Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб Беларусі з заклікам расьсьледаваць злачынствы супраць беларускага народу


Народны мэмарыял на месцы, дзе схапілі Рамана Бандарэнку. 15 лістапада 2020, праз 3 дні пасьля яго сьмерці
Народны мэмарыял на месцы, дзе схапілі Рамана Бандарэнку. 15 лістапада 2020, праз 3 дні пасьля яго сьмерці

Эўрапейскі парлямэнт на сваім пасяджэньні 26 лістапада прыняў рэзалюцыю ў сувязі зь няспыннымі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасьці, з забойствам Рамана Бандарэнкі.

Яе падтрымалі прадстаўнікі ўсіх палітычных групаў Эўрапарлямэнту, апрача праварадыкальнай групы «Ідэнтычнасьць і дэмакратыя» і леварадыкальнай групы «Аб’яднаныя эўрапейскія левыя / Зялёныя левыя Поўначы».

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 613 дэпутатаў, супраць — 41, устрымаліся 35 эўрапарлямэнтароў.

У рэзалюцыі апісваецца сытуацыя ў Беларусі і ранейшыя рашэньні міжнародных арганізацый. Зыходзячы з гэтага, Эўрапарлямэнт сфармуляваў наступныя 26 пунктаў, у якіх:

  1. Самым рашучым чынам асуджае забойства Рамана Бандарэнкі і выказвае спачуваньне яго сям’і і сем’ям усіх, хто страціў сваіх блізкіх у выніку рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі.
  2. Патрабуе неадкладнага, пільнага, бесстароньняга і незалежнага расьсьледаваньня сьмерці Рамана Бандарэнкі і зьвязаных з пратэстамі сьмерцяў Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Генадзя Шутава і Канстанціна Шышмакова.
  3. Зноў выказвае падтрымку беларускім пратэстоўцам у іх патрабаваньнях свабоды, дэмакратыі, годнасьці і права абіраць свой уласны лёс; асуджае няспынныя парушэньні правоў чалавека, запалохваньне і непрапарцыйнае ўжываньне сілы супраць мірных пратэстоўцаў.
  4. Заклікае беларускія ўлады спыніць усе формы гвалту, жорсткага абыходжаньня, гендэрна-базаванага гвалту і катаваньняў супраць беларускіх грамадзян і затрыманых, даць ім доступ да мэдычнай і юрыдычнай дапамогі, а таксама вызваліць неадкладна і безумоўна ўсіх асобаў, якія бялі адвольна затрыманыя, у тым ліку за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў выбараў і супраць гвалту з боку ўладаў, або за выказваньне падтрымкі гэтым пратэстам.
  5. Рашуча асуджае любое выкарыстаньне запалохваньня, перасьледу, адвольных арыштаў і затрыманьняў, жорсткага абыходжаньня з грамадзянамі, і асуджае парушэньні правоў чалавека з боку беларускіх уладаў або ад іх імя; заклікае неадкладна спыніць усе формы перасьледу грамадзян, такія як звальненьне працоўных і выключэньне студэнтаў за ўдзел у страйках ці пратэстах, пазбаўленьне журналісцкай акрэдытацыі, карнае адключэньне камунальных паслуг, такіх як вада ці ацяпленьне, пазбаўленьне правоў на апеку над дзіцем, блякаваньне прыватных банкаўскіх рахункаў і адключэньне інтэрнэту.
  6. Заклікае ўсіх беларускіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўсіх, хто дзейнічае ад імя беларускіх уладаў, неадкладна спыніць выкарыстаньне гвалту супраць мірных грамадзян і ўстрымацца ад выкананьня далейшых злачынных загадаў і інструкцый па выкарыстаньні дыспрапарцыйнай сілы, гвалту, катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з грамадзянамі; заклікае ўвесьці канкрэтнае вызначэньне катаваньняў у Крымінальны кодэкс Беларусі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і зьмяніць заканадаўства такім чынам, каб крыміналізаваць прымусовыя зьнікненьні.
  7. Асуджае поўнае нежаданьне ўладаў расьсьледаваць выпадкі жорсткага абыходжаньня і катаваньняў з боку праваахоўнікаў, у той час як заводзяцца крымінальныя справы супраць мірных грамадзян; падкрэсьлівае, што гэта сьведчыць пра наўмысную і сыстэматычную палітыку рэпрэсій і беспакаранасьці, якую яшчэ больш падкрэсьлівае той факт, што задзейнічаныя ў гэтым супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў працягваюць атрымліваць высокія ўзнагароды за свой удзел у злачынствах супраць народу.
  8. Не прызнае вынікаў так званых прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і выказвае сваю адназначную падтрымку народу Беларусі ў яго законных патрабаваньнях неадкладнага спыненьня аўтарытарных рэпрэсіяў, павагі да фундамэнтальных свабодаў і правоў чалавека, правядзеньня новых, свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і пад назіраньнем Офіса АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека.
  9. Заклікае ўсе фірмы, якія працуюць у Беларусі, праяўляць асаблівую пільнасьць і выконваць свае абавязаньні адносна павагі да правоў чалавека ў адпаведнасьці з прынцыпамі ААН датычна бізнэсу і правоў чалавека.
  10. Настойвае на неабходнасьці забясьпечыць права грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый, выказваньняў і думак, а таксама свабоду мэдыя, і таму зьняць усе абмежаваньні ў законе і на практыцы, якія перашкаджаюць гэтым свабодам.
  11. Зноў падкрэсьлівае важнасьць усталяваньня вяршэнства закону, каб паважаліся асноўныя свабоды і правы чалавека, а таксама каб была дзейная незалежная судовая ўлада, што гарантавала б права на адваката, справядлівы суд і юрыдычную дапамогу.
  12. Рашуча асуджае працяг выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня і заклікае да яго неадкладнай і сталай адмены, а пакуль гэтага не адбудзецца, да мараторыю на сьмяротнае пакараньне і да эфэктыўнага права апэляцыі супраць сьмяротных пакараньняў.
  13. Заклікае ЭЗ падтрымаць міжнароднае расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі; лічыць, што такое расьсьледаваньне трэба падтрымаць стварэньнем цэнтру па зборы доказаў і рабочай групы Эўразьвязу з экспэртаў у міжнародным праве, якая б садзейнічала будучым міжнародным расьсьледаваньням. Заклікае Эўракамісію, краіны Эўразьвязу і Эўрапейскую службу вонкавых дзеяньняў даць поўную падтрымку намаганьням Рады ААН у правах чалавека і Маскоўскага мэханізму АБСЭ, а таксама праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасьці, каб забясьпечыць дакумэнтаваньне і паведамленьне пра парушэньні правоў чалавека і, у далейшым, адказнасьць вінаватых і справядлівасьць для ахвяраў.
  14. Асуджае дзеяньні Нацыянальнага сходу Беларусі ў пазбаўленьні грамадзян беларускага грамадзянства з палітычных прычын.
  15. Асуджае перасьлед жанчын-праваабаронцаў, у прыватнасьці арышты Марфы Рабковай і Марыны Кастылянчанкі з праваабарончага цэнтру «Вясна», і заклікае неадкладна спыніць гендэрна-базаваны перасьлед актывістак.
  16. Лічыць, што ўручэньне прэміі Сахарава за свабоду думкі — 2020 дэмакратычнай апазыцыі Беларусі пакуль можа адбыцца ў форме дыстанцыйнай цырымоніі, у сувязі з пандэміяй. Аднак падкрэсьлівае, што фізычная цырымонія павінна быць арганізаваная, калі гэта дазволіць сытуацыя.
  17. Падкрэсьлівае, што захады, ужытыя Эўразьвязам і яго краінамі-ўдзельніцамі супраць рэжыму Лукашэнкі, дагэтуль былі недастатковыя, і вітае рашэньне Эўрапейскай рады аб працы над трэцім пакетам санкцый, скіраваных супраць фірмаў і алігархаў, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі. Заклікае да вартага даверу пашырэньня сьпісу санкцыяў ЭЗ.
  18. Падтрымлівае стварэньне неадкладнай місіі Эўрапейскага парлямэнту ў Вільню і Варшаву для высьвятленьня фактаў, а таксама камунікацыю з апазыцыяй у Беларусі, каб высьветліць магчымасьці пасярэдніцтва і ініцыятываў у падтрымку дэмакратыі. Падкрэсьлівае неабходнасьць далейшага пасярэдніцтва і ініцыятываў у падтрымку дэмакратыі, такіх як Місія высокага ўзроўню, якая б сьледавала за місіяй для высьвятленьня фактаў.
  19. Заклікае да поўнага замарожваньня ўсіх трансфэраў фондаў Эўразьвязу, у тым ліку пазыкаў Эўрапейскага банку інвэстыцый, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ды іншых для цяперашняга беларускага ўраду і праектаў пад дзяржаўным кантролем. Заклікае Эўрапейскую службу вонкавых дзеяньняў прыпыніць перамовы аб прыярытэтах партнэрства ЭЗ-Беларусь, пакуль не адбудуцца свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары.
  20. Заклікае ЭЗ і краіны Эўразьвязу павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці і павялічыць кантакты ЭЗ і падтрымку незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў і незалежных журналістаў, асабліва тых, хто ў зьняволеньні, адсочваючы іх судовыя працэсы. Заклікае Эўракамісію неадкладна стварыць праграму стыпэндый для студэнтаў і навукоўцаў, выключаных зь беларускіх унівэрсытэтаў за іх прадэмакратычную пазыцыю. Заклікае Эўракамісію запусьціць мэтавую праграму дапамогі ЭЗ, каб дапамагчы ахвярам палітычных рэпрэсій і паліцэйскага гвалту.
  21. Асуджае высылку эўрапейскіх дыпляматаў зь Беларусі і заклікае ЭЗ і краіны Эўразьвязу разгледзець магчымасьць панізіць узровень дыпляматычнага ўзаемадзеяньня з краінай.
  22. Заклікае краіны Эўразьвязу і Эўракамісію ажыцьцявіць рэкамэндацыі дакладчыка Маскоўскага мэханізму АБСЭ, каб даць прытулак у выпадках перасьледу, прадугледжаных Жэнэўскай канвэнцыяй аб статусе ўцекачоў. Заахвочвае краіны Эўразьвязу ў гэтым кантэксьце далей спрыяць працэдуры атрыманьня візаў для тых, хто ўцякае зь Беларусі з палітычных прычын, і забясьпечыць ім і іх сем'ям усю неабходную падтрымку і дапамогу.
  23. Асуджае здушэньне мэдыя і доступу да інтэрнэту, пашырэньне дэзынфармацыі і зьбіваньне, арышты і запалохваньне журналістаў і блогераў. Падкрэсьлівае права народу Беларусі мець бесьперашкодны доступ да інфармацыі. Заклікае ЭЗ скарыстацца сваімі інструмэнтамі, каб падтрымаць СМІ і журналістаў, якія трапілі пад перасьлед рэжыму.
  24. Настойвае, што беларускія працоўныя павінны мець магчымасьць скарыстацца сваім правам на мірны страйк бяз рызыкі звальненьня, арышту ці іншых пакараньняў.
  25. Паўтарае свой заклік да Эўрапейскай рады і Эўракамісіі прыняць усёахопныя эфэктыўныя і своечасовыя абмежавальныя захады на ўзроўні ЭЗ, так званы Эўрапейскі акт Магніцкага, які б дазволіў санкцыі супраць любой асобы, дзяржаўных і недзяржаўных субʼектаў і любых іншых субʼектаў, якія адказныя за цяжкія парушэньні правоў чалавека, злоўжываньні і карупцыю ці маюць да іх дачыненьне, безь ніякага далейшага адкладу.
  26. Інструктуе старшыню Эўрапарлямэнту перадаць рэзалюцыю ў Эўрапейскую раду, у Эўракамісію, віцэ-прэзыдэнту Эўракамісіі / Высокаму прадстаўніку Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі, урадам і парлямэнтам краін Эўразьвязу, Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе і ўладам Рэспублікі Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG