Трамп выступіў на мітынгу ў падтрымку двух сэнатараў-рэспубліканцаў, якія вядуць кампанію перад другім турам выбараў у Сэнат, прызначаным на 5 студзеня.
У Джорджыі, паводле афіцыйных вынікаў, Трамп атрымаў на 12 тысяч галасоў менш, чым Джо Байдэн. Трамп аспрэчвае гэты вынік, сьцьвярджаючы, што да яго прывялі фальсыфікацыі. Пры гэтым як афіцыйныя асобы ў Джорджыі — галоўным чынам рэспубліканцы — так і суды адхіляюць аргумэнты Трампа і яго юрыстаў.
Раней Трамп напісаў у Твітэры, што губэрнатар-рэспубліканец дазволіў «фальсыфікаваць выбары ў Джорджыі», аднак кіраўнікі штату працягваюць сьцьвярджаць, што галасаваньне прайшло сумленна. Падобная карціна і ў іншых штатах, перамогу Байдэна ў якіх аспрэчвае Трамп.
Некаторыя прыхільнікі рэспубліканцаў баяцца, што ўпартае нежаданьне прэзыдэнта прызнаць паразу можа пашкодзіць кандыдатам ад партыі на выбарах у Сэнат.
Ад выніку выбараў у Джорджыі залежыць, хто будзе кантраляваць Сэнат. Цяпер у Сэнаце 50 месцаў у рэспубліканцаў, 48 — у дэмакратаў. Калі ў Джорджыі пераможа хоць бы адзін рэспубліканец, то кантроль над Сэнатам застанецца ў іх руках, і гэта можа сур’ёзна ўскладніць выкананьне перадвыбарных абяцаньняў Байдэна. Калі ж перамогуць абодва дэмакраты, то вырашальны 101-ы голас будзе ў будучай віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс, то бок у дэмакратаў.