Аўтарка выставы — горадзенская мастачка Валянціна Шоба. Яна прызнаецца, што падрыхтавала яе за 20 дзён.
«Усё гэта з такім добрым пачуцьцём, каб хоць 5 хвілін сьвята было. Мы нашу Пагоню перамалявалі ў розных прыкладах», — кажа Валянціна Шоба.
Арганізавалі выставу Ірына Варкулевіч і Аляксандар Балдакоў. Ірына больш расказала пра тэму калядных конікаў.
«У нас цяпер адзін галоўны конь — гэта Пагоня. Аўтаматычна ён пераходзіць у калядных конікаў, пернічных. Сьнег, коні, вельмі ўсё прыгожа, калядная казка... Гэта вельмі прыгожае сьвята, сьвята жаданьняў, коні таксама чароўныя. Я спадзяюся, што ва ўсіх нас усе жаданьні споўняцца», — расказала Ірына Варкулевіч.
Адначасна ў культурнай прасторы зьявілася інсталяцыя з казкі «Шчаўкунок». Яе падрыхтавалі, каб павіншаваць дзетак перад Новым годам.
«Гэта калядная казка. Яна вельмі актуальная. Дзяўчынка абараняе Шчаўкунка. Яна вымусіла сваім абцасікам сямігаловага Пацучынага караля зьнікнуць», — тлумачыць Ірына Варкулевіч.
Выстава «Калядныя конікі» плянуе працаваць да 14 студзеня.