Эпідэміёлягі выявілі прычыну атручэньня дзяцей у менскай школе №61, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Гэта стафілякок. Імаверна, гэты ўзбуджальнік трапіў у ежу ад кагосьці з пэрсаналу, які гатаваў страву для школьнікаў.
Міністэрства здароўя Беларусі паведамляе са спасылкай на вынікі лябараторнага дасьледаваньня:
«Устаноўлена, што разьвіцьцё харчовага атручэньня ў вучняў у сярэдняй школе № 61 Менску зьвязана з ужываньнем у ежу стравы чыкен-рола «Маленькі цэзар». Узбуджальнік – стафілякок. У сувязі з тым, што расьсьледаваньне працягваецца, можна толькі меркаваць, што крыніцай інфэкцыі, імаверна, зьявіўся пэрсанал харчовага блёка, які ўдзельнічаў у гатаваньні стравы».
Сьледчы камітэт удакладняе, што стафілякок быў знойдзены ў ходзе абсьледаваньня ў чатырох шпіталізаваных вучняў школы. Аналягічнае захворваньне пацьвердзілася ў васьмі работнікаў, шэсьць зь якіх у дзень здарэньня займаліся гатаваньнем чыкен-ролаў.
Расьсьледаваньне працягваецца. Дапыталі работнікаў камбіната школьнага харчаваньня, а таксама кіраўніцтва школы.
«На сёньняшні дзень усе дзеці выпісаныя з устаноў аховы здароўя, іхнаму здароўю нічога не пагражае. Сьледчыя вывучаюць мэдыцынскую дакумэнтацыю, – заявілі ў Сьледчым камітэце.