Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі тысяч пэнсіянэраў выйшлі на «Марш мудрасьці» ў Менску, сілавікі заблякавалі ім шлях на праспэкце. ФОТА і ВІДЭА


Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада
Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада

Каля трох тысяч людзей сталага веку восьмы раз сабраліся ў цэнтры Менску на марш пратэсту супраць гвалту і беззаконьня. Маршрут плянавалі ранейшы — ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа, але ўдзельнікам маршу не далі яго прайсьці да канца.

Пасьля таго як людзі прамінулі Кастрычніцкую плошчу, спачатку ля вуліцы Янкі Купалы, а потым ля Опэры АМАП блякаваў і расьсякаў калёну пэнсіянэраў. Тады людзі пайшлі вуліцамі Янкі Купалы, Багдановіча, Аляізы Пашкевіч, Чычэрына.

Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада/
Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада/

Сілавікі прынцыпова не пускалі людзей на праспэкт Незалежнасьці. Сьведкі бачылі затрыманьні трох чалавек. Жанчыны скардзіліся, што сілавікі ў чорным штурхалі іх на асфальт.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома, што сярод затрыманых — 58-гадовы Алег Гжыбоўскі, 72-гадовая Валянціна Няхай, 72-гадовая Клаўдзія Раманенкава, спадарыня Ніжнікава.

16.20. Некаторыя ўдзельнікі маршу ўсё ж дабраліся да плошчы Якуба Коласа. Уезд на праспэкт Незалежнасьці ў раёне плошчы Якуба Коласа перакрыты, паведамляе @onlinerby.

16.00 Сілавікі заціснулі людзей ў раёне Опэрнага тэатру, не давалі ім сабрацца ў калёну і рушыць. Большасьць людзей пад ціскам АМАПу разышлася, некаторыя яшчэ гуляюць прылеглымі вуліцамі і набярэжнай Сьвіслачы.

15.50. Большасьць удзельнікаў маршу разышлася пад ціскам сілавікоў, чалавек 200 рухаюцца вуліцай Чычэрына ў кірунку праспэкту Незалежнасьці. За імі едуць мінібусы і аўтазак.

Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада.
Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада.

15.42. Пасьля невялікай сутычкі з АМАПам пэнсіянэры пайшлі далей вуліцай Аляізы Пашкевіч. Як паведамляе Tut.by, аднаго з удзельнікаў маршу пэнсіянэраў зь вялікім сьцягам схапілі на плошчы Перамогі, «зацягнулі ў бус». Але жанчын, якія яго баранілі, затрымліваць ня сталі.

Адна з частак калёны пэнсіянэраў
Адна з частак калёны пэнсіянэраў

15.40. Некалькі соцень чалавек адразу за Опэрным тэатрам павярнулі на вуліцу Аляізы Пашкевіч, ідуць у кірунку Міністэрства абароны. Сілавікі пабеглі перакрываць ім дарогу. Па дарозе людзі крычалі вайсковым, якія ім трапляліся, чаму яны не бароняць людзей.

15.35. Некалькі соцень чалавек прадоўжылі марш вуліцай Багдановіча. Ім сыгналяць машыны. АМАП у бусах і аўтазак едуць за імі.

15.30. Частка людзей пайшла да помніка Багдановічу, частка разышлася. Жанчыны расказваюць, што сілавікі ў чорным штурхалі іх на асфальт і яны падалі.

15.25. Частка людзей спынілася на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру, яны водзяць карагод і пяюць.

Плякат у падтрымку зьняволеных журналістаў
Плякат у падтрымку зьняволеных журналістаў

15.20. Адзінай калёны пэнсіянэраў фактычна няма, частка людзей стаіць на ходніках вуліцы Янкі Купалы, частка ў сквэрах. Некаторыя разыходзяцца, напалоханыя сілавікамі. Аўтазак і 7 аўтобусаў з сілавікамі стаяць уздоўж вуліцы.

Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада
Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада

15.10. Галава калёны дайшла амаль да Опэрнага тэатру, хвост яшчэ на праспэкце. Сілавікі не даюць пэнсіянэрам вярнуцца на праспэкт Незалежнасьці.

15.00. Марш рухаецца вуліцай Янкі Купалы. Сілавікі перакрылі праспэкт Незалежнасьці і ходнікі. Каля цырку яны перакрылі дарогу аўтобусамі. Калі пэнсіянэры пачалі пераходзіць дарогу, пачалася штурханіна паміж імі і сілавікамі.

Людзі крычаць міліцыянтам «Забойцы!», «Як вы можаце!», «Пайшоў вон, ты і твой амон!»

14.55. Сілавікі перакрылі ходнікі праспэкту Незалежнасьці ля скрыжаваньня з вуліцай Янкі Купалы. Людзі гукаюць ім: «Пайшоў вон, ты і твой амон!» Людзі павярнулі на вуліцу Янкі Купалы.

14.55 Шмат сілавікоў суправаджаюць марш пэнсіянэраў.

14.50. Марш на Кастрычніцкай плошчы. Ля Палацу культуры прафсаюзаў людзі выгукаюць: «Свабоду прафсаюзам!»

Марш пэнсіянэраў у Менску 23 лістапада.
Марш пэнсіянэраў у Менску 23 лістапада.

14.42. ДАІ перакрыла праспэкт Незалежнасьці каля Кастрычніцкай плошчы.

14.40. Атмасфэра на маршы пэнсіянэраў эмацыйная, людзі шмат скандуюць.

14.26. Слухачы @euroradio паведамілі пра затрыманьне на праспэкце Незалежнасьці, насупраць будынку КДБ.

Плякат на маршы пэнсіянэраў.
Плякат на маршы пэнсіянэраў.

14.20. Людзі далучаюцца да маршу. У калёне ўжо каля тысячы чалавек.

14.16. Пэнсіянэры спыніліся ля будынку КДБ і крычаць у вокны: «Я выходжу!», «Рома — наш герой», «Трыбунал!»

14.10. Калёна павольна рухаецца, каля будынку КДБ людзі гукаюць: «Трыбунал!», «Свабоду палітвязьням!», «Забойцы!»

Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада
Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 23 лістапада

14.05. Сабраліся некалькі соцень пэнсіянэраў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і парасонамі, а таксама плякатамі.

Калёна рушыла праспэктам Незалежнасьці, людзі скандуюць «Фашысты!» мікрааўтобусам, якія іх суправаджаюць уздоўж праспэкту. Сілавікі не замінаюць руху.

13.55. Уезд на плошчу Незалежнасьці перакрыты з боку вуліцы Бабруйскай.

13.50. Аўтазакі накіраваліся на плошчу Незалежнасьці.

13.45. Менскае мэтро зачыніла выхады з станцыі на плошчы Незалежнасьці, дзе зьбіраюцца пэнсіянэры.

На ўваход і выхад зачынены другі вэстыбюль станцыі мэтро «Плошча Леніна» (уваход з боку плошчы Незалежнасьці). Пра гэта паведаміў менскі мэтрапалітэн. Цягнікі спыняюцца на гэтай станцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG