У Фрунзэнскім судзе Менску працягваецца працэс над палітвязьнямі: 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам і 25-гадовай Марыяй Бабовіч.
Дзяржаўны абвінаваўца спаслалася на «хуліганскі матыў» і запрасіла для Максіма Паўлюшчыка два гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Для Марыі Бабовіч — да 1 года 6 месяцаў пакараньня без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня, а таксама зьмяніць ёй меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.
Супраць Паўлюшчыка і Бабовіч пачалі справу за хуліганства і наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, што пацягнула шкоду ў буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. Падставай стала аднаўленьне надпісу «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.
Прадстаўніца «Гаррамаўтадару» на працэсе сказала, што прадпрыемства адмаўляецца ад пазову ў зьвязку з тым, што на разьліковы рахунак прадпрыемства паступілі грошы для кампэнсацыі заяўленага ўрону ў 211 рублёў. Прадстаўніца «Гаррамаўтадару» адмовілася ад выступу ў спрэчках.