Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ Расеі назвала запіс Навальнага падробкай пры падтрымцы замежных спэцслужбаў


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Цэнтар грамадзкіх сувязяў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі назваў падробкай відэаролік, апублікаваны 21 сьнежня апазыцыйным расейскім палітыкам Аляксееем Навальным.

«Разьмешчанае А. Навальным у сетцы інтэрнэт гэтак званае «расьсьледаваньне« пра нібыта зробленыя ў дачыненьні да яго дзеяньні ўяўляе сабой сплянаваную правакацыю, скіраваную на дыскрэдытацыю ФСБ Расеі і супрацоўнікаў органаў фэдэральнай службы бясьпекі, ажыцьцяўленьне якой не было б магчымым без арганізацыйнай і тэхнічнай падтрымкі замежных спэцслужбаў», – гаворыцца ў паведамленьні ФСБ, якое цытуе агенцтва «Новости».

«Выкарыстаньне спосабу падмены нумара абанэнта — вядомы прыём замежных спэцслужбаў, раней ня раз апрабаваны ў антырасейскіх акцыях, які дазваляе выключыць магчымасьць вызначэньня рэальных удзельнікаў размовы», — адзначаецца ў заяве.

21 сьнежня выданьне The Insider і сам Аляксей Навальны апублікавалі запісы гутаркі зь меркаваным супрацоўнікам ФСБ Канстанцінам Кудраўцавым. На запісе Кудраўцаў фактычна прызнаўся ў тым, што на Навальнага быў учынены замах, і расказаў падрабязнасьці. Навальны прадставіўся суразмоўцу памочнікам сакратара Рады бясьпекі РФ Мікалая Патрушава.

У размове з Навальным чалавек, ідэнтыфікаваны як Кудраўцоў, растлумачыў, што палітык памёр бы, калі б не апэратыўная пасадка ў Омску і ня уведзены яму лекарамі хуткай дапамогі атрапін.

У публікацыі The Insider гаворыцца, што за некалькі гадзінаў да выхаду расьсьледаваньня Bellingcat і групы іншых мэдыя аб атручэньні апазыцыянэра, Навальны зрабіў некалькі званкоў чальцам групы, верагодна датычных да атручваньня, у тым ліку Кудраўцову. Як сьцьвярджаецца, апазыцыянэр тэлефанаваў праз адмысловую праграму, таму Кудраўцоў меркаваў, што яму тэлефануюць з працоўнага тэлефона. Як сьцьвярджаецца, гэты нумар таксама выкарыстоўваўся супрацоўнікамі ФСБ ў якасьці камутатара для сувязі з высокапастаўленымі афіцэрамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG