Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа. Што адбылося


Радыкальныя прыхільніка трампа штурмуюць Капітолій 6 студзеня
Радыкальныя прыхільніка трампа штурмуюць Капітолій 6 студзеня

Чатыры чалавекі загінулі 6 студзеня ў Вашынгтоне, калі натоўп разьюшаных прыхільнікаў Дональда Трампа штурмаваў Капітолій. Кангрэс тым ня менш ухваліў вынікі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, якія гарантавалі перамогу дэмакрата Джо Байдэна.

Паводле начальніка паліцыі Вашынгтона Робэрта Конці, адну жанчына паліцыя параніла стрэлам у будынку Капітолія, пазьней яна памерла ў бальніцы. Паводле яго, адбудзецца ўнутранае расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту.

Яшчэ адна жанчына і двое мужчын загінулі ў выніку асобных мэдыцынскіх надзвычайных сытуацый.

Радыкальныя прыхільнікі Трампа ў будынку Капітолія
Радыкальныя прыхільнікі Трампа ў будынку Капітолія

Пасьля мітынгу ў Вашынгтоне натоўп радыкальных прыхільнікаў Дональда Трампа захапіў Капітолій. Праз чатыры гадзіны Нацгвардыя выцесьніла радыкальных пратэстоўцаў з Капіталійскага пагорка. У амэрыканскай сталіцы ўвялі надзвычайнае становішча.

Што адбылося 6 студзеня

У сераду абедзьве палаты Кангрэсу ЗША сабраліся, каб канчаткова зацьвердзіць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.

Крыху раней у Вашынгтоне прайшоў мітынг прыхільнікаў Трампа, на якім выступіў і сам дзейны прэзыдэнт.

Трамп выступае перад прыхільнікамі ў Вашынгтоне
Трамп выступае перад прыхільнікамі ў Вашынгтоне

Калі паседжаньне Кангрэса ўжо пачалося, натоўп радыкальных прыхільнікаў дзейнага прэзыдэнта ўварваўся ў Капітолій і ўчыніў там невялікі пагром.

Радыкальныя прыхільнікі Трампа штурмуюць Капітолій
Радыкальныя прыхільнікі Трампа штурмуюць Капітолій

Кангрэсмэнаў, прэсу і супрацоўнікаў Капітолія з будынка эвакуявалі, вынесьлі і скрынкі з дакумэнтамі аб галасаваньні выбаршчыкаў.

Людзі хаваюцца ў Галерэі Капітолія пасьля ўварваньня ў будынак натоўпу
Людзі хаваюцца ў Галерэі Капітолія пасьля ўварваньня ў будынак натоўпу

Аднаўляць парадак у сэрца амэрыканскай дэмакратыі накіравалі Нацыянальную гвардыю. Мэр Вашынгтону ўвёў надзвычайнае становішча і камэнданцкую гадзіну. Прынамсі 52 чалавекі затрымалі.

Сутыкненьні праваахоўнікам з радыкальнымі пратэстоўцамі
Сутыкненьні праваахоўнікам з радыкальнымі пратэстоўцамі

Губэрнатар Вірджыніі (да гэтага штату адносяцца некаторыя прыгарады Вашынгтона) таксама абвясьціў надзвычайнае становішча. Праз чатыры гадзіны пасьля захопу Капітолій вызвалілі ад пратэстоўцаў.

Папярэдні падобны напад на Капітолій ажыцьцявілі ангельцы ў 1814 годзе.

Сацсеткі выдалілі пасты Трампа і часова заблякавалі яго акаўнты

Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн рэзка асудзіў гвалт і заклікаў дзейнага прэзыдэнта адклікаць сваіх прыхільнікаў.

Праз некаторы час Трамп апублікаваў відэа, у якім папрасіў людзей разысьціся, аднак і ў ім ён паўтарыў, што выбары былі «скрадзеныя» (насуперак адсутнасьці канкрэтных доказаў), а пагромшчыкаў назваў «асаблівымі людзьмі» і паспачуваў ім.

Прыхільнікі Трампа ў Капітоліі
Прыхільнікі Трампа ў Капітоліі

Пазьней ён апублікаваў яшчэ адзін твіт з нагоды «скрадзенай» у яго «сакрушальнай перамогі». Twitter спачатку пазначыў гэтыя запісы як тыя, што не адпавядаюць рэчаіснасьці, потым выдаліў іх, а пасьля на 12 гадзін адабраў у Трампа доступ да яго акаунта. Facebook таксама выдаліў зварот Трампа і заблякаваў яго рахунак на суткі. Instagram далучыўся да сутачнай блякіроўкі.


Як адрэагавалі іншыя палітыкі

З асуджэньнем штурму выступілі некалькі рэспубліканцаў, у тым ліку былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і сэнатар Міт Ромні. Былыя прэзыдэнты-дэмакраты Барак Абама і Біл Клінтан наўпрост абвінавацілі Трампа ў падбухторваньні да гвалту. Рыторыку Трампа асудзіў і былы міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс. Некалькі супрацоўнікаў Белага дома сышлі ў адстаўку.

Узнаўляючы пасяджэньне Кангрэсу, дзейны віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс заявіў, што перамагае ня гвалт, а свабода.

Майк Пэнс выступае ў сэнаце
Майк Пэнс выступае ў сэнаце

Кангрэс ЗША зацьвердзіў перамогу Байдэна

У ходзе дэбатаў многія рэспубліканцы заклікалі калегаў па партыі адмовіцца ад прэтэнзій да вынікаў выбараў, а дэмакраты — да датэрміновай адстаўкі Трампа альбо шляхам імпічмэнту, альбо праз 25-ю папраўку да Канстытуцыі, якая дазваляе ўскласьці прэзыдэнцкія абавязкі на іншага чалавека ў выпадку няздольнасьці дзейнага прэзыдэнта іх выконваць.

Каля апоўначы 6 студзеня абедзьве палаты пераважнай колькасьцю галасоў пацьвердзілі вынікі выбараў у Арызоне. Некалькі заканадаўцаў-рэспубліканцаў, якія зьбіраліся выступіць супраць прызнаньня вынікаў, прагаласавалі «за», асудзіўшы такім чынам спробу прыхільнікаў прэзыдэнта Трампа сарваць адабрэньне Кангрэсам вынікаў выбараў.

Пазьней Сэнат Кангрэсу ЗША адхіліў пярэчаньні па выніках галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у штаце Пэнсільванія. За адхіленьне пярэчаньняў прагаласавалі 92 сэнатары, яшчэ сямёра гэтыя пярэчаньні падтрымалі. У Пэнсільваніі Джо Байдэн перамог, абышоўшы Дональда Трампа прыкладна на 80 тысяч галасоў.

Як прыхільнікі Трампа штурмавалі Капітолій
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00

Важная перамога дэмакратаў у сэнаце

Калі б не захоп Капітолія, галоўнай амэрыканскай навіной стаў бы другі тур выбараў у Сэнат у двух акругах у штаце Джорджыя. Ад іх вынікаў залежала, якая партыя будзе кантраляваць верхнюю палату Кангрэса ЗША.

Перамогу атрымалі дэмакраты Джон Осаф (33-гадовы былы журналіст) і Рафаэль Уорнак (51-гадовы пастар стаў першым чарнаскурым сэнатарам ад гэтага некалі канфэдэрацкага штата).

Цяпер у дэмакратаў і рэспубліканцаў па 50 месцаў у Сэнаце, і ў выпадку роўнага галасаваньня, лёс законапраекту будзе вызначаць голас віцэ-прэзыдэнта, а гэтую пасаду пасьля 20 студзеня будзе займаць дэмакрат Камала Харыс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG