QAnon Паўночная Карэя кіруецца наўпрост з ЦРУ, сям’я Ротшыльдаў вызнае сатанінскі культ, а Джордж Сорас і Барак Абама патураюць гандлю дзецьмі. Пры гэтым прыхільнікі QAnon не хаваюць, што частка публікаваных імі «доказаў» — фэйкі. Адзін з іх лёзунгаў: «Дэзынфармацыя рэальная. Дэзынфармацыя неабходная».

ФБР вызначыла QAnon як патэнцыйную тэрарыстычную пагрозу, але Трамп у жніўні 2020 году адзначыў, што яе пасьлядоўнікі любяць ЗША і яго асабіста. Хоць і абмовіўся, што больш нічога ня ведае пра рух:

Арызонскі шаман

Бэбіт была не адзіным прыхільнікам QAnon сярод пратэстоўцаў, якія 6 студзеня захапілі будынак Кангрэсу. У сацсетках шырока разышліся фатаграфіі Джэйка Анджэлі з Арызоны, які прыйшоў у Кангрэс у футравай шапцы з рагамі, пакрыты татуіроўкамі і з аголеным торсам:

Анджэлі, у прыватнасьці, прабраўся ў залю пасяджэньняў Сэнату і пазіраваў там для фатаграфій на месцы сьпікера:

Анджэлі вядомы ў асяродзьдзі прыхільнікаў Трампа як QAnon Shaman (Шаман з QАnon). Футра і рогі — яго фірмовы строй, у ім ён удзельнічаў у некалькіх нядаўніх мітынгах правых, у тым ліку за адмену вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і супраць карантынных абмежаваньняў з прычыны COVID-19.

На адной фатаграфіі, апублікаванай у запісе Анджэлі у Фэйсбуку ў лістападзе летась, ён называе сябе Элаўстонскім Ваўком і паціскае руку Рудзі Джуліяні, асабістаму адвакату Дональда Трампа. У сацсетках Анджэлі ёсьць шмат пастоў аб розных тэорыях «глябалісцкіх змоваў з мэтай дасягненьня сусьветнага панаваньня з дапамогай пандэміі». У інтэрвію выданьню The Arizona Republic «шаман» прызнаўся, што носіць рогі, фарбуе твар фарбай і разгульвае з аголеным торсам менавіта для таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу і каб «распаўсюджваць праўду пра QAnon і іншыя ісьціны, якія застаюцца ўтоенымі».

У лютым 2020 году Анджэлі бачылі на мітынгу ў падтрымку Трампа ў Фініксе: ён стаяў з плякатам «Q sent me» ( «Мяне паслаў Q»), ён таксама распавядаў людзям пра «змову». Яшчэ ў адным інтэрвію Анджэлі распавёў, што праводзіў «уласнае расьсьледаваньне ў інтэрнэце», якое тычылася ілюмінатаў, Трохбаковай камісіі і Більдэрбэрскага клюбу, а таксама чытаў кнігі свайго земляка Мілтана Ўільяма Копэра, вядомага радыёвядоўцы і таксама прыхільніка тэорыі глябальнай змовы (Копэр лічыць, што іншапланецяне ўжо на Зямлі, і падтрымлівае ідэю, што ВІЧ / СНІД быў распрацаваны для таго, каб «зьменшыць» чарнаскурае і лацінаамэрыканскае насельніцтва).

«Аднойчы гэта ўсё сышлося, і мяне проста асяніла: «О Божа, цяпер я зразумеў, што насамрэч адбываецца ў нашым сьвеце», — распавёў Анджэлі пра тое, як прыйшоў да сваіх цяперашніх поглядаў.

Чалавек з кабінэту Пэлосі

Яшчэ адзін прыхільнік QAnon — чалавек, які пазіраваў ў фатэлі сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі ў яе кабінэце. Ён паклаў ногі на стол Пэлосі і разваліўся ў яе фатэлі.

Паводле дадзеных сьледчых, гэтым чалавекам быў 60-гадовы Рычард «Біга» Барнэт з Арканзасу:

У сацсетках Барнэт пахваліўся, што «напісаў Пэлосі запіску» з тэкстам «Мы не адступім»:

А таксама прадэманстраваў асабісты ліст, які скраў «як сувэнір» са стала сьпікера. Зрэшты, сам Барнэт не называе гэта крадзяжом і сьцьвярджае, што пакінуў на стале Пэласі манэту вартасьцю 25 цэнтаў як «плату» за сувэнір.

Барнэт неаднаразова заяўляў, што зьбіраецца ісьці ў палітыку і будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на пасаду губэрнатара Арканзасу. Як і Бэбіт, ён заўзяты прыхільнік Другой папраўкі: на некалькіх сэлфі ў фэйсбуку ён пазіруе з паўаўтаматычнай стрэльбай. Таксама ён стваральнік арганізацыі 2A! NWA STAND!, якая таксама падтрымлівае права грамадзян на захоўваньне і нашэньне зброі.

Барнэт некалькі разоў рэпосьціў заявы Трампа аб тым, што выбары былі «скрадзеныя», і ўдзельнічаў у пратэстах Stop The Steal, на якіх прыхільнікі Трампа патрабавалі адмены «сфальсыфікаваных» вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у лістападзе 2020 году.

Арызонскія СМІ таксама распавялі, што ў кастрычніку 2020 году Барнэт і створаная ім арганізацыя зьбіралі грошы на барацьбу з гандлем дзецьмі і тымі, хто заваблівае і прадае людзей у сэксуальнае рабства: гэтая ідэя таксама актыўна падтрымліваецца прыхільнікамі QAnon і іншых тэорый глябальнай змовы.

Зрэшты, QAnon — не адзіная субкультура, прадстаўнікі якой адзначыліся ў Капітоліі: на фота адтуль можна разгледзець гадсдэнаўскія сьцягі (на іх выяўлена зьмея, адзін з сымбаляў лібэртарыянства) і сьцягі Канфэдэрацыі, зь якім жыхары поўдня ЗША ваявалі падчас Грамадзянскай вайны у ХІХ стагодзьдзі. Людзі пад гэтымі сьцягамі не абавязкова вераць у тэорыі змоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG