Агнешка Рамашэўская, дырэктарка тэлевізіі Белсат, ляўрэатка прэміі Ежы Гедройця ад «Rzeczpospolitej» у 2010 годзе, адзначыла, прадстаўляючы ляўрэата, што Андрэй Хадановіч пераклаў творы Чэслава Мілаша, Зьбігнева Гэрбэрта, Адама Міцкевіча і Канстантага Ільдэфанса Галчыньскага, а «пераклад стварае масты паміж культурамі».
«Андрэй таксама аўтар надзвычай важнага сёлета твору — перакладу каталёнска-польскай песьні „Муры“. Гэтую песьню каталёнскага паэта Люіса Ляка, перапрацаваную польскім бардам Яцэкам Качмарскім, пераклаў і перарабіў пад беларускія рэаліі Андрэй Хадановіч. Падчас пратэстаў у Беларусі мы амаль усюды чулі гэтую сымбалічную песьню: „Разбуры турмы муры, прагнеш свабоды — то бяры“. Яна ўвайшла ў беларускую культуру», — адзначыла Агнешка Рамашэўская.
«Шчыра ўдзячны! Яшчэ і таму, што гэта знак падтрымкі Беларусі, нашага сёлетняга змаганьня за справядлівасьць, нашай грамадзянскай супольнасьці, што паўстае проста ў нас на вачах. Вельмі расчуліўся, пачуўшы пра „перакладніка — будаўніка мастоў“, вельмі блізкая мне (і паэтам, якіх перакладаю) думка», — напісаў у фэйсбуку Андрэй Хадановіч.
Прэмію імя Ежы Гедройця рэдакцыя газэты «Rzeczpospolita» заснавала ў 2001 г., у першую гадавіну сьмерці выбітнага рэдактара і палітыка, стваральніка часопіса «Культура» і Літаратурнага інстытуту ў Парыжы. Яе ня варта блытаць зь літаратурнай прэміяй імя Гедройця, якая ўручаецца ў Беларусі.