У складзе ўраду дзевяць міністраў, прапанаваных партыяй кансэрватараў (Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты); тры міністры, дэлегаваныя Партыяй свабоды; два міністры, якіх прапанаваў Рух лібэралаў.
Новым міністрам замежных справаў Літвы будзе Габрыелюс Ландсбергіс, лідэр Зьвязу Айчыны — Літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў, які перамог на парлямэнцкіх выбарах у Літве. Ён заменіць на гэтай пасадзе Лінаса Лінкявічуса. Габрыелюс Ландсбергіс паабяцаў падтрымліваць пераемнасьць у замежнай палітыцы ды ўзмацніць падтрымку беларускай апазыцыі.
«Думаю, што павінна працягвацца і ўзмацняцца ўвага да беларускай апазыцыі. Думаю, што тут мы можам умацаваць гэтую ўвагу, даючы рэальную і фінансавую, і палітычную дапамогу тым людзям, якія цяпер знаходзяцца ў Літве, змагаюцца за дэмакратычную будучыню Беларусі», — цытуе Габрыелюса Ландсбергіса, унука Вітаўтаса Ландсбергіса, інфармацыйны онлайн-рэсурс delfi.lt.
Урад прыступіць да працы, калі Сэйм зацьвердзіць яго праграму і міністры складуць прысягу.