57-гадовы Мікалай Аўтуховіч служыў ў Аўганістане, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума мэдалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з войска старшым прапаршчыкам у 1991 годзе і заняўся бізнэсам: адрамантаваў і здаваў у арэнду былыя вайсковыя казармы, меў у родным Ваўкавыску некалькі пасьпяховых праектаў, сярод якіх «Таксі 22222».
Праблемы ў прадпрымальніка пачаліся пасьля таго, як ён даў паказаньні супраць працаўніка падатковай службы, абвінаваціўшы яго ў карупцыі, была нават распачата крымінальная справа. Тады Аўтуховіч ня раз казаў у СМІ, што праз гэтыя паказаньні і пачаліся маштабныя праверкі ягонага бізнэсу. У адказ Аўтуховіч і яшчэ каля 30 чалавек праводзілі сумесныя страйкі і галадоўкі пратэсту.
У 2004 годзе Мікалай Аўтуховіч вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах.
Хронікі перасьледу:
Калі Аўтуховіча ўзялі пад варту ў сярэдзіне 2005 году, прадпрымальнік пачаў галадоўку і за 74 дні страціў 38 кіляграмаў вагі. У турэмным шпіталі ён адмаўляўся ад мэдычнай дапамогі, дактары ацэньвалі ягоны стан як цяжкі. Мікалай Аўтуховіч папрасіў сустрэцца з праваслаўным сьвятаром зь Берасьця айцом Сергіем. Урэшце яму зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт, ён выходзіў з галадоўкі ў раённым шпіталі пры дапамозе доктара-дыетоляга. За вызваленьне з-пад варты прадпрымальніка сябры сабралі сярод жыхароў Ваўкавыску каля тысячы подпісаў, якія накіравалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. У лісьце да генэральнага пракурора ён напісаў, што лічыць сваю справу палітычнай, а абвінавачаньні — несправядлівымі, таму ня будзе заставацца пад хатнім арыштам. Абвясьцілі вышук Аўтуховіча, у міліцэйскай абвестцы напісалі, што ён узброены, хаця зброі ня меў, і што ён адмоўна ставіцца да ўлады. Яго затрымалі ў Менску, калі ён прыйшоў у цырульню.
У 2006 годзе Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 3,5 года ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з нанясеньнем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пазбавілі права займацца прадпрымальніцтвам цягам пяці гадоў.
Суд аб канфіскацыі маёмасьці адбыўся ў канцы 2007 году. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зьняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак. Сканфіскавалі 13 таксовак, кватэру і два склады. Да спагнаньня была прызначана таксама вялікая сума грошай.
Праваабаронцы назвалі перасьлед палітычна матываваным і прызналі Аўтуховіча палітвязьнем. Вызвалілі Мікалая Аўтуховіча датэрмінова ў 2008 годзе ў выніку санкцыяў з боку ЗША і Эўразьвязу.
Аднак на волі ён прабыў нядоўга. У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча зноў затрымалі (ён правёў пад вартай больш за год). Спачатку яго абвінавацілі ў падпале чужой маёмасьці, а затым — у рыхтаваньні тэрарыстычных актаў супраць старшыні Горадзенскага аблвыканкаму і намесьніка міністра падаткаў і збораў. Але гэтыя абвінавачаньні не былі даказаныя.
У сьледчым ізалятары № 1 у Менску Мікалай Аўтуховіч тры месяцы трымаў галадоўку супраць незаконнага перасьледу. Разам з Аўтуховічам былі затрыманыя яшчэ два актывісты прадпрымальніцкага руху, якіх праваабаронцы таксама прызналі палітвязьнямі.
У 2010 годзе Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі пяць гадоў вязьніцы строгага рэжыму «за незаконнае захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі». Віны ён не прызнаў і патлумачыў перасьлед помстай за ягоную барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі. Вызвалілі Аўтуховіча пасьля сканчэньня тэрміну зьняволеньня 8 красавіка 2014 году.
«Мяне пасадзілі ні за што, адабралі маёмасьць ні за што»
У турме Мікалаю Аўтуховічу двойчы прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, аднак ён адмовіўся.
«Я не супрацоўнічаю і не ўваходжу ў змову з тымі, хто мяне пасадзіў, — сказаў Аўтуховіч пасьля вызваленьня. — З 2003 году яны мяне б’юць. Вынікае, адзінаццаці гадоў жыцьця як не было. Мяне пасадзілі ні за што, адабралі маёмасьць ні за што. Чаму? — Такая сыстэма, сыстэма ўлады. Яны ня хочуць самі сядзець у турме, таму туды трэба садзіць тых, хто іх выкрывае. Пачалося ўсё менавіта праз мае выкрыцьці. Мяне спрабавалі прымусіць плаціць ні за што, і я пачаў зьбіраць на іх кампрамат».
Падчас пратэстаў прадпрымальнікаў у 2016 годзе ён сказаў Свабодзе, што лічыць: «на плошчу выйсьці адзін раз і не сыходзіць зь яе». Займаўся стварэньнем агульнабеларускага прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Салідарнасьць». Таксама прапаноўваў ідэю стварэньня структуры, якая займалася б абаронай вязьняў.
У 2018 годзе Мікалай Аўтуховіч абмежаваў кантакты і не раскрываў месца свайго знаходжаньня. Казаў, што гэта выклікана спробамі правакацыяў улады супраць яго.
У траўні 2019 году Мікалай Аўтуховіч у фэйсбуку зьмясьціў зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікаў яго ў месячны тэрмін прызнаць свае памылкі і сысьці з пасады.
«Я — адзін з многіх грамадзян Беларусі, якога гэты рэжым незаконна пазбавіў уласнасьці і свабоды. Я — той чалавек, які не зьмірыўся зь свавольствам і злачынствамі ўлады», — пісаў у звароце Аўтуховіч.
Маці Мікалая Аўтуховіча жыве ў Ваўкавыску, ён мае жонку Алену, дачка Кацярына жыве за мяжой.
8 сьнежня каналы беларускай тэлевізіі паказалі сюжэт пра «тэрарыстаў», дзе гаворыцца, што Мікалай Аўтуховіч кіраваў групай, якая падпаліла будаваны дом і машыну міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падарвала аўтамабіль супрацоўніка міліцыі ў Горадні.
Разам з Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькі чалавек, сярод іх праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч (ён жыў у Берасьці, але служыў у вёсцы Сьцепанкі Жабінкаўскага раёну), яго жонку Любоў і сына. Мікалай Аўтуховіч часта гасьцяваў у гэтай сям’і.
Праваабаронца Алег Воўчак сказаў, што паказанае па БТ выклікае шок. Ён устурбаваны станам здароўя Аўтуховіча.
«На відэа бачна, што ў яго зьвязаныя рукі, такое адчуваньне, што пабітая галава. Калі б паказалі ягоны твар, як звычайна паказвалі затрыманых дзяцей, якія прызнаваліся на камэру... А тут ён паказаны з вышыні. Узьнікае пытаньне — ці гэта ён насамрэч?» — кажа Алег Воўчак.
Апошнім часам Мікалай Аўтуховіч хаваўся, і гэта ні для кога не сакрэт, кажа праваабаронца.
«За ім быў кантроль, яму не давалі працаваць, ён асьцерагаўся ўсялякіх правакацыяў. Мы бачыліся зь ім год таму, а потым я яго і сам ня мог знайсьці. Я меркаваў нават, што ён не ў Беларусі, бо зусім пра яго не было чуваць, на яго ўжо неяк пачалі забывацца», — кажа Алег Воўчак.