Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі зьнізіліся прарасейскія настроі?


Чаму, паводле апытаньняў, доля прыхільнікаў саюзу з Расеяй у Беларусі зьнізілася да 40%? Гэтае зьніжэньне — гэта ваганьні ці тэндэнцыя няўхільнага падзеньня? Чаму з пачатку году да верасьня адбываўся рост прарасейскіх настрояў у Беларусі?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст абмяркоўвае з сацыёлягам, кіраўніком Беларускай аналітычнай майстэрні, прафэсарам Андрэем Вардамацкім.

Сьцісла:

  • Геапалітычныя арыентацыі сфармаваныя пераважна ўзьдзеяньнем мэдыя
  • На рост прарасейскіх настрояў у Беларусі ў першай палове 2020 году паўплывала тое, што палітыка Пуціна адносна пандэміі была больш падобная да палітыкі краін Эўразьвязу, чым палітыка Лукашэнкі
  • Важным чыньнікам росту гэтых настрояў было зьяўленьне ў якасьці кандыдата Віктара Бабарыкі, які ў пэўным сэнсе асацыяваўся з Расеяй
  • Палітыка Расеі пасьля выбараў у Беларусі, падтрымка Расеяй Лукашэнкі прывяла да паніжэньня прарасейскіх настрояў
  • Цяпер Крэмль робіць пэўныя рэвэрансы на адрас беларускага пратэсту, і гэта ў будучыні можа паўплываць на геапалітычныя прыярытэты беларусаў
  • Найбольшы рост праэўрапейскіх настрояў мы зафіксавалі ў Менску. І менавіта ў сталіцы адбыўся найбольш істотны абвал прарасейскіх настрояў
  • Дзе найбольшы ўзровень гвалту, брутальнасьці — там найбольшы рост праэўрапейскіх настрояў

— Андрэй, днямі «Коммерсант» апублікаваў дадзеныя лістападаўскага апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні, кіраванай вамі. Паводле гэтых дадзеных, зь верасьня па лістапад сярод беларускіх рэспандэнтаў падтрымка саюзу з Расеяй зьнізілася з 51,6% да 40%. У той жа час доля прыхільнікаў эўраінтэграцыі павялічылася з 26,7% да 33%.

«Коммерсант» даў публікацыі хвосткі загаловак: «Беларусы адварочваюцца ад саюзу з Расеяй». Магчыма, гэта журналісцкае імкненьне да сэнсацыяў. Вы ў інтэрвію «Коммерсанту» сказалі, што пакуль невядома — гэта флюктуацыя ці трэнд. Падобнае ж рэзкае падзеньне долі прыхільнікаў саюзу з РФ назіралася і напрыканцы мінулага году. Дык цяперашняе зьніжэньне — гэта флюктуацыя ці трэнд? Гэта новая тэндэнцыя ці геапалітычныя настроі — як дзіцячая лялька «неваляшка», якая проста качаецца з боку ў бок?

— Сапраўды, першае, што я сказаў у інтэрвію «Коммерсанту», — што невядома, гэта трэнд ці флюктуацыя. Пэўны адказ могуць даць толькі далейшыя дасьледаваньні. А гіпотэзы могуць быць самыя розныя. Ну, а падача матэрыялу — гэта права журналіста і выданьня. Некалькі словаў наконт гэтага дасьледаваньня. Яно праводзілася 5–8 лістапада, памер выбаркі — 1008 рэспандэнтаў, і гэта было тэлефоннае апытаньне.

— На ваш погляд, якая роля мэдыя ў цяперашняй зьмене геапалітычных прыярытэтаў? Беларускія дзяржаўныя мэдыя пасьля выбараў 9 жніўня зрабілі рэзкі паварот ад крытыкі палітыкі Расеі да хваласьпеваў на яе адрас. Расейскія дзяржаўныя СМІ лінію ўсхваленьня сваёй дзяржавы ніколі і не мянялі. Пасьля 9 жніўня расейскія прапагандысты наўпрост удзельнічаюць у стварэньні прадуктаў беларускай афіцыйнай прапаганды. Дык у гэтым зьніжэньні прарасейскіх настрояў на 11 адсоткавых пунктаў — колькі прыпадае на ролю мэдыя ці на рэакцыю на іх?

— Роля мэдыя — гэта і ёсьць рэакцыя на іх. Геапалітычныя арыентацыі сфармаваныя пераважна ўзьдзеяньнем мэдыя. Для Беларусі гэта асабліва справядліва. У любой нацыі геапалітычная арыентацыя адначасна і даволі ўстойлівая, рыгідная, і адносна гнуткая.

— Сацыёляг Андрэй Елісееў адзначае, што ў 2019 годзе падзеньне падтрымкі саюзу з РФ можна было патлумачыць якраз мэдыйнай кампаніяй беларускіх афіцыйных СМІ, іх крытыкай Расеі. Але варта прыгадаць, што ўвесь 2020 год, да жнівеньскіх выбараў, антырасейская рыторыка дзяржаўных беларускіх СМІ была яшчэ больш агрэсіўная, чым летась, Лукашэнка фактычна правёў кампанію на іміджы абаронцы беларускага сувэрэнітэту ад расейскай пагрозы.

У 2019 годзе гэта прывяло да падзеньня падтрымкі саюзу з Расеяй да 40%. Сёлета падобная ж прапагандысцкая кампанія прывяла да росту гэтай падтрымкі да 50% у верасьні. Адкуль узяўся гэты прырост?

— У немцаў ці палякаў геапалітычныя прыярытэты больш устойлівыя, у беларусаў больш зьменлівыя. Бо менш сфармаваная ідэнтычнасьць.

Што да вашага пытаньня пра параўнаньне 2019 і 2020 гадоў. Галоўны мэсыдж прапаганды ў 2019 годзе быў эканамічны, які паступова пераходзіў у палітычны — Расея ня хоча нам даваць прэфэрэнцыі, прапануе кепскія цэны, а ўзамен патрабуе кавалкі нашага сувэрэнітэту. І гэта спрацавала на зьніжэньне прарасейскіх настрояў.

Але ў 2020 годзе прыйшла пандэмія каранавірусу, і людзі ўбачылі розную рэакцыю на яе ўладаў Беларусі і Расеі. У Расеі было больш інфармацыі пра хваробу, паводзіны Пуціна адносна пандэміі былі больш падобныя да таго, як паводзілі сябе ўлады заходніх краінаў. Узровень даверу да інфармацыі, якая паступала ад беларускіх уладаў наконт хваробы, быў надзвычай нізкі, паводле гэтага ўзроўню Беларусь была на 50 месцы з 58 краінаў сьвету. Гэта паўплывала на падвышэньне падтрымкі саюзу з Расеяй.

Сама выбарчая кампанія, якая суправаджалася антырасейскай рыторыкай афіцыйных мэдыя, спрацавала на рост сымпатыяў да Расеі. Важным момантам было зьяўленьне кандыдата Віктара Бабарыкі, які быў вельмі папулярны і які ў пэўным сэнсе асацыяваўся з Расеяй. Затрыманьне «вагнэраўцаў» таксама было ўспрынятае насельніцтвам адмоўна. Гэта ўсё працавала на рост прыхільнасьці да саюзу з Расеяй.

Ну, а пасьля 9 жніўня адбылося тое, што адбылося. Крэмль падтрымаў Лукашэнку, Пуцін павіншаваў яго зь перамогай. Потым быў шэраг мэдыйных мэсыджаў з боку Масквы ў падтрымку Лукашэнкі.

— Там ня ўсё абмяжоўвалася мэдыйнымі мэсыджамі. Напрыканцы жніўня Пуцін абвясьціў пра стварэньне рэзэрвы зь сілавікоў, якую меркавалася ўвесьці ў Беларусь у выпадку абвастрэньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі. Многія ў Беларусі зразумелі, што наступным крокам можа быць прыход у Беларусь расейца са стрэльбай.

— Так, і гэта, і шматлікія заявы, і 1,5 мільярда даляраў крэдыту. На фоне таго абурэньня, якое было ў беларусаў пасьля выбараў, гэтыя крокі спрацавалі на паніжэньне падтрымкі саюзу з Расеяй. Гэта адбылося з пэўным часавым лагам — не адразу пасьля выбараў. Гэта натуральна, грамадзкая думка звычайна рэагуе з пэўным спазьненьнем.

Тое, што гэта адбудзецца, прадказвалі многія экспэрты і ў Беларусі, і ў Расеі. Можна было меркаваць, што падзеньне прарасейскіх настрояў будзе яшчэ больш глыбокім, а рост праэўрапейскіх — больш значным, бо краіны Эўропы выказалі сваю пазыцыю ў падтрымку пратэстаў у Беларусі салідарна і рэзка.

Але гэтага не адбылося. Як, дарэчы, не адбылося і абвалу паказьніка самаадчуваньня эканамічнага дабрабыту.

— Пасьля выбараў 9 жніўня Расея магла сябе паводзіць па-рознаму. Магла паставіцца нэўтральна, магла нават падтрымаць пратэсты. Але яна зрабіла іншы выбар. Як вы патлумачылі, падзеньне прарасейскіх настрояў было рэакцыяй на гэты выбар. Але цяперашняя палітыка Масквы — гэта працяг таго выбару, зробленага яшчэ ў жніўні, у першыя дні пасьля выбараў у Беларусі. Гэты працяг расейскай палітыкі — ці выкліча ён далейшае падзеньне прарасейскіх настрояў у Беларусі, ці будзе гэтая крыўда беларусаў на Расею пашырацца?

— Я б не сказаў, што расейская пазыцыя не мяняецца. Пуцін, які на наступны дзень пасьля выбараў павіншаваў Лукашэнку зь перамогай, і цяперашні Пуцін — гэта розны Пуцін. Цяпер яго пазыцыя адлюстроўвае пэўныя рэфлексіі. Ня тое каб у яго стаў роўнааддалены падыход да Лукашэнкі і пратэстаў, але некаторыя рэвэрансы ў бок пратэсту ўжо зробленыя. І гэта можа паўплываць на геапалітычныя прыярытэты.

— Ці можна нешта сказаць пра палітычныя ўстаноўкі групаў з розным геапалітычным выбарам? Тыя 33% беларусаў, якія ў лістападзе былі за эўрапейскі выбар — яны ўсе ці пераважнай часткай за пратэст і супраць Лукашэнкі? А тыя 40%, якія за саюз з РФ — якая сярод іх доля апанэнтаў улады? Крэмль у беларускім палітычным канфлікце падтрымаў Лукашэнку. Чаму частка тых, хто супраць Лукашэнкі, так бы мовіць, даруе гэта Крамлю, чаму яны ўсё роўна за Расею? І дарэчы, а якія палітычныя густы прыкладна чвэрці рэспандэнтаў, якія ўхіліліся ад пэўнага адказу на пытаньне пра геапалітычны выбар?

— Няма стоадсоткавай залежнасьці паміж стаўленьнем да Лукашэнкі і да пратэсту, з аднаго боку, і геапалітычным выбарам — з другога. Напачатку наагул не было геапалітычнай кампанэнты ў матывацыі пратэстоўцаў.

Пытаньне пра геапалітычны выбар задавалася пратэстоўцам падчас дасьледаваньняў, але не фіксавалася матывацыя: мы супраць Лукашэнкі, таму што мы супраць Расеі. Яна можа і зьявіцца, але гэта будзе залежаць ад паводзінаў Расеі.

Што тычыцца сувязі геапалітычнага выбару з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі, то летась фіксавалася зьніжэньне прарасейскіх настрояў пераважна ў моладзі. У апошнім апытаньні мы назіралі гэта ў групах больш сталага ўзросту.

У рэгіянальным аспэкце найбольшы рост праэўрапейскіх настрояў мы зафіксавалі ў Менску. І менавіта ў сталіцы адбыўся найбольш істотны абвал прарасейскіх настрояў. Дзе найбольшы ўзровень гвалту, брутальнасьці — там найбольшы рост праэўрапейскіх настрояў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG