Пра тое, што ўласьніку галерэі «Ў» і рэклямнага агенцтва Vondel/Hepta Аляксандру Васілевічу працягнулі знаходжаньне пад вартай яшчэ на месяц, паведаміла яго жонка Надзея Зелянкова.
Аляксандра Васілевіча затрымалі 27 жніўня супрацоўнікі ДФР КДК, з тых часоў ён знаходзіцца пад вартай. Перад гэтым у ягонай кватэры і ў офісах былі праведзеныя ператрусы.
10 кастрычніка ён стаў адным з удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.
Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў».
4 верасьня Аляксандру Васілевічу і ягонай жонцы Надзеі Зелянковай прад'явілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Васілевіч знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 Менску. Надзея Зелянкова на волі.
У чым абвінавачваюць сужэнцаў, афіцыйна невядома, іх адвакатка Алена Дзеніс дала падпіску аб неразгалошваньні.
У жніўні Васілевіча ўжо затрымлівалі ў КДБ, куды ён прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня Віктару Бабарыку. Суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў яго тады на 14 сутак.