Гэта набор легальных мэханізмаў, якія могуць быць зьмененыя ў залежнасьці ад сытуацыі, падкрэсьлівае Аляхновіч.
- 1. Унутраныя санкцыі, якія могуць зрабіць самі беларусы ўнутры краіны: адмова ад куплі асноўных падакцызных і шкодных для здароўя тавараў — алькаголю і цыгарэт; абмежаваньне куплі тавараў і паслуг тых прадпрыемстваў і гандлёвых сетак, якія праводзяць рэпрэсіі і фінансуюць рэжым; абмежаваньне ці адтэрміноўка платы ў бюджэт падаткаў, штрафаў, але ў межах закону.
- 2. Расьсьледаваньне і абмежаваньне карупцыйных схемаў паставак прыватнымі кампаніямі, набліжанымі да Лукашэнкі.
- 3. Замарозка міжнароднай супрацы зь дзяржаўным сэктарам, спыненьне праграм міжнародных фінансавых інстытутаў (Эўрапейскі інвэстыцыйны банк, МВФ, бо пакуль Ўсясьветны банк і Эўразійскі банк працягваюць супрацоўнічаць зь дзяржаўным сэктарам Беларусі).
Паводле прадстаўніка Сьвятланы Ціханоўскай у эканоміцы спадара Алеся Аляхновіча, варта пераарыентаваць працу міжнародных фінансавых інстытутаў з падтрымкі дзяржаўнага сэктара на падтрымку прыватнага сэктару, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці.
- 4. Абмежаваньне замежнай падтрымкі для дзяржаўных і прыватных банкаў. Важна спыніць фінансаваньне дзяржаўных банкаў з боку замежных банкаў, а таксама па меры магчымасьці размаўляць з замежнымі матчынымі банкамі з Эўразьвязу, каб яны абмежавалі крэдытныя лініі ў Беларусі.
- 5. Закрыцьцё фінансавых рынкаў для эмісіі новых дзяржаўных аблігацый Беларусі. Інфармаваць міжнародную фінансавую супольнасьць пра сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку пра парушэньне базісных эканамічных правоў (такіх як незаконны здым сродкаў у некалькіх соцень беларусаў, якія атрымалі грашовыя пераводы ад фонду ByHelp).
«Неабходна інфармаваць фінансавую супольнасьць пра магчымасьць перагляду мэтазгоднасьці сплаты дзяржаўных аблігацый, выпушчаных пасьля 9 жніўня 2020 году. Яны павінны разумець, што, даючы грошы ўладам, яны ня толькі фінансуюць рэпрэсіі, але таксама могуць не атрымаць гэтыя грошы назад. Такія прыклады былі і ў Польшчы ў 1989 годзе, у Грэцыі пасьля фінансавага крызісу, гэта было і ва Ўкраіне, Вэнэсуэле», — аргумэнтуе сваю прапанову Алесь Аляхновіч.
- 6. Абмежаваньне экспарту прадукцыі ключавых прадпрыемстваў, асабліва дзяржаўных прадпрыемстваў, на якіх адбываюцца рэпрэсіі, затрымліваюць людзей, звальняюць з палітычных матываў.
«Мы будзем размаўляць з асноўнымі пакупнікамі гэтай прадукцыі, напрыклад з нарвэскай кампаніяй Yara, якая купляе прадукцыю „Беларускалію“. Будзем прапаноўваць, каб кампаніі адмаўляліся ад імпарту беларускай прадукцыі», — кажа прадстаўнік Ціханоўскай у эканамічных пытаньнях.
- 7. Замарозка новых і бягучых замежных інвэстыцый з боку прадпрыемстваў і з боку дзяржаваў (тут ёсьць ужо прыклады спыненьня трансьмежнай супрацы з Эўразьвязам).
«У выпадку, калі гэтыя мэханізмы не спрацуюць, а рэпрэсіі будуць працягвацца, прадугледжаны і іншыя, больш балючыя мэханізмы ціску, у тым ліку самы жорсткі мэханізм — гэта адключэньне Беларусі ад сыстэмы SWIFT», — кажа прадстаўнік Ціхаўскай Алесь Аляхновіч.