Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр легендарны аргентынскі футбаліст Дыега Марадона


Дыега Марадона
Дыега Марадона

Аргентынскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра сьмерць 60-гадовага Дыега Марадоны, легенды сусьветнага футболу.

У сераду 25 лістапада ў Марадоны спынілася сэрца. Яму зрабілася дрэнна дома, дзе ён праходзіў рэабілітацыю пасьля апэрацыі на галаўным мозгу.

2 лістапада Марадону паклалі ў шпіталь у горадзе Ля-Плята. Як заявіў раней лекар былога футбаліста Леапольда Луку, шпіталізацыя не была тэрміновая, аргентынец сам захацеў прайсьці мэдычны агляд, падчас якога выявілі субдуральную гематому.

На другі дзень Марадону перавезьлі ў іншы шпіталь, дзе яму пасьпяхова правялі апэрацыю, аднак выпіску адклалі з прычыны абстынэнтнага сындрому. 12 лістапада Марадону выпісалі з шпіталя.

Марадона лічыцца адным з найлепшых гульцоў у гісторыі футболу. Ён — чэмпіён сьвету 1986 году. На клюбным узроўні выступаў, у прыватнасьці, за каманды «Бока Хуніёрс» (Аргентына), «Барсэлёна» (Гішпанія), «Напалі» (Італія).

Да апошняга часу Марадона быў галоўным трэнэрам аргентынскага футбольнага клюбу «Хімнасія». Нейкі час ён таксама ўзначальваў нацыянальную каманду сваёй краіны.

У траўні 2018 году Дыега Марадона заняў пасаду старшыні праўленьня берасьцейскага «Дынама», у ліпені прыляцеў у Берасьце.

Але ён так і не пачаў працаваць у Беларусі, а ў верасьні наогул заняў пасаду тэхнічнага дырэктара ў мэксыканскім футбольным клюбе (і застаўся «ганаровым прэзыдэнтам» берасьцейскага). Ягоны адвакат тлумачыў гэта тым, што ў Беларусі «клімат вельмі суровы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG